Зніклі назаўжды? Як Палессе губляла і вяртала рэдкія віды
Зніклі назаўжды? Як Палессе губляла і вяртала рэдкія віды
Згодна з навуковымі ацэнкамі, каля мільёна відаў флоры і фаўны на зямлі зараз знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Мы назіраем вялікі крызіс біяразнастайнасці – дарэчы, не першы ў гісторыі нашай планеты. Адметным яго робіць тое, што гэтым разам адказнасць амаль цалкам ляжыць на чалавеку. Рэдкія віды знікнуць назаўсёды – ці ў іх усё ж ёсць шанец зрабіць крок назад ад мяжы знікнення? Цяжка сказаць напэўна. Але некаторыя адметныя прыклады з Палесся даюць нагоду для асцярожнага аптымізму.
Жахлівая катастрофа як шанец для дзікай прыроды
Аварыю на Чарнобыльскай АЭС, што адбылася ў 1986 годзе, часта называюць самай страшнай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Яе ўплыў на здароўе і дабрабыт людзей, эканоміку і навакольнае асяроддзе дагэтуль вельмі моцны. Вялікая тэрыторыя вакол эпіцэнтра аварыі, што некалі мела вялікую шчыльнасць насельніцтва і развітую сельскую гаспадарку, абязлюдзела з-за радыеактыўнага забруджвання. Дзікая прырода скарысталася шанцам і адразу пачала адваёўваць тэрыторыі, пакінутыя чалавекам.
Сярод відаў, якім паспрыяла гэтая сітуацыя, – вялікі арлец, птушка, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення ва ўсім свеце. Да аварыі лічылася, што від цалкам знік з тэрыторыі сённяшняй зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Гэтым птушкам для гнездавання і палявання патрэбны непарушаныя водна-балотныя ўгоддзі. Від церпіць ад дэградацыі месцаў пражывання і турбавання чалавекам. Пасля таго, як у зоне адчужэння пачалося некіраванае аднаўленне экасістэм, а былыя сельскагаспадарчыя ўгоддзі саступілі месца лясам і балотам, вялікія арляцы пачалі рэкаланізаваць гэтую тэрыторыю. Зараз яна – адзінае месца ў свеце, дзе колькасць гэтых рэдкіх птушак расце.

Чарнобыльская зона адчужэння – дом для яшчэ аднаго глабальна пагражальнага віду – каня Пржавальскага. Яго папуляцыя заняпала ў 1940-1950-х гадах і лічылася зніклай з дзікай прыроды ў 1960-х – від захоўваўся толькі ў няволі, у заапарках розных краін. Аднак у выніку паспяховых спроб размнажэння ў няволі колькасць коней Пржавальскага вырасла і частку з іх вырашылі вярнуць у натуральнае асяроддзе. У 1998 годзе 31 конь быў завезены ў зону адчужэння на Палессі. За 20 год мясцовая папуляцыя вырасла да 150 асобін. Індыкатары генетычнай разнастайнасці паказваюць, што гэтая папуляцыя коней Пржавальскага мае добрыя перспектывы далейшага росту.

Зніклі ці стаіліся да пары?
Яшчэ ў мінулым стагоддзі еўрепейская норка была шырока распаўсюджана на Палессі і ва ўсёй Еўропе, а зараз яе днём са свечкай не знайсці. А ўсё таму, што ў 30-я гады ў Еўропу завезлі некалькі тысяч амерыканскіх норак для футравай прамысловасці. Меркавалася, што іх будуць разводзіць на пушных фермах. Але нешта пайшло не па плане, і некаторыя “чужынцы” апынуліся ў дзікай прыродзе. Абарыгенны від не змог супрацьстаяць больш моцным і агрэсіўным прадстаўнікам інвазіўнага віду. Еўрапейскай норка знікла з большасці сваіх колішніх месцаў пражывання і папоўніла спіс крытычна пагражальных відаў. Яе не бачылі на Палессі больш за 20 год, і некаторыя спецыялісты лічаць, што еўрапейскай норкі больш няма ў гэтых краях.
У 2021 годзе палявыя біёлагі за нашага праекта зрабілі спробу знайсці еўрапейскую норку на Палессі. Яны ўсталявалі 25 фотапастак уздоўж рэк і меліярацыйных каналаў у аддаленых куточках Альманскіх балот. На жаль, ніводнага здымка еўрапейскай норкі атрымаць не ўдалося, аднак гэта не абавязкова значыць, што від знік з гэтай мясцовасці. Наступная гісторыя паказвае: калі гаворка і дзе пра біяразнастайнасць, магчымыя неспадзяванкі.

Палессе – дом для дванаццаці (як мінімум) відаў кажаноў, у тым ліку сапраўднай рэдкасці – гіганцкай вячэрніцы, самага вялікага кажана Еўропы. Від рэдкі, а яго арэал фрагментаваны і самы малы па плошчы сярод рукакрылых у Еўропе, а на Палессі ён лічыўся зніклым. У 1930 годзе самец гіганцкай вячэрніцы быў застрэлены: гэта было апошняе вядомае назіранне віду ў рэгіёне да 2015 года. Аднак жа праз 85 год дзве самкі гіганцкай вячэрніцы ў стане лактацыі былі адлоўлены падчас уліку рукакрылых на беларускім Палессі. Стала відавочна: гэтыя рэдкія кажаны размнажаюцца тут! У 2017 годзе гіганцкую вячэрніцу назіралі зноў, а пазней від таксама ідэнтыфікававлі падчас акустычнага маніторынгу ў межах нашага праекта.

Гіганцкая вячэрніца – від-індыкатар натуральнага стану стараўзроставых лясоў. Скарачэнне папуляцыі ў Еўропе звязана з недахопам адпаведных месцаў пражывання – старых лясоў з вялікай колькасцю дупілстых дрэў на невялікай тэрыторыі, што забяспечвае функцыянаванне калоніі кажаноў. У больш як палове выпадкаў гіганцкія вячэрніцы жывуць менавіта на мёртвых дрэвах. Гэта паказвае, наколькі важнае значэнне мае захаванне непарушаных стараўзроставых лясоў для захавання біяразнастайнасці.
Гісторыі, якія мы расказалі, паказваюць, што часта мы маем шанец супрацьстаяць трывожнай тэндэнцыі і адвесці рэдкія віды ад мяжы знікнення. І няхай памяць пра віды, што зніклі назаўсёды, пабуджае нас працаваць дзеля таго, каб спіс такіх відаў павялічваўся як мага павольней.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Антрапагенныя фактары абмяжоўваюць рассяленне ваўкоў на Палессі: новае даследаванне
Антрапагенныя фактары абмяжоўваюць рассяленне ваўкоў на Палессі: новае даследаванне
Захаванне шэрага ваўка (Canis lupus) у Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі мае поспех: колькасць віду расце, шэрыя драпежнікі зноў з’яўляюцца на тэрыторыях, дзе яны калісьці былі цалкам знішчаны. Тым часам палеская папуляцыя ваўка мала вывучана, хоць мае вялікую прыродаахоўную значнасць. Новае даследаванне, праведзенае пры падтрымцы нашага праекта, стала адной з першых спроб запоўніць гэты прабел і прааналізаваць прыдатнасць месцаў пражывання для ваўкоў на Палессі з улікам як прыродных, так і – у большай ступені – антрапагенных фактараў.
Паводле афіцыйных ацэнак, ваўкі насяляюць усё Палессе і іх колькасць – найвышэйшая сярод буйных драпежнікаў рэгіёна. Але на рэгулярнай аснове від рэгіструецца толькі на некаторых ахоўных прыродных тэрыторыях, а ўвогуле шчыльнасць, размеркаванне і міграцыі ваўкоў у гэтым вялікім рэгіёне дагэтуль сістэмна не даследаваліся. Між тым гэтая інфармацыя вельмі важная для разумення стану віду ў Еўропе ў цэлым: палеская папуляцыя ваўка мае вялікую прыродаахоўную значнасць, бо звязвае ваўчыную папуляцыю ў Расіі з польскай і балтыйскай.
Шэры воўк ніколі не знікаў з Палесся. Да сярэдзіны 20-га стагоддзя ён быў шырока распаўсюджаны ў Беларусі і Украіне. Аднак пасля Другой сусветнай вайны яго прызналі шкодным відам, што пагражаў гаспадарцы і бяспецы людзей. Наступства – неабмежаванае паляванне і пераздабыча ваўка. Разам з фаргментацыяй і дэградацыяй месцаў пражывання, выкліканых антрапагенным уплывам, гэта прывяло да моцнага скарачэння папуляцыі. Паляванне на гэтых драпежнікаў дагэтуль дазволена круглы год і ў беларускай, і ва ўкраінскай частках Палесся. Аднак, нягледзячы на гэта, ваўкі не зніклі зусім – яны знаходзяць прытулак у лясных гушчарах і непраходных балотах.

Аўтары даследавання мелі на мэце ацаніць уплыў антрапагенных фактараў на прыдатнасць месцаў пражывання для ваўкоў і выявіць, колькі на Палессі тэрыторый, прыдатных для гэтага віду. Яны сабралі факты прысутнасці ваўка, задакументаваныя з 2014 па 2021 год з некалькіх крыніц: тэлеметрычныя даныя, здымкі фотапастак, генетычны аналіз экскрэментаў жывёл, фатаздымкі з прывязкай да мясцовасці і іншыя пацверджаныя сведчанні. Каб вызначыць патэнцыйна прыдатныя тэрыторыі, спецыялісты ўзялі набор ключавых пераменных, што характарызуюць ландшафт (тып наглебавага покрыва, дрэўнае покрыва, а таксама вегетацыйны індэкс NDVI). Штучнае святло ўначы, доля сельскагаспадарчых угоддзяў і шчыльнасць дарог былі выбраны як найбольш рэлевантныя пераменныя, што адлюстроўваюць антрапагенны ўплыў. Звесткі пра прысутнасць ваўка з прывязкай да мясцовасці сумясцілі з характарыстыкамі ландшафту і пасля прааналізавалі ў сетцы з разрозненнем у адзін кіламетр.
Аналіз даных паказаў, што квадраты, дзе зафіксавана прысутнасць ваўкоў, істотна адрозніваюцца ад тых, дзе такая фіксацыя адсутнічае. Звяры аддаюць перавагу тэрыторыям з нізкімі паказчыкамі штучнага святла ўначы. Даследчыкі адзначаюць, што гэтая характарыстыка адлюстроўвае фактычную прысутнасць людзей лепш, чым звесткі перапісу ці індэкс шчыльнасці насельніцтва. Доля сельскагаспадарчых угоддзяў і шчыльнасць дарожнай сеткі таксама ніжэйшыя там, дзе прысутнічае воўк. У той жа час паказчыкі дрэўнага покрыва і вегетацыйнага індэксу NDVI станоўча суадносяцца з колькасцю рэгістрацый ваўка. Да таго ж шэрых драпежнікаў часцей назіралі ў мясцовасцях, дзе лясы і балоты выступаюць дамінантнымі тыпамі наглебавага покрыва. Гэт можна патлумачыць дастатковай колькасцю здабычы і нізкім узроўнем чалавечай прысутнасці. Такім чынам, даследаванне пацвярджае: ваўкі пазбягаюць тэрыторый са сталай прысутнасцю чалавека.

Прапанаваная мадэль паказала, што 26% тэрыторыі Палесся (прыблізна 42 000 км2) падыходзяць для пражывання ваўка, з іх больш як 14 300 км2 характарызуюцца як у высокай ступені прыдатныя. Астатняя частка рэгіёна не адпавядае патрэбам віду. Пры гэтым нават прыдатныя месцы пражывання толькі часткова занятыя ваўкамі.
Згодна з даследаваннем, ключавыя зоны для захавання ваўка на Палессі – Белавежская пушча, зона адчужэння Чарнобыльскай АЭС з суседнім Драўлянскім прыродным запаведнікам і цэнтральная частка Палесся (рэспубліканскі заказнік “Альманскія балоты”, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, рэспубліканскі заказнік “Сярэдняя Прыпяць” і Ровенскі прыродны запаведнік). Ад 37% да 77% іх плошчаў прыдатныя для пражывання ваўка. Таксама вучоныя вызначылі важныя для віду тэрыторыі, якія зараз не маюць ахоўнага статусу. Некаторыя з іх ізаляваныя, але ўсё ж дасяжныя для ваўка.

Аўтары даследавання тлумачаць, што некаторыя тэрыторыі, прыдатныя для пражывання ваўка, недастаткова добра звязаны паміж сабой. Таму вельмі важна не дапускаць іх далейшай фрагментацыі. Даныя даследавання дапамагаюць вызначаць тэрыторыі, якія маглі б быць узятыя пад ахову дзеля ўзмацнення экалагічнай звязанасці. Такім чынам, вучоныя заклалі аснову для далейшага пашырэння сеткі ахоўных тэрыторый, а таксама для эфектыўнага доўгатэрміновага маніторынгу ваўка і мерапрыемстваў па захаванні віду ў Беларусі і Украіне.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Паміж Палессем і Замбіяй: самка арляца з Палесся выбрала незвычайнае месца зімоўкі ў Афрыцы
Паміж Палессем і Замбіяй: самка арляца з Палесся выбрала незвычайнае месца зімоўкі ў Афрыцы
Вялікія арляцы з Палесся вось-вось пачнуць восеньскую міграцыю на поўдзень. Іх месцы зімоўкі знаходзяцца ў Еўропе, Азіі і Афрыцы: гэтыя птушкі праводзяць халодны сезон на Балканскім паўвостраве, у Ізраілі, Паўднёвым Судане і нават Паўднёвай Афрыцы! Дзякуючы GPS-трэкінгу мы не толькі маем магчымасць выяўляць заканамернасці міграцыі птушак, важныя для іх вывучэння і захавання, але таксама даведваемся пра незвычайныя рэчы, якія здзіўляюць нават дасведчаных навукоўцаў. Пра адну такую цікавостку расказаў арнітолаг Валерый Дамброўскі.
Самка арляца з Палесся Ляда кожны год зімуе ў Замбіі на невялічкім кавалачку зямлі плошчай усяго каля 3 квадратных кіламетраў. Гэта вельмі мала нават для вялікага арляца, а наша самка – гібрыд паміж вялікім і малым арляцамі. Для малых арляцоў тыпова мець на зімоўцы некалькі харчовых пляцовак на значнай адлегласці адна ад другой, што стварае велізарныя зімовачныя арэалы ў некалькі дзясяткаў тысяч кіламетраў.

У вялікіх арляцоў зімовыя пляцоўкі значна меншыя, але яны таксама звычайна вымяраюцца дзесяткамі ці нават сотнямі квадратных кіламетраў. То бок Ляда – выключэнне з правілаў. Яе штодзённыя перасоўванні паміж дзвюма часткамі лесу складаюць усяго 2 кіламетры. Каб зразумець, што дазваляе птушцы існаваць доўгі час у такіх сціплых умовах, спатрэбілася добра паглыбіцца ў інтэрнет. На шчасце, выявілася, што гэтыя мясціны ў Замбіі добра вядомыя сярод знаўцаў прыроды. Менавіта тут знаходзіцца нацыянальны парк “Касанка”, створаны для аховы мясцовай біяразнастайнасці. Сярод прадстаўнікоў мясцовай фауны – шэраг відаў лясных антылоп, блакітная малпа, каля 400 відаў птушак. Аднак неўзабаве высветлілася, што на тэрыторыі парку штогод адбываецца адно з найвялікшых відовішчаў дзікай прыроды Афрыкі, якое збірае мноства турыстаў са ўсяго свету.
З сярэдзіны кастрычніка да канца снежня ў Касанку прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў (Eidolon helvum). Усе яны для адпачынку выбіраюць невялікі па плошчы (усяго каля 2 га) багністы лес. У гэты час тут утвараецца найвялікшая канцэнтрацыя млекакормячых у свеце. Пальмавыя крыланы – даволі буйныя прадстаўнікі атраду Рукакрылых. Маса дарослай асобіны дасягае 350 г, размах крылаў – больш за 70 см. Падчас адпачынку крыланы шчыльнымі шэрагамі садзяцца на галіны дрэў, якія гнуцца і нават ломяцца пад цяжарам жывёл.

Не дзіўна, што велізарная колькасць крыланаў прываблівае мноства драпежнікаў, якія амаль цалкам пераходзяць на харчваванне гэтай лёгкадаступнай ежай. Паласавацца крыланамі прылятаюць афрыканскія ястрабіныяды баявыя арлы, сокалы-кабцы, каршуны і шмат іншых. Акрамя таго, тут ёсць кракадзілы, змеі ды нільскія вараны, якія пільна сочаць ці не зваліцца каторы крылан-недарэка на зямлю.
А што ж наша Ляда? Ці мае яна дачыненне да гэтай прыроднай феерыі? Высветлілася, што мае! Менавіта ў крыланавы лес яна і лётае кожны дзень цягам амаль ўсёй зімоўкі. Наша птушка прылятае ў Замбію напрыканцы кастрычніка, акурат у час прыбыцця рукакрылых. Няма сумневу, што яна, як і шмат іншых мясцовых драпежнікаў, жыве за кошт гэтай дзіўнай і не да канца зразумелай прыроднай з’явы – масавай канцэнтрацыі крыланаў у адным месцы.

Хто б мог падумаць! Ляда жыве побач з намі на Сярэдняй Прыпяці, нічым не вызначаецца сярод дзясяткаў іншых суродзічаў, яе суседзяў. Але адначасова яна – тое звяно, што звязвае нас з найцікавейшымі падзеямі ў іншай частцы свету. А колькі яшчэ таямніц хаваюць іншыя нашы “звычайныя” арляцы? Можна толькі здагадвацца і спадзявацца на новыыя адкрыцці.
На фота ўверсе старонкі - Ляда падчас зімоўкі ў Замбіі. Фота Brett Lewis.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Птушыныя прыгоды і драмы: гісторыя, якую расказалі фотапастка і GPS-трэкер
Птушыныя прыгоды і драмы: гісторыя, якую расказалі фотапастка і GPS-трэкер
Высокатэхналагічнае абсталяванне дапамагае нам атрымліваць каштоўную інфармацыю пра вялікіх арляцоў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. З дапамогай фотапастак мы даведваемся пра асаблівасці іх паводзін, харчавання і размнажэння, а GPS-трэкеры дазваляюць выяўляць важныя заканамернасці міграцыі птушак. Арнітолаг Валерый Дамброўскі даследуе вялікіх арляцоў вось ужо не адзін дзясятак гадоў. Ён ведае, як сістэматызаваць факты, лічбы, графікі і тректорыі… Аднак, як па-сапраўднаму праніклівы вучоны, ён умее бачыць за ўсёй гэтай інфармацыяй цэлыя гісторыі. І вось адна з іх.
Самец вялікага арляца Дзімон быў адлоўлены і пазначаны GPS-перадатчыкам 9 ліпеня 2020 года на ўсходнім ускрайку Альманскіх балот каля свайго гнязда. Ён нічым не адрозніваўся ад іншых самцоў, спраўна шукаў здабычу і пад восень здолеў выгадаваць добрае птушаня.

Нешта незвычайнае пачало адбывацца наступнай вясной, калі ён прыляцеў з выраю (дарэчы, зімаваў ён на мяжы Судану, Эфіёпіі і Паўднёвага Судану). Вярнуўшыся, Дзімон напаткаў сваю самку ў кампаніі чужога самца. Разам тыя ўжо паспелі падмацаваць галінкамі старое гняздо і рабілі апошнюю высцілку свежай зелянінай, каб было мякчэй наседжваць яйкі.

Нічога дзіўнага ў такіх паводзінах самкі не было. Яна ж ніколі не ведае напэўна, ці вернецца леташні партнёр,таму прымае заляцанні ад кожнага, каму спадабалася. Звычайна пасля вяртання былога гаспадара чужынец знікае без следу. Спачатку здавалася, што так адбылося і гэтым разам: Дзімон больш за два тыдні наведваў гняздо разам з самкай, а чужынец кудысьці нібыта знік. Але гэта доўжылася толькі пару тыдняў.

27 красавіка Дзімон адляцеў на самы ўскраек свайго паляўнічага ўчастка і праседзеў на адным месцы тры дні запар. На жаль, фотапастка ў гэтыя дні не працавала і не вядома што адбывалася на гняздзе. Але разгубленасць Дзімона заўважалася па яго паводзінах. Ён нібыта не ведаў, што рабіць далей. Праз тры дні, троху ачуняўшы, ён узняўся ў паветра і назаўсёды пакінуў гэтыя мясціны, самку, гняздо і будучае птушаня. Дзімон пачаў вандраваць. Спачатку накіраваўся на поўнач на багатыя на палёвак раллі Тураўшчыны. Добра падсілкаваўшыся, ён праз тыдзень рушыў на ўсход уздоўж Прыпяці, дабраўся да Петрыкава, нават далей на ўсход. Потым праз Вубарць і Альманскія балоты зрабіў паўкруг і патрапіў на Ясельду, што ўжо на Піншчыне. 16 траўня нечакана пераляцеў напрамкі у горад Пінск і застаўся там больш чым на месяц. Нешта лавіў па-за гародамі на ўскрайку поймы Піны. Напрыканцы чэрвеня Дзімон ізноў змяніў дыслакацыю, падаўшыся ў ваколіцы вёскі Глушкавічы, што на мяжы з Украінай, і там сустрэў пачатак восеньскай міграцыі.

Што ж адбывалася тым часам з яго самкай і гняздом? У гняздзе ізноў панаваў той самы вясновы чужынец. Ён усё лета гадаваў самку і птушаня, якое ў жніўні паспяхова вылецела з гнязда. Чаму ж Дзімон кінуў сваё роднае гняздо? Дакладна невядома. Ці то ён атрымаў паразу ў бойцы з маладзейшым і спрытнейшым самцом, ці то неяк даведаўся, што будзе гадаваць чужое птушаня. Думкі арляцоў назаўсёды застануцца таямніцай.
Увесну 2022 Дзімон вельмі спазніўся – прыляцеў у Беларусь толькі 19 красавіка. Гэта адна з самых позніх дат вяртання арляцоў у нашу краіну. Ён адразу накіраваўся на старое гняздо. Мо на нешта спадзяваўся? Пабыўшы ля гнязда каля 20 хвілін, ён накіраваўся ў цэнтр Альманскіх балотаў. Відавочна, дома яго ўжо ніхто не чакаў. Выглядае так, што на працягу наступнага месяца Дзімон спрабаваў неяк зачапіцца ў новых мясцінах. Але не атрымалася, балота было шчыльна заселена іншымі парамі. Паступова Дзімона выціснулі на поўдзень, ва Украіну, дзе шчыльнасць арляцоў не такая вялікая. Большасць летняга часу ён правёў у наваколлі ўкраінскай вёскі Старае Сяло. 25 ліпеня ён чамусці адляцеў 77 км на паўднёвы ўсход, на Жытоміршчыну, дзе праз тры дні загінуў. Што з ім здарылася, дакладна не вядома. Украінскія даследчыкі знайшлі толькі перадатчык і рэшткі тэфлонавых рамянёў. Так скончыліся двухгадовыя бадзянні Дзімона, які напрыканцы жыцця так і не здолеў знайсці сабе новы прытулак.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Праз аб’ектыў фотапасткі: таемнае жыццё рэдкіх птушак як на далоні!
Праз аб’ектыў фотапасткі: таемнае жыццё рэдкіх птушак як на далоні!
Сядзець гадзінамі ў хмызняках ці на балоце, няспынна ўглядаючыся ў падзорную трубу ці бінокль – яшчэ пятнаццаць-дваццаць гадоў таму толькі так можна было назапасіць нешматлікія назіранні за вялікімі арляцамі падчас гнездавання. За гэтымі скрытнымі птушкамі складана назіраць, асабліва падчас гнездавога перыяду, калі яны надзвычай адчувальныя да прысутнасці чалавека. Аднак зараз фотапастка, усталяваная непасрэдна побач з гняздом, дае нам магчымасць паназіраць за сямейным жыццём вялікіх арляцоў і выявіць шмат важных і цікавых фактаў пра іх. Запрашаем і вас зірнуць, як выглядае гнездаванне пары вялікіх арляцоў праз аб’ектыў фотапасткі!
У 2021 годзе самка вялікага арляца незвычайнай светлай афарбоўкі вярнулася на сваё гняздо 2 красавіка. Гэтая птушка вельмі адметная: вялікія арляцы светлай морфы рэдка сустракаюцца ў еўрапейскай частцы арэалу. Менавіта гэтая птушка стала першай у сваім родзе, зарэгістраванай у Беларускім Палессі. Ці ўспадкуе птушаня яе светлую афарбоўку? Прадказаць гэта мы не можам, час пакажа.
Самец вялікага арляца – з кольцамі на нагах і GPS-перадатчыкам на спіне – з’явіўся на два дні пазней за самку, 4 красавіка.


Вялікія арляцы часта будуюць свае гнёзды на разгалінаванні дрэва, высока над зямлёй. Такім чынам іх жытло добра схавана сярод густой лістоты. Звычайна адна і тая ж пара выкарыстоўвае адно і тое ж гняздо некалькі сезонаў запар. Адразу па вяртанні дадому птушкі пачалі старанна ўдасканальваць і рамантаваць сваё жытло. Яны насілі свежыя галінкі і надбудоўвалі гняздо больш як два тыдні. Параўнайце, як яно выглядала да і пасля “рамонту”!


У канцы красавіка самка вялікага арляца падоўгу сядзіць на гняздзе: яна рыхтуецца адкласці яйкі. Звычайна ў кладцы вялікага арляца ад аднаго да трох яек, найчасцей – два. Самка адкладвае іх не адначасова, а з перапынкам. І вось – мы назіраем першае яйка ў гняздзе 30 красавіка. 4 траўня на здымках ужо відаць, што яек два.


Цяпер пачынаецца наседжванне яек. Яно доўжыцца, як правіла, ад 40 да 44 дзён. Раней вучоныя меркавалі, што толькі самка ўвесь час наседжвае кладку. Але здымкі нашай фотапасткі паказваюць, што птушкі застаюцца на гняздзе па чарзе. Самка сядзіць на яйках большую частку часу, але самец дае ёй магчымасць папаляваць і размяць крылы. У пачатку траўня яшчэ холадна – толькі 5-10 градусаў цяпла. На здымку відаць, як самка растапырвае пер’е, каб сагрэцца самой і сагрэць яйкі.


Самец корміць самку, пакуль тая сядзіць на кладцы. Звесткі пра склад харчавання вялікіх арляцоў вельмі важныя для вывучэння і захавання гэтага рэдкага віду. І фотапастка дае нам магчымасць паназіраць, што ядуць птушкі. Гэтым разам здабыча – палёўка! Дробныя грызуны – звычайная ежа вялікіх арляцоў.

У пачатку чэрвеня нашы вялікія арляцы чакаюць самую захапляльную падзею гнездавога сезона – іх птушаняты вось-вось вылупяцца. У самкі моцныя лапы з вострымі кіпцюрамі, якімі яна лёгка разрывае здабычу на часткі. Але зірніце, як далікатна яна трымае яйка!

І вось доўгачаканы момант: першае птушаня вылупляецца 8 чэрвеня, праз 5 тыдняў пасля пачатку інкубацыі! Бацькі “святкуюць” буйной здабычай: гэтым разам гэта заяц. Пакуль самка занятая ежай, мы добра бачым птушаня – яму адзін дзень! 12 чэрвеня другое птушаня вызваляецца з яйка. Але ці выжыве яно? У вялікіх арляцоў часта здараюцца выпадкі каінізму: малодшае птушаня гіне на працягу першых тыдняў свайго жыцця, і яго смерць прамым ці ўскосным чынам звязана са старэйшым, звычайна больш моцным і актыўным.


Ва ўзросце каля двух тыдняў птушаняты вялікіх арляцоў ужо даволі актыўныя, яны распасціраюць свае крылы і спрабуюць поўзаць. Дарослым птушкам даводзіцца пільна сачыць за малымі, каб тыя не выпалі з гнязда.
Тым часам самец старанна палюе, каб забяспечыць ежай сябе, самку і птушанят. Фотапастка зафіксавала сярод іх здабычы, напрыклад, качаня і грызуноў. Самка гадуе птушанят па чарзе, разрываючы здабычу на дробныя кавалачкі. Старэйшае птушаня большае па памеры, мацнейшае і больш настойлівае. Але дарослыя птушкі надаюць аднолькавую ўвагу абодвум. Здаецца, у малодшага таксама ёсць добры шанец выжыць!
Старэйшаму птушаняці ўжо амаль тры тыдні. Першыя пёркі відаць з-пад пуху, што пакрывае яго цела. Цікава, што бацькі ўжо пачалі ненадоўга пакідаць птушанят адных у гняздзе. Малыя хутка растуць і патрабуюць усё больш ежы. Гэтым разам самец здабыў ласіцу.


Як паказваюць здымкі, харчаванне вялікіх арляцоў даволі разнастайнае. На фота ніжэй самка як быццам няўхвальна пазірае на птушанят, якія адвярнуліся ад рыбы. А на наступны дзень мы бачым, як птушаня спрабуе самастойна есці палёўку, пакуль бацькоў няма ў гняздзе!


Падчас гадавання птушанят вялікія арляцы ўвесь час паднаўляюць гняздо свежымі зялёнымі галінкамі дубу, вольхі і бярозы. Такім чынам птушкі прыкрываюць рэшткі здабычы і памёт, падтрымліваючы чысціню ў гняздзе.


У пачатку ліпеня першаму птушаняці спаўняецца месяц. Другое толькі на некалькі дзён малодшае, але розніца заўважная – яны так хутка растуць! Абодва птушаняці па-ранейшаму атрымліваюць роўную колькасць ежы, бацькі аднолькава клапоцяцца пра іх, таму цалкам імаверна, што яны абодва выжывуць.


Да сярэдзіны ліпеня птушаняты выраслі ўжо дастаткова вялікімі і моцнымі, каб не мець патрэбы ў пастаяннай прысутнасці бацькоў. У гэты час арнітолагі замяняюць батарэі і карткі памяці ў фотапастках, а таксама кальцуюць птушанят. Паглядзіце – у аднаго з іх добра відаць новенькае кольца на лапе! Птушаняты часта хлопаюць крыламі, трэніруючы іх для першага палёту. Але самка дагэтуль нястомна клапоціцца пра іх. Камера зафіксавала, як яна прыкрывае іх сваімі крыламі ад яркага сонца і спёкі.


Часцей за ўсё вялікія арляцы палююць на дробных сысуноў. Але большую частку біямасы, якую яны спажываюць, складаюць птушкі. Часам нават буйныя птушкі! Косткі, ідэнтыфікаваныя на гэтых здымках з фотапасткі, належалі чаплі.


У пачатку гнездавога сезона мы гадалі: будуць новыя птушаняты светлай морфы, як іх маці, альбо звычайнага для свайго віду цёмнага колеру? У другой палове лета ўжо добра відаць, што ім у спадчыну дасталася цёмная морфа самца. Аднак жа вядомыя і выпадкі, калі ў адным вывадку вялікіх арляцоў былі птушаняты розный афарбоўкі!

У сярэдзіне жніўня наша гісторыя завяршаецца: злёткі пакінулі гняздо! Апошні раз арнітолагі назіралі іх у пачатку верасня, калі маладыя птушкі ўжо звычайна становяцца самастойнымі. Гэта адметная гісторыя: двое птушанят выжылі і выраслі! Мы спадзяёмся, што з імі па-ранейшаму ўсё добра і аднойчы мы даведаемся больш пра іх дзякуючы кольцам.
Далучайцеся да нас у Твітары – там вы знойдзеце больш інфармацыі пра дзікую прыроду Палесся, а таксама цікавыя здымкі з нашых фотапастак!
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Голас дзікай прыроды
Голас дзікай прыроды
Пілотны праект на Палессі дапамагае даследаваць жывёльны свет з дапамогай аўдыязапісу. Гэта шматабяцальны новы інструмент для вывучэння біяразнастайнасці.
Тым, хто вядзе палявыя даследаванні на Палессі, патрэбныя вытрымка і цярпенне. Гэта край дзікай прыроды ў найвышэйшай ступені: пераважна балоцісты ландшафт, па плошчы роўны палове Германіі, цягнецца ад Польшчы праз Беларусь і Украіну да Расіі. Непарушаныя рэкі вольна плывуць праз мазаіку поймавых лясоў, балотаў, багнавых азёр і паплавоў, заліваючы ваколіцы на многія кіламетры падчас вясновай паводкі. Такія вялікія прыродныя комплексы ў іншых частках Еўропы ў большасці саступілі месца сельскагаспадарчым угоддзям. Вільготныя і топкія мясціны на Палессі цяжкапраходныя. Пакуль нашы калегі павольна брыдуць па балотах, шукаючы рэдкіх драпежных птушак, такіх як вялікі арлец, альбо усталёўваюць фотапасткі для вывучэння воўка ці рысі, раі камароў і іншых насякомых нязменна суправаджаюць іх.
Адна з найважнейшых задач нашай працы на Палессі – вызначыць тэрыторыі, якія патрабуюць аховы. Лепшае разуменне таго, дзе ёсць прабелы і якія месцы важныя для захавання відаў альбо біятопаў, дапамагае нам абгрунтоўваць пашырэнне існуючых альбо абвяшчэне новых ахоўных тэрыторый. Біяразнастайнасць і наяўнасць відаў, што знаходзяцца пад асабліва строгай аховай – найважнейшыя крытэрыі вызначэння такіх тэрыторый.
Аднак даследаванні папуляцый звычайна патрабуюць вельмі шмат часу. Акрамя таго, начныя жывёлы, такія як насякомыя альбо кажаны, якіх цяжка знайсці, часта застаюцца па-за ўвагай, хоць яны часта маюць высокі ахоўны статус. Вывучэнне дробных жывёл, такіх як кажаны, грызуны і насякомыя, традыцыйнымі метадамі патрабуе шмат часу, намаганняў, цярпення і фінансавых рэсурсаў. Таму на Палессі мы звярнуліся да новага перспектыўнага інструмента вывучэння біяразнастайнасці – акустычнага маніторынгу. Цяпер дзясяткі відаў фаўны можна ідэнтыфікаваць пры дапамозе гуказапісу.

Два гады маніторынгу
Падчас самага маштабнага на сёння сістэматычнага даследавання разнастайнасці відаў на украінскім і беларускім Палессі мы два гады запар вялі пасіўны акустычны маніторынг. Мы запісвалі кажаноў, птушак, дробных сысуноў, конікаў і нават некаторых буйных сысуноў на плошчы каля 50.000 квадратных кіламетраў. На гэтай тэрыторыі прылады для гуказапісу ўсталёўваліся ў 500 месцах – на чатыры дні і чатыры ночы ў кожным. Гукі прыроды запісваліся ўдзень і ўначы, у лясным гушчары і на балотных абшарах, у радыюсе 100 метраў вакол прылады.
“Шазам” для гукаў прыроды
У выніку даследавання мы зрабілі каля трох мільёнаў запісаў, якія ўтрымліваюць каля паўмільёна гукаў жывёл. Каб аддзяліць іх ад іншых прыродных шумоў і ідэнтыфікаваць “уручную”, спатрэбіліся б гады. Але нашы партнёры з Брытанскага траста па арніталогіі распрацавалі аўтаматычны гукавы класіфікатар. Падобна да вядомага мабільнага дадатку Shazam, здольнага вызначыць музычны твор па невялікім фрагменце, новы класіфікатар можа суадносіць гук з пэўным біялагічным відам. Машынны алгарытм аналізуе спектраграму – візуальны вобраз запісу, а потым шукае заканамернасці і выдае інфармацыю пра характарыстыкі запісанага гуку.
Такім чынам мы зараз можам аўтаматычны класіфікаваць больш як 50 відаў кажаноў, птушак, насякомых і дробных сысуноў, прычым некалькі з іх могуць быць запісаны адначасова. Каб пераканацца ў слушнасці вынікаў, спецыялісты правяраюць іх уручную і пры неабходнасці ўдасканальваюць алгарытм класіфікацыі.
Дадатковая перавага такога метаду – яго неінвазіўны характар. Жывёл не даводзіцца лавіць сеткамі, каб ідэнтыфікаваць уручную. У дадатак, акустычны маніторынг эканамічны і дазваляе запісваць розныя групы жывёл адначасова. Такім чынам, вялікі аб’ём дадзеных можна атрымаць за кароткі прамежак часу, у параўнанні з традыцыйнымі метадамі.

Галоўныя мэты акустычнага маніторынгу – сістэматычнае картаграфаванне відаў па ўсёй тэрыторыі Палесся, вызначэнне тэрыторый, асабліва важных для розных відаў, і тэрыторый высокай прыродаахоўнай каштоўнасці, ацэнка антрапагеннага ўздзеяння на біяразнастайнасць. Пералік вызначаных відаў таксама служыць для абгрунтавання прапаноў па пашырэнні ахоўных тэрыторый.
Элені Вендрас, каардынатар праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў”
Фота ўверсе: начны краявід поймы ракі Срыпіца на Палессі. Фота: Віктар Малышчыц.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Палессе, від са спадарожніка: інавацыйныя тэхналогіі для вывучэння ландшафту
Палессе, від са спадарожніка: інавацыйныя тэхналогіі для вывучэння ландшафту
Усебаковае даследаванне вялікага і разнастайнага ландшафту, такога як Палессе, - заўсёды сапраўдны выклік для вучоных. На шчасце, сёння ёсць сучасныя метады, якія дазваляюць скараціць працягласць палявых работ і значна павысіць эфектыўнасць працы даследчыкаў. Так, выкарыстанне спадарожнікавых дадзеных зрабіла магчымым стварэнне першай карты наглебавага покрыва для ўсяго Палесся, што ў сваю чаргу дазволіла картаграфаваць і прааналізаваць буйныя пажары ў рэгіёне за апошнія 19 год. З якімі падводнымі камянямі сутыкаюцца тыя, хто працуе са спадарожнікавымі дадзенымі? Што трэба ўлічваць, ствараючы падобныя карты для іншых рэгіёнаў? Дамо слова аднаму з аўтараў згаданых даследаванняў Адаму Эштану-Бату, вядучаму навуковаму супрацоўніку Брытанскага траста па арніталогіі.
— Спадарожнікавыя дадзеныя з адкрытых крыніц даюць надзвычай багата звестак пра прыродныя адметнасці ландшафту. Яны дазваляюць вывучаць вялікія тэрыторыі, прычым назіраючы іх у дынаміцы. Атрыманне такой інфармацыі непасрэдна шляхам палявых даследаванняў патрабавала б вельмі шмат часу і вялікіх фінансавых затрат. Разам з тым, працуючы са спадарожнікавымі дадзенымі, спецыялісты сутыкаюцца і з пэўнымі абмежаваннямі: так, напрыклад, не заўсёды лёгка зразумець, як інфармацыя, атрыманая са спадарожніка, суадносіцца з “рэальнымі” параметрамі вільготнасці, росту раслін, наглебавага покрыва і гэтак далей. Гэтыя ўзаемасувязі трэба ўлічваць і ацэньваць, іначай непазбежная вялікая колькасць памылак.

— Ваша нядаўняе даследаванне, што аналізуе заканамернасці прыродных пажараў на Палессі, яднае ў сабе традыцыйныя палявыя даследаванні і інавацыйны падыход, які патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў сістэматызацыі і аналізу вялікіх аб’ёмаў дадзеных. Якіх спецыялістаў вам давялося дадткова запрашаць у каманду, каб атрымаць жаданы вынік?
— У нас былі спецыялісты, якія апрацоўвалі і класіфікавалі спадарожнікавыя дадзеныя, ажыццяўлялі статыстычны аналіз звестак і займаліся мадэляваннем на іх аснове, аналізавалі характар пажараў. Супрацоўніцтва людзей з розным наборам спецыяльных ведаў вельмі важнае для якаснага і ўсебаковага даследавання.
— Ці лёгкая гэта задача – “перакласці” высновы спецыялістаў па аналізе дадзеных на “мову” прыродазнаўчай навукі?
— Так, гэта даволі лёгка. Насамрэч прыродазнаўчая навука і навука аб дадзеных цесна ўзаемазвязаны, таму мы добра разумелі адно аднаго падчас сумеснай працы.
— Такую навуковую працу для Палесся выконвалі ўпершыню. Ці сутыкнуліся вы ў працэсе з нейкімі цяжкасцямі праз асаблівасці самога ландшафту альбо дадзеных, звязаных з ім? Якія рашэнні дапамаглі пераадолець гэтыя цяжкасці?
— Адной з найвялікшых цяжкасцей стала атрыманне дакладных звестак пра наглебавае покрыва Палесся. Рэгіянальныя карты, што існавалі раней, адлюстроўвалі толькі невялікія тэрыторыі, часта яны не мелі лічбавай версіі альбо дорага каштавалі. Бясплатныя карты, што пакрываюць вялікія тэрыторыі (увесь еўрапейскі кантынент альбо нават усю планету) звычайна недакладныя альбо не адлюстроўваюць тыпы наглебавага покрыва, якія ў выпадку Палесся вельмі важна адрозніваць (напрыклад, розныя тыпы балот). Каб вырашыць гэтую задачу, мы стварылі сваю ўласную карту наглебавага покрыва. Для гэтага мы выкарысталі правераныя дадзеныя палявых даследаванняў ад нашых калег і на іх аснове распрацавалі алгарытм машыннага навучання для аналізу спадарожнікавых дадзеных.
— Ці вялікі аб’ём палявых звестак вы выкарысталі для гэтага даследавання? Як бы вы ацанілі дакладнасць канечнага выніку і ці задаволены вы ім?
— Мы выкарысталі характарыстыкі 2000 участкаў, правераных уручную на месцы. Дакладнасць карты мы ацэньваем прыблізна ў 80%. Вядома, заўжды добра павысіць дакладнасць, але ў цэлым гэта вельмі неблагі вынік, мы задаволены ім.

— Якім чынам метадалогію гэтага даследавання можна прымяніць да іншых рэгіёнаў альбо ландшафтаў? Якія асноўныя прынцыпы ў гэтым выпадку застануцца нязменнымі, а якія аспекты працы давядзецца мяняць альбо адаптаваць?
— Існуе сусветная база дадзеных па пажарах, таму патрэбныя звесткі можна атрымаць для любой тэрыторыі. Сапраўдным абмежаваннем можа стаць, як было і ў нашым выпадку, неадпаведная карта наглебавага покрыва. Такія карты часта даступныя для многіх рэгіёнаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, але значна радзей – для іншых частак свету.
— Ці ёсць нейкія агульныя рэкамендацыі адносна збору папярэдніх дадзеных на месцах для распрацоўкі карты наглебавага покрыва? Якія параметры і характарыстыкі ландшафту, акрамя прасторавага размеркавання розных тыпаў покрыва, трэба ўлічваць, каб максімальна дакладна ідэнтыфікаваць заканамернасці прыродных пажараў?
— Важна, каб участкі, дзе вяліся палявыя даследаванні, былі раўнамерна размеркаваны па плошчы рэгіёна, які вас цікавіць. Кліматычныя асаблівасці (тэмпература, вецер, ападкі) і тапаграфія – гэта толькі некаторыя важныя фактары, што вызначаюць характар пажараў. Антрапагенныя фактары, такія як наяўнасць населеных пунктаў, інтэнсіўнасць землекарыстання, адметнасці кіравання тэрыторыяй (інтэнсіўнасць выпасання жывёлы, сельскагаспадарчыя практыкі, меліярацыя) абавязкова трэба ўлічваць.
— Азіраючыся назад, ці можаце вы сказаць, што хацелі б зрабіць нейкія рэчы іначай?
— Было б здорава, калі б мы ад самага пачатку праекта паставілі сабе задачу стварыць карту наглебавага покрыва. Тады мы загадзя мелі б больш дадзеных для навучання машыннага алгарытму.
— Як вы бачыце перспектвы далейшага прымянення гэтага даследавання?
— Многія пытанні ўсё яшчэ чакаюць адказаў. Ці сапраўды адноўленыя балоты радзей гараць? Наколькі шмат часу трэба, каб яны назапасілі дастаткова вільгаці? Як усё гэта ўзаемазвязана з кліматычнымі зменамі? Здорава было б праверыць нашы гіпотэзы на практычных мерапрыемствах па аднаўленні экасістэм.
Фота ўверсе: наступствы прыроднага пажару на Альманскіх балотах. Здымак Івана Мураўёва.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Натуральны водны рэжым дапаможа Палессю быць устойлівым да разбуральных пажараў у экасістэмах
Новае даследаванне: натуральны водны рэжым дапаможа Палессю быць устойлівым да разбуральных пажараў у экасістэмах
Прыродныя пажары непрапарцыйна моцна шкодзяць тэрыторыям, што маюць вялікую прыродаахоўную каштоўнасць, але толькі пры ўмове нізкай вільготнасці – такая выснова новага даследавання, аўтары якога картаграфавалі і аналізавалі буйныя пажары, што адбываліся на Палессі на працягу дзевятнаццаці гадоў.
Пажары – прадмет вялікай занепакоенасці мясцовых уладаў и жыхароў Палесся: яны аказваюць моцны негатыўны ўплыў на эканоміку і здароўе людзей, а папярэджанне і тушэнне пажараў у спякотныя і засушлівыя перыяды – справа вельмі затратная. Але ёсць добрая навіна: эфектыўна супрацьстаяць пагрозе разбуральных пажараў дапамагаюць натуральныя, прыродаарыентаваныя рашэнні, якія да таго ж спрыяюць падтрыманню біяразнастайнасці і барацьбе з кліматычнымі зменамі. Аснова гэтых рашэнняў – захаванне і аднаўленне водна-балотных угоддзяў.
У гэтым даследаванні спадарожнікавыя дадзеныя, што знаходзяцца ў свабодным доступе, выкарыстоўваліся для вывучэння ўзроўню распаўсюджанасці буйных пажараў і фактараў, што спрыяюць іх узнікненню. Гэта дазволіла даследчыкам высветліць, ці сапраўды аднаўленне водна-балотных угоддзяў можа паменшыць імавернасць разбуральных пажараў на вялікіх плошчах.

Аўтары даследавання выявілі, што за азначаны перыяд – з 2001 па 2019 год – на Палессі адбылося пяць пажараў на плошчы больш як 100 квадратных кіламетраў (так званыя “мегапажары”). Асабліва часта Палессе гарэла ўвесну і ўвосень, а пачыналіся пажары пераважна ў сельскагаспадарчых угоддзях: вяскоўцы часта выпальваюць палеткі, каб вызваліць іх ад расліннасці перад пачаткам і пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ. Менавіта сезонныя палы часта становяцца прычынай пажараў на суседніх тарфяніках і паплавах, дзе агонь пагражае рэдкім відам раслін і жывёл, а таксама глабальна значным сховішчам вугляроду.
Самыя вялікія пажары палалі ў ліставых лясах, наносячы вялізную шкоду стараўзроставым дубровам і букавым лясам, якія знаходзяцца пад аховай. Яны асабліва адчувальныя да пашкоджання пажарамі і аднаўляюцца цяжэй за іншыя віды лясоў, больш устойлівыя да такой пагрозы. Агулам за даследаваны дзевятнаццацігадовы перыяд пажары рознага маштабу закранулі пятую частку асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Палесся. У той жа час гарэлі толькі 8% тэрыторый, што не знаходзяцца пад аховай. Адзін з буйных пажараў – плошчай 97 км2 – адбыўся ў Чарнобыльскай зоне адчужэння, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС захоўваецца найвышэйшы ўзровень радыеактыўнага забруджвання. Пажары, што адбываюцца ў гэтай частцы Палесся, могуць мець асабліва сур’ёзныя наступствы для здароўя людзей.

Вынікі даследавання сведчаць, што захаванне і аднаўленне натуральнага гідралагічнага рэжыму водна-балотных угоддзяў Палесся дапамагло б абмежаваць маштаб і інтэнсіўнасць разбуральных буйных пажараў, не ўласцівых натуральным экасістэмам. У той жа час перыядычныя пажары на невялікіх плошчах з’яўляюцца натуральным элементам існавання экасістэм і спрыяюць іх нармальнаму развіццю.
Па ўсёй Еўропе, і на Палессі ў тым ліку, доўгатэрміновая практыка меліярацыі і масавай лесанарыхтоўкі прывяла да фарміравання моцна зарослых, сухіх ландшафтаў з добрымі ўмовамі для ўзнікнення вялікіх пажараў. Даследаванне паказвае, што пажары на адкрытых тарфяніках, паплавах і ў ліставых лясах больш імаверныя ва ўмовах нізкай вільготнасці. І наадварот, пажары на добра ўвільготненых тарфяніках малаверагодныя. Захаванне і аднаўленне вялікіх па плошчы, некранутых і добра ўвільготненых тарфянікаў дапаможа натуральным чынам папярэдзіць узнікненне буйных, разбуральных пажараў, але пры гэтым створыць умовы для перыядычных пажараў нізкай інтэнсіўнасці. Гэта прынясе карысць экасістэмам, захавае натуральныя сховішчы вугляроду, пасадзейнічае барацьбе з кліматычнымі зменамі, дапаможа захаваць жыцці і здароўе людзей.
Крыніца інфармацыі: www.bto.org
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Вайна пад іх крыламі: вялікія арляцы вяртаюцца на Палессе
Вайна пад іх крыламі: вялікія арляцы вяртаюцца на Палессе
Доўжыцца вясновая міграцыя вялікіх арляцоў. Дваццаць працэнтаў еўрапейскай папуляцыі гэтых птушак гняздуюць на Палессі. Дзякуючы спадарожнікаваму сачэнню мы можам уважліва назіраць за іх пералётам. Зараз даследчыкі асабліва занепакоены міграцыяй вялікіх арляцоў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: па дарозе дадому птушкі перасякаюць Украіну, дзе працягваецца актыўная фаза ўзброенага канфлікту.
Вялікія арляцы вяртаюцца да сваіх гнёздаў на Палессі з Балканскага паўвострава, Ізраіля, Паўднёвага Судана, Замбіі і нават Паўднёвай Афрыкі. Штогод яны пралятаюць тысячы кіламетраў, каб дасягнуць месцаў гнездавання ці зімоўкі. Іх падарожжа штораз поўнае складанасцей і пагроз. Але зараз яны сутыкаюцца з яшчэ адным выпрабаваннем: баявыя дзеянні адбываюцца на іх міграцыйным шляху. Палескія вялікія арляцы ўпершыню сутыкнуліся з гэтым летась. Арнітолаг Валерый Дамброўскі, які не адно дзесяцігоддзе вывучае вялікіх арляцоў і ўважліва назірае за птушкамі, пазначанымі GPS-перадатчыкамі, падзяліўся з намі некаторымі са сваіх назіранняў.
“Па сярэдніх датах пачатку ці канца, па працягласці і іншых паказчыках вясновая міграцыя 2022 не вельмі адрознівалася ад іншых гадоў. Але мы мусілі больш пільна ўглядацца ў трэкі нашых арляцоў, бо ўсе іх шляхі да радзімы праходзяць праз Украіну, дзе вяліся актыўныя баявыя дзеянні. Асаблівая ўвага была да арляцоў з Чарнобыльскай зоны, што мусілі ляцець праз Кіеўшчыну. Першым з іх накіраваўся дадому самец Баравец. Ён ляцеў над Украінай традыцыйным шляхам праз Адэскую і Чаркаскую вобласці. Пад Кіеў ён трапіў 29 сакавіка, акурат калі расейскія вайскоўцы былі вымушаны адыходзіць. Баравец спыніўся на левым беразе Дняпра ў рэкрэацыйнай зоне, каб перачакаць дрэннае надвор’е: неба зацягнула хмарамі, пайшоў дробны халодны дождж. Наступны дзень ён таксама правёў у гэтым месцы. Здалёк чуліся выбухі, бо Кіеў яшчэ працягвалі абстрэльваць. Але ці здолее птушка адрозніць гукі артылерыі ад далёкай навальніцы? Бадай што не. Калі 31 сакавіка выбліснула сонейка, Баравец падаўся далей на поўнач.

Баравец няспешна праляцеў уздоўж усходніх ускраін Кіева і далей па-над берагам Кіеўскага вадасховішча. Імаверна, ён мог бачыць даўгія ланцугі вайсковай тэхнікі, што ў гэты момант пакідалі Кіеўскую вобласць, але наўрад ці яны дужа зацікавілі птушку. Новая хваля непагоды спыніла Бараўца ў вярхоўі вадасховішча ўсяго за 20 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. Гэтым разам прыпынак быў даўжэйшы – з 31 сакавіка да 3 красавіка ўключна. Месца было спакойнае. Выбухаў гармат ужо не было чуваць. Расейскія вайскоўцы за гэты час мусілі сысці з Чарнобыльскай зоны і з усіх астатніх напрамкаў вакол Кіева. Баравец харчаваўся балотнымі птушкамі ды жывёламі, што хаваліся ў прыбярэжным трыснягу, наведваўся таксама на палі ля бліжэйшай вёскі.

4 красавіка падзьмуў спадарожны вецер з поўдня, сагнаў хмары з неба, і Баравец праз 4 гадзіны ўжо дабраўся да роднага гнязда ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. На шчасце, верталёты, якія цягам апошняга месяца кожны дзень прасавалі паветра запаведніка, ўжо выправіліся адсюль следам за іншымі расейскімі войскамі. Таму Баравец мог спакойна займацца сямейнымі клопатамі. Дарэчы, ён паспяхова выгадаваў птушаня ў 2022 годзе.
Самка Элені патрапіла ва Ўкраіну значна пазней. 4 красавіка ўвечары яна засталася на начлег у Адэскай вобласці. Наступны дзень надвор’е зноў спрыяла міграцыі і Элені к вечару патрапіла ў заходнія наваколлі Кіева, дзе пераначавала ў пойме рэчкі Ірпень. Баявыя дзеянні тут спыніліся некалькі дзён таму. У паводзінах самкі не было нічога незвычайнага. Раніцай 6 красавіка яна спакойна рушыла далей. Яе шлях ляжаў праз сумна вядомыя мясціны – Ірпень, Буча, Гастомель, дзе яшчэ нядаўна адбываліся жудасныя падзеі. Вядома, птушцы няма справы да вар’яцтва людзей. На наступны дзень яна была ўжо на сваім гняздзе ў запаведніку непадалёк ад Бараўца. Яе гнездавы сезон склаўся не так удала, як у суседа. Птушаня Элені загінула па невядомай прычыне ў сярэдзіне лета.

Астатнія арляцы ляцелі ўвесну 2022 года значна заходней, дзе вайна адчувалася толькі выбухамі ў вялікіх гарадах. Малаверагодна, што яна закранула арляцоў. Усе яны паспяхова дабраліся да сваіх гнёздаў. Самым хуткім сярод іх, як і раней, быў Блонд, які прыляцеў на Альманскія балоты 17 сакавіка. Большасць птушак скончыла міграцыю троху пазней – у першай дэкадзе красавіка. Самым марудным выявіўся Вялута, які прыляцеў дадому аж 20 красавіка. Дарэчы, гата самая позняя дата вяртання беларускага вялікага арляца з выраю за 5 даследаваных вясновых сезонаў”.
Вайна ва Украіне дала арнітолагам не толькі шмат нагод для роздуму, але і матэрыял для навуковага даследавання. Мы чакаем, што будзе падрыхтавана навуковае даследаванне, прысвечанае ўплыву ваенных дзеянняў на адметнасці міграцыі вялікіх арляцоў. А пакуль што зычым птушкам бяспечнага палёту да іх гнёздаў: Палессе чакае іх.
Галоўнае фота: вялікі арлец у палёце. Здымак Дэніела Розенгрэна.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.
Дзесяцігоддзі без чалавека: аднаўленне дзікай прыроды ў Чарнобыльскай зоне спрыяе рэдкім відам птушак
Дзесяцігоддзі без чалавека: аднаўленне дзікай прыроды ў Чарнобыльскай зоне спрыяе рэдкім відам птушак
Даследаванне беларускіх і брытанскіх вучоных, апублікаванае ў пачатку 2022 года, падводзіць вынік доўгатэрміновага маніторынгу драпежных птушак у Чарнобыльскай зоне адчужэння. Назіранні, якія доўжыліся 22 гады, ішлі паралельна з пасіўным некантраляваным аднаўленнем тэрыторый, пакінутых чалавекам. Атрыманыя дадзеныя сведчаць на карысць аднаўлення экасістэм як эфектыўнага спосабу супрацьстаяння скарачэнню біяразнастайнасці.
Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе стала адной з самых страшных ядзерных катастроф у гісторыі. Гаворачы пра яе доўгатэрміновыя наступствы, часцей за ўсё маюць на ўвазе негатыўны ўплыў аварыі на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе, выкліканы моцным радыеактыўным забруджваннем. Аднак ёсць як мінімум яшчэ адзін доўгатэрміновы эфект гэтай трагічнай падзеі, які часта застаецца па-за ўвагай: аварыя паклала пачатак унікальнаму ў сваім родзе прыкладу аднаўлення дзікай прыроды на тэрыторыі, якая яшчэ нядаўна інтэнсіўна засвойвалася людзьмі. На тэрыторыі плошчай у 470 тысяч гектараў, якая была шчыльна заселена і інтэнсіўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы, чалавечая актыўнасць спынілася ў адзін момант. Жыхары былі пераселеныя, сельскагаспадарчыя ўгоддзі закінутыя, меліяратыўныя каналы заблакаваныя, каб папярэдзіць пажары і распаўсюджванне радыяцыі з вадой. Але адыход людзей зусім не азначаў, што жыццё ў гэтых мясцінах спынілася. Прырода скарыстала рэдкі шанец і пачала пакрысе адваёўваць тэрыторыі.

Больш за два дзесяцігоддзі вучоныя назіралі гэты працэс аднаўлення. Вынікі ўражваюць: з 1999 да 2017 года плошча водна-балотных угоддзяў у Чарнобыльскай зоне павялічылася на 680%, лясоў – на 14%. Зараз, праз больш як 30 год пасля аварыі, гэтая мясцовасць стала падобнай да амаль натуральных прыродных тэрыторый на поўначы Беларусі ці поўдні Украіны з тыповымі сезоннымі паводкамі і абшарамі балот.
Дзікая прырода наступае: хто выйграе, хто прайграе?
Вучоныя меркавалі, што вынікам кардынальнага скарачэння чалавечага ўздзеяння стане змена складу жывёльных супольнасцей. На працягу 22 гадоў – з 1998 да 2019 – беларускі арнітолаг Валерый Дамброўскі вёў маніторынг відавога складу, колькасці і месцаў пражывання драпежных птушак, што гняздуюць у Чарнобыльскай зоне адчужэння.
Даследаванне вялося на тэрыторыі плошчай у 147 квадратных кіламетраў, якая да аварыі актыўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы. За 22 гады назіранняў зарэгістравалі 13 відаў дзённых драпежнікаў, якія гнездавалі тут. За гэты час змяняўся і відавы склад птушак, і колькасць асобных відаў.
Так, выявілася, што за час даследавання вырасла колькасць вялікіх арляцоў, якія маюць статус глабальна пагражальнага віду: у 2019 годзе чатыры пары зафіксавана на даследаваным участку, а ўсяго ў беларускай частцы зоны адчужэння – як мінімум 13. На сёння Чарнобыльская зона – адзінае месца ў свеце, дзе колькасць гэтага віду расце. Важна адзначыць, што вялікі арлец прызнаны індыкатарам стану водна-балотных угоддзяў. Менавіта дэградацыя і страта такіх прыродных тэрыторый у свеце прывяла і прыводзіць да скарачэння папуляцыі гэтых птушак. Важна і тое, што вялікія арляцы вельмі адчувальныя да турбавання чалавекам: прысутнасць людзей дрэнна ўплывае на паспяховасць іх размнажэння. Даследаванне паказала, што павелічэнне плошчы водна-балотных угоддзяў разам з адсутнасцю антрапагеннага ўплыву паспрыяла росту колькасці гэтых рэдкіх птушак, то бок адноўленыя тэрыторыі дзікай прыроды могуць стаць выратавальнымі для гэтага віду.

Яшчэ адзін драпежнік, адчувальны да антрапагеннага ўздзеяння, – арлан-белахвост. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС гэтыя птушкі на тэрыторыі цяперашняй зоны адчужэння не размнажаліся і ўпершыню былі адзначаны ў 1992 годзе. Да 2010 года іх колькасць тут павялічылася да дваццаці пар. У адрозненне ад вялікага арляца, арлан-белахвост – аселы від, для яго крытычна важная наяўнасць дастатковай колькасці буйной здабычы ўзімку. І тут на першы план выходзіць яшчэ адзін аспект аднаўлення дзікай прыроды на гэтай тэрыторыі: у зоне адчужэння вырасла колькасць вышэйшых драпежнікаў – у прыватнасці, ваўкоў,– а таксама іх здабычы – ласёў і аленяў. Дзякуючы гэтаму арланы-белахвосты ў халодную пару года забяспечаны падаллю, што дазваляе ім выжываць.

Аўтары даследавання адзначаюць, што колькасць драпежных птушак, якія аддаюць перавагу сельскагаспадарчым угоддзям падчас палявання, наадварот, скарацілася. Так, за перыяд назіранняў у Чарнобыльскай зоне адчужэння значна ўпала колькасць такіх распаўсюджаных відаў як поплаўны лунь, малы арлец, асаед, канюх-мышалоў. Цікава, што ў пачатку назіранняў, якія, нагадаем, стартавалі ў 1998 годзе, колькасць гэтых птушак у Чарнобыльскай зоне была нашмат большай, чым у сярэднім па рэгіёне. Вучоныя мяркуюць, што хуткі рост папуляцый назіраўся ў першыя гады пасля аварыі: звыклыя кармавыя тэрыторыі птушак не паспелі моцна змяніцца, а адыход людзей і спыненне вытворчай актыўнасці дазволілі птушкам больш свабодна паляваць і выбіраць месцы для гнездавання. Аднак па меры паўторнага забалочвання адкрытых сухіх тэрыторый станавілася ўсё меней. Плошчы аптымальных паляўнічых угоддзяў для пералічаных птушак скараціліся, дадалася канкурэнцыя з буйнейшымі драпежнікамі – вялікім арляцом і арланам-белахвостам. Апошняя прычына, як мяркуюць арнітолагі, прывяла таксама да скарачэння колькасці арла-вужаеда.
Вучоныя заўважаюць: пасіўнае аднаўленне экасістэм і яго ўплыў на біяразнастайнасць – працэсы няхуткія. Даследаванне паказала, што некаторым відам спатрэбілася амаль дваццаць гадоў, каб стабілізаваць колькасць, а некаторыя віды – такія як вялікі і малы арляцы – дагэтуль знаходзяцца ў дынаміцы. Вялікі арлец пачаў каланізаваць Чарнобыльскую зону адчужэння толькі праз паўтара дзесяцігоддзя пасля таго, як тэрыторыю пакінулі людзі. Таму адэкватна ацаніць працэсы аднаўлення экасістэм і звязаныя з ім змены ў складзе і колькасці відаў можна толькі праз доўгатэрміновае назіраннне. Яго працягласць будзе вымярацца дзесяцігоддзямі. Аднак ужо цяпер відаць, што пасіўнае аднаўленне дзікай прыроды здольнае вярнуць нізінныя тэрыторыі Еўропы ў стан, блізкі да натуральнага – як з пункту гледжання экасістэм, так і ў плане біяразнастайнасці.
Галоўнае фота: від на рэактар Чарнобыльскай АЭС з пажарнай вышкі. Фота Элені Вендрас.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.