Лічбы маюць значэнне: упершыню вучоныя падлічылі шчыльнасць папуляцый рысі на Палессі

Лічбы маюць значэнне: упершыню вучоныя падлічылі шчыльнасць папуляцый рысі на Палессі

Еўразійская рысь (Lynx lynx) – адзін з ключавых відаў буйных драпежнікаў на Палессі. Нягледзячы на вялікую прыродаахоўную значнасць, палеская папуляцыя гэтага віду ўсё яшчэ слаба вывучана. Беспрэцэдэнтнае па маштабе даследаванне з выкарыстаннем фотапастак, праведзенае ў 2020-2021 гадах і падтрыманае нашым праектам, стала падставай для навукова абгрунатаванай ацэнкі шчыльнасці папуляцый рысі на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Палесся. Гэта закладвае аснову для далейшага даследавання статусу віду ў гэтым рэгіёне, а таксама яго эфектыўнай аховы як на мясцовым узроўні, так і ў міжнародным маштабе.

Еўразійская рысь шырока распаўсюджана на ўсім кантыненце, мае адносна стабільную колькасць і ахоўны статус у многіх краінах. І ўсё ж гэтаму драпежніку пагражаюць антрапагенныя фактары – у прыватнасці, фрагментацыя месцаў пражывання і нелегальнае паляванне. Таму неабходна дакладна ацаніць статус папуляцый ва ўсім арэале віду, каб скаардынаваць намаганні па яго захаванні і зрабіць іх максімальна эфектыўнымі. Зараз еўразіская рысь даследавана нераўнамерна. У многіх аўрапейскіх краінах вядзецца сістэматычны маніторынг папуляцый рысі з дапамогай агульнапрынятых навукова абгрунтаваных метадаў. У той жа час звесткі пра колькасць віду і шчыльнасць папуляцый у Беларусі і Украіне вельмі няпэўныя, нягледзячы на тое, што рысь знаходзіцца пад аховай у абедзвюх краінах.

І ў Беларусі, і ва Украіне ўлікам рысі займаліся пераважна паляўнічыя і спецыялісты лясной гаспадаркі, але ўсё ж гэтую работу нельга назваць ні сістэмнай, ні навукова абгрунтаванай. Часта мае месца падвойны падлік, які робіць ацэнкі колькасці і шчыльнасці віду неадпаведнымі рэчаіснасці. А недакладнасць падлікаў можа прывесці да неадэкватных і недастатковых мер па захаванні віду. Напрыклад, супольнасць паляўнічых у Беларусі лабіруе бінарны статус для рысі: гэта значыць, від па-ранейшаму застанецца ў Чырвонай кнізе, але пры гэтым на яго будзе дазволена паляванне. Прыхільнікі такога рашэння настойваюць на тым, што колькасць рысі за апошнія гады моцна павялічылася. Але навуковых пацвярджэнняў гэтаму няма.

Дакладна падлічыць колькасць і шчыльнасць еўразійскай рысі ў Беларусі і Украіне вельмі важна яшчэ і таму, што мясцовыя папуляцыі маюць вялікую прыродаахоўную значнасць у міжнародным маштабе – яны звязваюць іншыя папуляцыі віду ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Маштабнае даследаванне, праведзенае пры падтрымцы нашага праекта, стала першай спробай запоўніць гэты інфармацыйны прабел.

З кастрычніка 2020-га па сакавік 2021-га года даследаванне пры дапамозе фотапастак праводзілася ў Беларусі і Украіне на трох тэрыторыях, важных з пункту гледжання біяразнастайнасці – Нацыянальным парку “Сколеўскія Бяскіды” ва ўкраінскіх Карпатах, украінскай частцы Чарнобыльскай зоны адчужэння і трох звязаных ахоўных прыродных тэрыторыях у цэнтральнай частцы Прыпяцкага Палесся ў Беларусі. Дзве апошнія тэрыторыb знаходзяцца на Палессі, на іх назіранні пры дапамозе фотапастак вяліся на 65 і 50 лакацыях адпаведна.

Каб вызначыць шчыльнасць папуляцый, даследчыкі карысталіся правераным прасторавым метадам паўторнага адлову, які ўключае прасторавую інфармацыю, звязаную са знаходжаннем канкрэтных асобін, у папуляцыйныя мадэлі. Падлікі паказалі, што шчыльнасць еўразійскай рысі на даследаваных тэрыторыях вагаецца ад 0,45 да 1,54 асобін на 100 км2, прычым найвышэйшыя паказчыкі – у Чарнобыльскай зоне адчужэння. У цэлым паказчыкі блізкія да іншых папуляцый рысі ў Еўропе, дзе падлікі вяліся пры дапамозе аналагічных метадаў. Спецыялісты лічаць, што высокая шчыльнасць драпежнікаў у Чарнобыльскай зоне можа быць абумоўлена вялікай тэрыторыяй, дастатковай колькасцю здабычы і нізкім антрапагенным уздзеяннем, у той час як у цэнтральнай частцы беларускага Палесся папуляцыя сутыкаецца з горшай якасцю месцаў пражывання і меншай колькасцю здабычы, а таксама з высокай рызыкай смяротнасці праз браканьерства.

Еўразійская рысь на Палессі. Здымак з фотапасткі.

Праведзеная праца і атрыманыя вынікі прынцыпова новыя для Беларусі і Украіны. Яны ствараюць навуковую аснову для далейшага даследавання і захвання рысі ў рэгіёне. Гэта таксама важны ўклад у ацэнку статусу віду ў маштабе кантынента. Аўтары даследавання адзначаюць, што атрыманыя звесткі ў тым ліку важныя для будучай ацэнкі ўплыву негатыўных фактараў на папуляцыю рысі. Яны таксама мяркуюць, што асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі адыгрываюць важную ролю ў захаванні еўразійскай рысі. Нягледзячы на тое, што буйныя драпежнікі перасоўваюцца па вялікіх плошчах і часта выходзяць за межы заказнікаў і нацыянальных паркаў, гэтыя ахоўныя тэрыторыі служаць адосна бяспечным прытулкам для жывёл.

Даследчыкі падкрэсліваюць, што паслядоўны, навукова абгрунтаваны маніторынг еўразійскай рысі з выкарыстаннем аднолькавых метадаў па ўсім арэале надзвычай важны для разумення статусу віду і планавання скаардынаваных і эфектыўных мер па яго захаванні.

Palmero, S., Smith, A. F., Kudrenko, S., Gahbauer, M., Dachs, D., Weingarth-Dachs, K., Kashpei, I., Shamovich, D., Vyshnevskiy, D., Borsuk, O., Korepanova, K., Bashta, A.-T., Zhuravchak, R., Fenchuk, V., & Heurich, M.(2023). Shining a light on elusive lynx: Density estimation of three Eurasian lynx populations in Ukraine and Belarus.Ecology and Evolution, 13, e10688. https://doi.org/10.1002/ece3.10688 

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Skrypica river Belarus night 1 Viktar Malyshchyc

2023-ці: вынікі года і новыя планы для дзікай прыроды Палесся

2023-ці быў, несумненна, адным з самых складаных гадоў для аховы прыроды на Палессі. Доўжыцца вайна, якая прымусіла нас паставіць на паўзу многія мерапрыемствы і перагледзець нашы планы. Акрамя таго, многія прыродныя тэрыторыі ў рэгіёне зараз проста недасяжныя. І ўсё ж, азіраючыся назад, мы бачым, што нашы намаганні не былі марнымі – яны прыносяць свае плады, хоць і не заўжды адразу. Мы больш даведваемся пра прыроду Палесся, робім захады для яе лепшай аховы і маем вялікія планы на новы год!

Аднаўленне балот ва Украіне: усё бліжэй да рэальных дзеянняў!

2023 год пачаўся з вельмі добрых навін: мы пачалі рыхтавацца да аднаўлення некалькіх участкаў парушаных балот ва ўкраінскай частцы Палесся.

Хоць Україна па-ранейшаму знаходзіцца ў стане вайны, мы сумесна з партнёрамі арганізавалі сустрэчу на месцы, падчас якой адбыліся перамовы з зацікаўленымі асобамі і палявыя выезды. Аднаўленне балот зараз у цэнтры ўвагі ва Украіне – больш і больш людзей усведамляюць важнасць “здаровых” і функцыянальных балот. Спецыялісты ў галіне аховы прыроды адзначаюць іх вялізны ўклад у барацьбу з кліматычнымі зменамі і стратай біяразнастайнасці, у той час як мясцовыя жыхары на ўласныя вочы назіраюць наступствы асушальнай меліярацыі, якая шырока практыкавалася ва Украіне ў сярэдзіне 20-га стагоддзя: недахоп пітной вады, дэградацыя глебы, частыя засухі і небяспека прыродных пажараў.

Карыстаючыся момантам, спецыялісты з Фонду Майкла Зукава ацанілі мэтазгоднасць аднаўлення некалькіх балотных тэрыторый і абралі пяць участкаў на ўкраінскім Палессі для аднаўлення.

Карта праектнай тэрыторыі - перспектыўныя ўчасткі, што будуць аднаўляцца, выдзелены аранжавым.

Гэтыя ўчасткі знаходзяцца ў розных абласцях Украіны, і чакаецца, што вынікам нашай працы стане не толькі аднаўленне 20.000 га парушаных балот, але і стварэнне ў кожнай вобласці групы спецыялістаў, узброеных ведамі і вопытам у галіне аднаўлення балот, якія ў перспектыве змогуць пашыраць гэтую актыўнасць у сваім рэгіёне.

Лепшая ахова для тэрыторый, біятопаў і відаў

Пакуль мы засяроджваемся на аднаўленні прыродных ландшафтаў ва Украіне, прыносяць плады нашы намаганні па наданні ахоўнага статусу новым тэрыторыям у Беларусі. Праца над гэтым вялася яшчэ ў 2020-2021 гадах. Тут шмат вялікіх па плошчы добра захаваных і поўнафункцыянальных прыродных тэрыторый вялікай прыродаахоўнай каштоўнасці, але далёка не ўсе з іх маюць ахоўны статус – наадварот, яны дэградуюць пад уздзеяннем антрапагенных фактараў. Такія тэрыторыі найперш патрабуюць афіцыйнага ахоўнага статусу, які гарантуе абавязковыя, сістэматычныя і навукова абгрунтаваныя ахоўныя меры.

У 2023 годзе новы заказнік – “Пойма Львы” – быў абвешчаны на беларускай частцы Палесся. Гэта вынік некалькіх год планамернай працы: першапачаткова стварэнне заказніка лабіравалася нашым праектам у 2020-2021 гадах. Агульная плошча заказніка складае 2400 га. Гэта частка нацыянальнай экалагічнай сеткі і патэнцыйнага біясфернага рэзервата ЮНЕСКА. Новы заказнік займае частку вялікага лесабалотнага комплекса у пойме ракі Льва, якая з’яўляецца важным экалагічным калідорам і ключавой тэрыторыяй для рэдкіх відаў птушак – вялікага арляца і палявога луня. Палявыя даследаванні пацвердзілі, што на тэрыторыі заказніка сустракаюцца 588 відаў раслін і 181 від наземных пазваночных, у тым ліку 27 відаў птушак і 8 відаў сысуноў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Важна, што новая ахоўная тэрыторыя мяжуе з заказнікам “Альманскія балоты”, што ўзмацняе экалагічную звязанасць.

Меншыя па плошчы прыродныя тэрыторыі могуць быць узятыя пад ахову як асобныя месцы пражывання ці ўзрастання рэдкіх відаў, а таксама як каштоўныя біятопы, якія ў выпадку парушэння ніколі не змогуць быць адноўленыя ў сваім першапачатковым стане. У 2023 годзе 5000 га рэдкіх і тыповых біятопаў і месцаў пражывання і ўзрастання рэдкіх відаў былі ўзятыя пад ахову ў беларускай частцы Палесся. Яшчэ 13 месцаў гнездавання вялікага арляца зараз маюць ахоўны статус. Яшчэ ў 2021 годзе ў межах нашага праекта праведзены палявыя даследаванні, вызначаны тэрыторыі, што патрабуюць аховы, і адпаведныя дакументы накіраваны ў дзяржаўныя органы. У 2023 годзе нарэшце завяршыліся ўсе неабходныя працэдуры, звязаныя з гэтым.

Навука на баку пашырэння ахоўных тэрыторый і аднаўлення балот

Даследаванні дапамагаюць нам лепей зразумець працэсы, што адбываюцца ў палескім ландшафце, выявіць пагрозы для яго прыроды і знайсці найбольш адпаведныя падыходы і рашэнні. У 2023 годзе некалькі выйшла некалькі навуковых работ, заснаваных на палявых даследаваннях, што праводзіліся на Палессі ў папярэднія гады.

Тэрыторыя, пашкоджаная пажарам у 2019 годзе. Альманскія балоты, Палессе, Беларусь. Здымак Івана Мураўёва.

Прыродныя пажары – надзённая праблема для Палесся. Вялікія асушаныя тэрыторыі лёгка гараць, а самую вялікую небяспеку нясуць пажары на тарфяніках. Полымя пагражае бяспецы, здароўю і жыццю людзей, нясе шкоду эканоміцы. Шмат рэсурсаў траціцца на барацьбу з агнём у спякотныя і засушлівыя перыяды. З вялікай імавернасцю праблема стане яшчэ вастрэйшай па меры змянення клімату. Аўтары нядаўняга даследавання з рашай партнёрскай арганізацыі Брытанскага траста па арніталогіі картаграфавалі і прааналізавалі буйныя пажары, што адбываліся на Палессі на працягу 19 год. Упершыню даследчыкі вызначылі заканамернасці, прыродныя і антрапагенныя фактары ўзнікнення і распаўсюджвання пажараў у экасістэмах Палесся. На жаль, пажары непрапарцыянальна моцна закранаюць асабліва ахоўныя, міжнародна значныя тарфянікі і поймавыя лугі, а найбольш маштабныя пажары наносяць шкоду стараўзроставым лісцевым лясам. Аўтары даследавання перакананы: натуральны, эфектыўны і нізказатратны спосаб папярэдзіць гэтую праблему – аднаўленне асушаных водна-балотных угоддзяў, што дазволіць стварыць натуральныя бар’еры для разбуральных буйных пажараў.

Выкарыстаўшы агульнадаступныя спадарожнікавыя дадзеныя і праграмнае забеспячэнне з воблачных сховішчаў, аўтары даследавання распрацавалі ўзнаўляльную метадалогію, якую можна прымяніць да любой часткі свету і такім чынам зрабіць уклад у аднаўленне ландшафтаў і павышэнне эфектыўнасці прыродаахоўных мерапрыемстваў.

Воўк на Палессі. Здымак форапасткі.

Яшчэ адна нядаўняя публікацыя прысвечана палескай папуляцыі шэрага ваўка. Папуляцыя дагэтуль мала даследавана, хоць і мае вялікую прыродаахоўную значнасць як злучальнае звяно паміж вялікімі папуляцыямі віду ў Польшчы і краінах Балтыі, з аднаго боку, і ў Расійскай Федэрацыі, з другога боку. Аўтары прааналізавалі ўплыў антрапагенных фактараў на якасць месцаў пражывання ваўкоў на Палессі. Яны суаднеслі пацверджаныя факты прысутнасці ваўкоў з характарыстыкамі ландшафту і зрабілі выснову, што ваўкі пазбягаюць тэрыторый з перавагай сельскагаспадарчых угоддзяў, высокім індэксам штучнага святла ўначы і высокай шчыльнасцю дарог. Гэта значыць, што антрапагенныя фактары моцна ўплываюць на распаўсюджванне ваўкоў. Аўтары даследавання падлічылі: хоць 26% тэрыторыі Палесся ў высокай ступены прыдатныя для пражывання ваўкоў, не ўсе з гэтых тэрыторый занятыя жывёламі. Некаторыя якасныя ўчасткі ізаляваны адзін ад аднаго, і вельмі важна не дапусціць іх далейшай фрагментацыі. Наадварот, стварэнне новых ахоўных прыродных тэрыторый важнае для забеспячэння стабільных сувязей паміж найважнейшымі ахоўнымі тэрыторыямі для захавання віду.

Еўразійская рысь на Палессі. Здымак з фотапасткі.

Палеская папуляцыя еўразійскай рысі, як і папуляцыя шэрага ваўка, пакуль што застаецца слаба вывучанай. Рысь – ключавы драпежны від для ўсёй Еўропы, які моцна ўплывае на развіццё экасістэм. Папуляцыі рысі ў Беларусі і Украіне звязаны з папуляцыямі ў іншых частках Цэнтральнай Еўропы, таму разуменне іх статусу важнае для распрацоўкі агульнаеўрапейскіх мер па ахове віду.

Найбуйнейшыя па маштабах работы па фіксацыі рысі з дапамогай фотапастак, праведзеныя ў 2020-2021 гадах на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Палесся (уключаючы Чарнобыльскую зону адчужэння ва Украіне і прыродныя заказнікі Прыпяцкага Палесся ў Беларусі) сталі асновай для сістэматычнага навукова абгрунтаванага даследавання віду ў рэгіёне. Вынікам гэтай працы стала найбольш дасканалая на сённяшні дзень ацэнка шчыльнасці папуляцыі рысі ва Украіне і Беларусі. Аўтары даследавання адзначаюць, што віду пагражаюць браканьерства і фрагментацыя месцаў пражывання, выкліканая антрапагенным уплывам. Таму ахоўныя прыродныя тэрыторыі маюць вялікую значнасць для рысі. Аднак неабходныя далейшыя даследаванні для таго, каб зразумець іншыя аспекты статусу гэтага віду, такія як генетычная разнастайнасць папуляцыі альбо поўны спектр экалагічных і антрапагенных фактараў, што ўплываюць на рысь у гэтым рэгёне.

The Stokhid River in the Pripiat-Stokhid National Park in the Polesie area, Ukraine. Photo taken with a drone. © Daniel Rosengren

Усе дасягненні праекта ў 2023 годзе – гэта, з аднаго боку, працяг вялікай сістэмнай працы, пачатай некалькі год таму. З другога боку, усё гэта дазваляе лепей зразумець прыроду Палесся і зрабіць наступныя крокі па яе захаванні і аднаўленні больш прадуманымі і мэтанакіраванымі. Мы ўваходзім у новы год не бесклапотна, але з верай у нашу працу дзеля прыроды і людзей Палесся!

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Аднаўленне мэтазгоднае: пяць асушаных тэрыторый на украінскім Палессі будуць паўторна забалочаныя

Аднаўленне мэтазгоднае: пяць асушаных тэрыторый на ўкраінскім Палессі будуць паўторна забалочаныя

Сярод найбольш адметных накірункаў дзейнасці праекта ў 2023 годзе асаблівай увагі заслугоўвае падрыхтоўка да аднаўлення балот ва Украіне. Сумесна з партнёрамі мы вызначылі пяць парушаных тэрыторый ва ўкраінскай частцы Палесся, якія будуць адноўленыя. Усе яны падвяргаліся асушальнай меліярацыі, і запланаваныя мерапрыемствы будуць уключаць змены гідралагічнага рэжыму гэтых тэрыторый.

Украіна цяпер знаходзіцца ў стане вайны. Тым не менш пытанні навакольнага асяроддзя займаюць важнае месца ў парадку дня. “Здаровыя” водна-балотныя ўгоддзі ўкраінскага Палесся выключна важныя для ўсёй краіны. Іх водныя рэсурсы сілкуюць найбуйнейшыя рэкі, такія як Дняпро, што забяспечваюць пітной вадой мільёны людзей. Але наступствы інтэнсіўнага асушэння Палесся, што мела месца ў сярэдзіне 20-га стагоддзя, катастрафічныя. У той час як эксперты б’юць трывогу з-за скарачэння біяразнастайнасці, павелічэння выкідаў парніковых газаў і кліматычных змен, мясцовыя жыхары становяцца сведкамі дэградацыі і часта занядбання земляў, частых засух, недахопу чыстай пітной вады, крытычнага забруджвання паветра падчас прыродных пажараў. Таму ўсё больш і больш людзей выказваюцца за аднаўленне асушаных балот.

Карыстаючыся момантам, нашы партнёры з Фонда Мікаэля Зукава правялі ацэнку мэтазгоднасці аднаўлення некалькіх участкаў ва ўкраінскай частцы Палесся. Яны ўзялі пад увагу вялікую колькасць разнастайных аспектаў, уключаючы прасторавыя, экалагічныя і гідралагічныя характарыстыкі тэрыторый. Так, напрыклад, разглядалі месцазнаходжанне і плошчу участкаў, тыпы тарфянікаў, наяўнасць альбо адсутнасць меліяратыўных сістэм і іх сучасны стан, максімальныя гадавыя тэмпературы паверхні і частату прыродных пажараў, юрыдычны статус тэрыторый, аналіз зацікаўленых груп людзей, меркаваную складанасць рэалізацыі і кошты аднаўлення. У выніку спецыялісты вызначылі пяць тэрыторый (агульнай плошчай 20.000 га) з найлепшымі перспектывамі паспяховага аднаўлення.

Карта праектнай тэрыторыі - перспектыўныя ўчасткі, што будуць аднаўляцца, выдзелены аранжавым.

Усе абраныя участкі захавалі сістэмы асушальных каналаў. Аднак тэрыторыі маюць неаднолькавую ступень парушанасці, розныя прасторавыя і экалагічныя характарыстыкі, а таксама асаблівасці меліяратыўных сістэм. Таму кожная з гэтых тэрыторый патрабуе асаблівага падыходу і іншывідуальнага комплексу мер для паляпшэння яе стану.

Чарэмскае балота знаходзіцца ў Валынскай і Ровенскай абласцях. Хоць яно і было часткова парушана спробай меліярацыі ў пачатку 20-га стагоддзя, але зараз знаходзіцца ў даволі добрым функцыянальным стане і патрабуе толькі некаторых мер падтрымкі. Наша мэта – папярэдзіць далейшы сцёк вады з гэтай тэрыторыі, каб зрабіць яе больш устойлівай да кліматычных змен.

Балоты Соміна і Сырая Пагоня знаходзяцца непадалёк адно ад аднаго ў Ровенскай вобласці. У гісторыі балота Соміна ёсць вельмі цікавая старонка: у 1920-1930-я гады, калі дзяржаўная мяжа паміж польшчай і Савецкім Саюзам перасякала сучасныя тэрыторыі Украіны і Беларусі, на польскім баку была арганізавана вельмі своеасаблівая лінія абароны. Акрамя фартыфікацыйных збудаванняў і дотаў, яна ўключала палескія рэкі і балоты як натуральныя перашкоды. Балота Соміна было часткай гэтай палескай лініі абароны. Зараз яно мае патрэбу ў аднаўленні, бо парушана асушальнай меліярацыяй і здабычай бурштыну.

Балота Сырая Пагоня мяжуе з Альманскімі балотамі, што знаходзяцца на поўначы, па той бок украінска-беларускай мяжой. Разам яны ўтвараюць найбуйнейшы комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот у Еўропе. Сырая Пагоня мае характарыстыкі паўночных (таёжных) балот, што робіць гэтую прыродную тэрыторыю ўнікальнай для Украіны і Цэнтральнай Еўропы. Гэтая мясцоваць вызначаецца багатай біяразнастайнасцю і служыць важным месцам размнажэння для многіх відаў птушак, у тым ліку вялікага арляца, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення ва ўсім свеце. Тарфянік моцна пацярпеў ад асушэння і зараз тут часта адбываюцца прыродныя пажары.

Інфармацыйны стэнд на балоце Сырая Пагоня. Фота Вольгі Дзянішчык

Але на гідралагічны рэжым Палесся ў мінулым уплывала не толькі будаўніцтва асушальных каналаў. Многія рэкі былі трансфармаваны. У выніку паглыблення і спрамлення ракі Жалобніцы і будаўніцтва сеткі меліярацыйных каналаў у сярэдзіне 20-га стагоддзя пойму ракі “адваявалі” пад палеткі. Сёння гэтая зямля больш не прыдатная для сельскай гаспадаркі, а каналы закінутыя. Папярэдні аналіз паказаў, што для паспяховага аднаўлення гідралагічнага рэжыму на гэтай тэрыторыі можа спатрэбіцца не толькі блакіроўка каналаў, але і вяртанне рэчышча ракі да больш натуральнага стану.

Ячшэ адна адметная тэрыторыя для аднаўлення на Палессі – пойма ракі Уж, што знаходзіцца ў Кіеўскай вобласці, у паўднёвай частцы Чарнобыльскага радыяцыйна-экалагічнага біясфернага запаведніка. Да і пасля атамнай катастрофы тэрыторыя сённяшняга запаведніка была моцна асушана, у тым ліку каб папярэдзіць распаўсюджванне радыяцыі. Зараз гэтыя мясціны пакутуюць ад разбуральных пажараў: у 2020 годзе полымя ахапіла амаль 5% тэрыторыі запаведніка і спынілася непадалёк ад “чырвонай зоны”, дзе захоўваюцца радыеактыўныя адходы. Гэтыя пажары выклікалі надзвычайнае забруджванне паветра ў Кіеве. Таму аднаўленне балот вакол Чарнобыльскай АЭС мае выключнае значэнне. Аднак у выніку баявых дзеянняў значная частка гэтых тэрыторый застаецца замініраванай. Гэта на сёння самая вялікая перашкода да поўнамаштабнага аднаўлення балот у Чарнобыльскай зоне адчужэння. І ўсё ж было прынята рашэнне пачаць работы ў бяспечным месцы, каб іх можна было прадоўжыць, як толькі гэта стане бяспечна.

Важна, што ўсе тэрыторыі, абраныя для аднаўлення, знаходзяцца ў чатырох адміністратыўных абласцях Украіны, што ўключаюць у сябе тэрыторыі Палесся: Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай і Кіеўскай. Такім чынам, пасля аднаўлення прапанаваных участкаў у кожным рэгіёне будзе каманда спецыялістаў з практычным досведам аднаўлення балот, які ўключае выбар тэрыторый, узаемадзеянне з зацікаўленымі людзьмі на месцах, адміністратыўныя працэдуры, падрыхтоўку, маніторынг, будаўнічыя работы і ацэнку дасягнутых вынікаў. Яны змогуць у далейшым пашырыць дзейнасць па аднаўленні балот у сваіх рэгіёнах, кожны з якіх мае даволі вялікія тэрыторыі, што патрабуюць паўторнага забалочвання.

Вольга Дзянішчык, каардынатар навуковых праектаў у Фондзе Зукава:

“Мы плануем весці аднаўленнчыя работы як мага больш адкрыта, каб паказаць, як гэта працуе і якія выгоды прыносіць. Магчыма, мы распрацуем адпаведны алгарытм, бо многія прыродаахоўныя арганізацыя маюць вялікі інтарэс да гэтай тэмы, але, на жаль, ва Украіне мала такога практычнага досведу. Мы хочам даць станоўчы прыклад спецыялістам і жыхарам Украіны – гэта дазволіць у перспектыве рэалізоўваць праекты па аднаўленні балот у значна большым маштабе”.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Зніклі назаўжды? Як Палессе губляла і вяртала рэдкія віды

Зніклі назаўжды? Як Палессе губляла і вяртала рэдкія віды

Згодна з навуковымі ацэнкамі, каля мільёна відаў флоры і фаўны на зямлі зараз знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Мы назіраем вялікі крызіс біяразнастайнасці – дарэчы, не першы ў гісторыі нашай планеты. Адметным яго робіць тое, што гэтым разам адказнасць амаль цалкам ляжыць на чалавеку. Рэдкія віды знікнуць назаўсёды – ці ў іх усё ж ёсць шанец зрабіць крок назад ад мяжы знікнення? Цяжка сказаць напэўна. Але некаторыя адметныя прыклады з Палесся даюць нагоду для асцярожнага аптымізму.

Жахлівая катастрофа як шанец для дзікай прыроды

Аварыю на Чарнобыльскай АЭС, што адбылася ў 1986 годзе, часта называюць самай страшнай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Яе ўплыў на здароўе і дабрабыт людзей, эканоміку і навакольнае асяроддзе дагэтуль вельмі моцны. Вялікая тэрыторыя вакол эпіцэнтра аварыі, што некалі мела вялікую шчыльнасць насельніцтва і развітую сельскую гаспадарку, абязлюдзела з-за радыеактыўнага забруджвання. Дзікая прырода скарысталася шанцам і адразу пачала адваёўваць тэрыторыі, пакінутыя чалавекам.

Сярод відаў, якім паспрыяла гэтая сітуацыя, – вялікі арлец, птушка, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення ва ўсім свеце. Да аварыі лічылася, што від цалкам знік з тэрыторыі сённяшняй зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Гэтым птушкам для гнездавання і палявання патрэбны непарушаныя водна-балотныя ўгоддзі. Від церпіць ад дэградацыі месцаў пражывання і турбавання чалавекам. Пасля таго, як у зоне адчужэння пачалося некіраванае аднаўленне экасістэм, а былыя сельскагаспадарчыя ўгоддзі саступілі месца лясам і балотам, вялікія арляцы пачалі рэкаланізаваць гэтую тэрыторыю. Зараз яна –  адзінае месца ў свеце, дзе колькасць гэтых рэдкіх птушак расце.

Малады вялікі арлец. Фота: Адам Эштан-Бат.

Чарнобыльская зона адчужэння – дом для яшчэ аднаго глабальна пагражальнага віду – каня Пржавальскага. Яго папуляцыя заняпала ў 1940-1950-х гадах і лічылася зніклай з дзікай прыроды ў 1960-х – від захоўваўся толькі ў няволі, у заапарках розных краін. Аднак у выніку паспяховых спроб размнажэння ў няволі колькасць коней Пржавальскага вырасла і частку з іх вырашылі вярнуць у натуральнае асяроддзе. У 1998 годзе 31 конь быў завезены ў зону адчужэння на Палессі. За 20 год мясцовая папуляцыя вырасла да 150 асобін. Індыкатары генетычнай разнастайнасці паказваюць, што гэтая папуляцыя коней Пржавальскага мае добрыя перспектывы далейшага росту.

Коні Пржавальскага ў Чарнобыльскай зоне. Кадр з фотапасткі.

Зніклі ці стаіліся да пары?

Яшчэ ў мінулым стагоддзі еўрепейская норка была шырока распаўсюджана на Палессі і ва ўсёй Еўропе, а зараз яе днём са свечкай не знайсці. А ўсё таму, што ў 30-я гады ў Еўропу завезлі некалькі тысяч амерыканскіх норак для футравай прамысловасці. Меркавалася, што іх будуць разводзіць на пушных фермах. Але нешта пайшло не па плане, і некаторыя “чужынцы” апынуліся ў дзікай прыродзе. Абарыгенны від не змог супрацьстаяць больш моцным і агрэсіўным прадстаўнікам інвазіўнага віду. Еўрапейскай норка знікла з большасці сваіх колішніх месцаў пражывання і папоўніла спіс крытычна пагражальных відаў. Яе не бачылі на Палессі больш за 20 год, і некаторыя спецыялісты лічаць, што еўрапейскай норкі больш няма ў гэтых краях.

У 2021 годзе палявыя біёлагі за нашага праекта зрабілі спробу знайсці еўрапейскую норку на Палессі. Яны ўсталявалі 25 фотапастак уздоўж рэк і меліярацыйных каналаў у аддаленых куточках Альманскіх балот. На жаль, ніводнага здымка еўрапейскай норкі атрымаць не ўдалося, аднак гэта не абавязкова значыць, што від знік з гэтай мясцовасці. Наступная гісторыя паказвае: калі гаворка і дзе пра біяразнастайнасць, магчымыя неспадзяванкі.

Вучоныя падчас экспедыцыі ў пошуках еўрапейскай норкі. Лета 2021 года.

Палессе – дом для дванаццаці (як мінімум) відаў кажаноў, у тым ліку сапраўднай рэдкасці – гіганцкай вячэрніцы, самага вялікага кажана Еўропы. Від рэдкі, а яго арэал фрагментаваны і самы малы па плошчы сярод рукакрылых у Еўропе, а на Палессі ён лічыўся зніклым. У 1930 годзе самец гіганцкай вячэрніцы быў застрэлены: гэта было апошняе вядомае назіранне віду ў рэгіёне да 2015 года. Аднак жа праз 85 год дзве самкі гіганцкай вячэрніцы ў стане лактацыі былі адлоўлены падчас уліку рукакрылых на беларускім Палессі. Стала відавочна: гэтыя рэдкія кажаны размнажаюцца тут! У 2017 годзе гіганцкую вячэрніцу назіралі зноў, а пазней від таксама ідэнтыфікававлі падчас акустычнага маніторынгу ў межах нашага праекта.

Гіганцкая вячэрніца - самы вялікі кажан Еўропы. Фота І.Кашпей.

Гіганцкая вячэрніца – від-індыкатар натуральнага стану стараўзроставых лясоў. Скарачэнне папуляцыі ў Еўропе звязана з недахопам адпаведных месцаў пражывання – старых лясоў з вялікай колькасцю дупілстых дрэў на невялікай тэрыторыі, што забяспечвае функцыянаванне калоніі кажаноў. У больш як палове выпадкаў гіганцкія вячэрніцы жывуць менавіта на мёртвых дрэвах. Гэта паказвае, наколькі важнае значэнне мае захаванне непарушаных стараўзроставых лясоў для захавання біяразнастайнасці.

Гісторыі, якія мы расказалі, паказваюць, што часта мы маем шанец супрацьстаяць трывожнай тэндэнцыі і адвесці рэдкія віды ад мяжы знікнення. І няхай памяць пра віды, што зніклі назаўсёды, пабуджае нас працаваць дзеля таго, каб спіс такіх відаў павялічваўся як мага павольней.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Антрапагенныя фактары абмяжоўваюць рассяленне ваўкоў на Палессі: новае даследаванне

Антрапагенныя фактары абмяжоўваюць рассяленне ваўкоў на Палессі: новае даследаванне

Захаванне шэрага ваўка (Canis lupus) у Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі мае поспех: колькасць віду расце, шэрыя драпежнікі зноў з’яўляюцца на тэрыторыях, дзе яны калісьці былі цалкам знішчаны. Тым часам палеская папуляцыя ваўка мала вывучана, хоць мае вялікую прыродаахоўную значнасць. Новае даследаванне, праведзенае пры падтрымцы нашага праекта, стала адной з першых спроб запоўніць гэты прабел і прааналізаваць прыдатнасць месцаў пражывання для ваўкоў на Палессі з улікам як прыродных, так і – у большай ступені – антрапагенных фактараў.

Паводле афіцыйных ацэнак, ваўкі насяляюць усё Палессе і іх колькасць – найвышэйшая сярод буйных драпежнікаў рэгіёна. Але на рэгулярнай аснове від рэгіструецца толькі на некаторых ахоўных прыродных тэрыторыях, а ўвогуле шчыльнасць, размеркаванне і міграцыі  ваўкоў у гэтым вялікім рэгіёне дагэтуль сістэмна не даследаваліся. Між тым гэтая інфармацыя вельмі важная для разумення стану віду ў Еўропе ў цэлым: палеская папуляцыя ваўка мае вялікую прыродаахоўную значнасць, бо звязвае ваўчыную папуляцыю ў Расіі з польскай і балтыйскай.

Шэры воўк ніколі не знікаў з Палесся. Да сярэдзіны 20-га стагоддзя ён быў шырока распаўсюджаны ў Беларусі і Украіне. Аднак пасля Другой сусветнай вайны яго прызналі шкодным відам, што пагражаў гаспадарцы і бяспецы людзей. Наступства – неабмежаванае паляванне і пераздабыча ваўка. Разам з фаргментацыяй і дэградацыяй месцаў пражывання, выкліканых антрапагенным уплывам, гэта прывяло да моцнага скарачэння папуляцыі. Паляванне на гэтых драпежнікаў дагэтуль дазволена круглы год і ў беларускай, і ва ўкраінскай частках Палесся. Аднак, нягледзячы на гэта, ваўкі не зніклі зусім – яны знаходзяць прытулак у лясных гушчарах і непраходных балотах.

Здымак з фотапасткі ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС - тут, дзе практычна няма людзей, яны пачуваюцца ў бяспецы.

Аўтары даследавання мелі на мэце ацаніць уплыў антрапагенных фактараў на прыдатнасць месцаў пражывання для ваўкоў і выявіць, колькі на Палессі тэрыторый, прыдатных для гэтага віду. Яны сабралі факты прысутнасці ваўка, задакументаваныя з 2014 па 2021 год з некалькіх крыніц: тэлеметрычныя даныя, здымкі фотапастак, генетычны аналіз экскрэментаў жывёл, фатаздымкі з прывязкай да мясцовасці і іншыя пацверджаныя сведчанні. Каб вызначыць патэнцыйна прыдатныя тэрыторыі, спецыялісты ўзялі набор ключавых пераменных, што характарызуюць ландшафт (тып наглебавага покрыва, дрэўнае покрыва, а таксама вегетацыйны індэкс NDVI). Штучнае святло ўначы, доля сельскагаспадарчых угоддзяў і шчыльнасць дарог былі выбраны як найбольш рэлевантныя пераменныя, што адлюстроўваюць антрапагенны ўплыў. Звесткі пра прысутнасць ваўка з прывязкай да мясцовасці сумясцілі з характарыстыкамі ландшафту і пасля прааналізавалі ў сетцы з разрозненнем у адзін кіламетр.

Аналіз даных паказаў, што квадраты, дзе зафіксавана прысутнасць ваўкоў, істотна адрозніваюцца ад тых, дзе такая фіксацыя адсутнічае. Звяры аддаюць перавагу тэрыторыям з нізкімі паказчыкамі штучнага святла ўначы. Даследчыкі адзначаюць, што гэтая характарыстыка адлюстроўвае фактычную прысутнасць людзей лепш, чым звесткі перапісу ці індэкс шчыльнасці насельніцтва. Доля сельскагаспадарчых угоддзяў і шчыльнасць дарожнай сеткі таксама ніжэйшыя там, дзе прысутнічае воўк. У той жа час паказчыкі дрэўнага покрыва і вегетацыйнага індэксу NDVI станоўча суадносяцца з колькасцю рэгістрацый ваўка. Да таго ж шэрых драпежнікаў часцей назіралі ў мясцовасцях, дзе лясы і балоты выступаюць дамінантнымі тыпамі наглебавага покрыва. Гэт можна патлумачыць дастатковай колькасцю здабычы і нізкім узроўнем чалавечай прысутнасці. Такім чынам, даследаванне пацвярджае: ваўкі пазбягаюць тэрыторый са сталай прысутнасцю чалавека.

Карта Палесся: межы ахоўных тэрыторый пазначаны зялёным.

Прапанаваная мадэль паказала, што 26% тэрыторыі Палесся (прыблізна 42 000 км2) падыходзяць для пражывання ваўка, з іх больш як 14 300 км2 характарызуюцца як у высокай ступені прыдатныя. Астатняя частка рэгіёна не адпавядае патрэбам віду. Пры гэтым нават прыдатныя месцы пражывання толькі часткова занятыя ваўкамі.

Згодна з даследаваннем, ключавыя зоны для захавання ваўка на Палессі – Белавежская пушча, зона адчужэння  Чарнобыльскай АЭС з суседнім Драўлянскім прыродным запаведнікам і цэнтральная частка Палесся (рэспубліканскі заказнік “Альманскія балоты”, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, рэспубліканскі заказнік “Сярэдняя Прыпяць” і Ровенскі прыродны запаведнік). Ад 37% да 77% іх плошчаў прыдатныя для пражывання ваўка. Таксама вучоныя вызначылі важныя для віду тэрыторыі, якія зараз не маюць ахоўнага статусу. Некаторыя з іх ізаляваныя, але ўсё ж дасяжныя для ваўка.

Аўтары даследавання тлумачаць, што некаторыя тэрыторыі, прыдатныя для пражывання ваўка, недастаткова добра звязаны паміж сабой. Таму вельмі важна не дапускаць іх далейшай фрагментацыі. Даныя даследавання дапамагаюць вызначаць тэрыторыі, якія маглі б быць узятыя пад ахову дзеля ўзмацнення экалагічнай звязанасці. Такім чынам, вучоныя заклалі аснову для далейшага пашырэння сеткі ахоўных тэрыторый, а таксама для эфектыўнага доўгатэрміновага маніторынгу ваўка і мерапрыемстваў па захаванні віду ў Беларусі і Украіне.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Паміж Палессем і Замбіяй: самка арляца з Палесся выбрала незвычайнае месца зімоўкі ў Афрыцы

Паміж Палессем і Замбіяй: самка арляца з Палесся выбрала незвычайнае месца зімоўкі ў Афрыцы

Вялікія арляцы з Палесся вось-вось пачнуць восеньскую міграцыю на поўдзень. Іх месцы зімоўкі знаходзяцца ў Еўропе, Азіі і Афрыцы: гэтыя птушкі праводзяць халодны сезон на Балканскім паўвостраве, у Ізраілі, Паўднёвым Судане і нават Паўднёвай Афрыцы! Дзякуючы GPS-трэкінгу мы не толькі маем магчымасць выяўляць заканамернасці міграцыі птушак, важныя для іх вывучэння і захавання, але таксама даведваемся пра незвычайныя рэчы, якія здзіўляюць нават дасведчаных навукоўцаў. Пра адну такую цікавостку расказаў арнітолаг Валерый Дамброўскі.

Самка арляца з Палесся Ляда кожны год зімуе ў Замбіі на невялічкім кавалачку зямлі плошчай усяго каля 3 квадратных кіламетраў. Гэта вельмі мала нават для вялікага арляца, а наша самка – гібрыд паміж вялікім і малым арляцамі. Для малых арляцоў тыпова мець на зімоўцы некалькі харчовых пляцовак на значнай адлегласці адна ад другой, што стварае велізарныя зімовачныя арэалы ў некалькі дзясяткаў тысяч кіламетраў.

Арліца Ляда на зімоўцы ў Замбіі. Фота Brett Lewis.

У вялікіх арляцоў зімовыя пляцоўкі значна меншыя, але яны таксама звычайна вымяраюцца дзесяткамі ці нават сотнямі квадратных кіламетраў. То бок Ляда – выключэнне з правілаў. Яе штодзённыя перасоўванні паміж дзвюма часткамі лесу складаюць усяго 2 кіламетры. Каб зразумець, што дазваляе птушцы існаваць доўгі час у такіх сціплых умовах, спатрэбілася добра паглыбіцца ў інтэрнет. На шчасце, выявілася, што гэтыя мясціны ў Замбіі добра вядомыя сярод знаўцаў прыроды. Менавіта тут знаходзіцца нацыянальны парк “Касанка”, створаны для аховы мясцовай біяразнастайнасці. Сярод прадстаўнікоў мясцовай фауны – шэраг відаў лясных антылоп, блакітная малпа, каля 400 відаў птушак. Аднак неўзабаве высветлілася, што на тэрыторыі парку штогод адбываецца адно з найвялікшых відовішчаў дзікай прыроды Афрыкі, якое збірае мноства турыстаў са ўсяго свету.

З сярэдзіны кастрычніка да канца снежня ў Касанку прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў (Eidolon helvum). Усе яны для адпачынку выбіраюць невялікі па плошчы (усяго каля 2 га) багністы лес. У гэты час тут утвараецца найвялікшая канцэнтрацыя млекакормячых у свеце. Пальмавыя крыланы – даволі буйныя прадстаўнікі атраду Рукакрылых. Маса дарослай асобіны дасягае 350 г, размах крылаў – больш за 70 см. Падчас адпачынку крыланы шчыльнымі шэрагамі садзяцца на галіны дрэў, якія гнуцца і нават ломяцца пад цяжарам жывёл.

Мільёны крыланаў падчас міграцыі. Нацыянальны парк Касанка, Замбія. Фота Will Burrard-Lucas www.willbl.com

Не дзіўна, што велізарная колькасць крыланаў прываблівае мноства драпежнікаў, якія амаль цалкам пераходзяць на харчваванне гэтай лёгкадаступнай ежай. Паласавацца крыланамі прылятаюць афрыканскія ястрабіныяды баявыя арлы, сокалы-кабцы, каршуны і шмат іншых. Акрамя таго, тут ёсць кракадзілы, змеі ды нільскія вараны, якія пільна сочаць ці не зваліцца каторы крылан-недарэка на зямлю.

А што ж наша Ляда? Ці мае яна дачыненне да гэтай прыроднай феерыі? Высветлілася, што мае! Менавіта ў крыланавы лес яна і лётае кожны дзень цягам амаль ўсёй зімоўкі. Наша птушка прылятае ў Замбію напрыканцы кастрычніка, акурат у час прыбыцця рукакрылых. Няма сумневу, што яна, як і шмат іншых мясцовых драпежнікаў, жыве за кошт гэтай дзіўнай і не да канца зразумелай прыроднай з’явы – масавай канцэнтрацыі крыланаў у адным месцы.

Тут зімуе Ляда. Жоўтая лінія пазначае зімовачную тэрыторыю Ляды плошчай каля трох квадратных кіламетраў. Чырвоная лінія акрэслівае крыланавы лес, куды арліца лётае амаль штодня. Блакітныя меткі - геалакацыя Ляды падчас зімоўкі.

Хто б мог падумаць! Ляда жыве побач з намі на Сярэдняй Прыпяці, нічым не вызначаецца сярод дзясяткаў іншых суродзічаў, яе суседзяў. Але адначасова яна – тое звяно, што звязвае нас з найцікавейшымі падзеямі ў іншай частцы свету. А колькі яшчэ таямніц хаваюць іншыя нашы “звычайныя” арляцы? Можна толькі здагадвацца і спадзявацца на новыыя адкрыцці.

На фота ўверсе старонкі - Ляда падчас зімоўкі ў Замбіі. Фота Brett Lewis.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Птушыныя прыгоды і драмы: гісторыя, якую расказалі фотапастка і GPS-трэкер

Птушыныя прыгоды і драмы: гісторыя, якую расказалі фотапастка і GPS-трэкер

Высокатэхналагічнае абсталяванне дапамагае нам атрымліваць каштоўную інфармацыю пра вялікіх арляцоў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. З дапамогай фотапастак мы даведваемся пра асаблівасці іх паводзін, харчавання і размнажэння, а GPS-трэкеры дазваляюць выяўляць важныя заканамернасці міграцыі птушак. Арнітолаг Валерый Дамброўскі даследуе вялікіх арляцоў вось ужо не адзін дзясятак гадоў. Ён ведае, як сістэматызаваць факты, лічбы, графікі і тректорыі… Аднак, як па-сапраўднаму праніклівы вучоны, ён умее бачыць за ўсёй гэтай інфармацыяй цэлыя гісторыі. І вось адна з іх.

Самец вялікага арляца Дзімон быў адлоўлены і пазначаны GPS-перадатчыкам 9 ліпеня 2020 года на ўсходнім ускрайку Альманскіх балот каля свайго гнязда. Ён нічым не адрозніваўся ад іншых самцоў, спраўна шукаў здабычу і пад восень здолеў выгадаваць добрае птушаня.

Дзімон і яго птушаня ў гняздзе.

Нешта незвычайнае пачало адбывацца наступнай вясной, калі ён прыляцеў з выраю (дарэчы, зімаваў ён на мяжы Судану, Эфіёпіі і Паўднёвага Судану). Вярнуўшыся, Дзімон напаткаў сваю самку ў кампаніі чужога самца. Разам тыя ўжо паспелі падмацаваць галінкамі старое гняздо і рабілі апошнюю высцілку свежай зелянінай, каб было мякчэй наседжваць яйкі.

Самец-чужынец на гняздзе Дзімона.

Нічога дзіўнага ў такіх паводзінах самкі не было. Яна ж ніколі не ведае напэўна, ці вернецца леташні партнёр,таму прымае заляцанні ад кожнага, каму спадабалася. Звычайна пасля вяртання былога гаспадара чужынец знікае без следу. Спачатку здавалася, што так адбылося і гэтым разам: Дзімон больш за два тыдні наведваў гняздо разам з самкай, а чужынец кудысьці нібыта знік. Але гэта доўжылася толькі пару тыдняў.

Апошнія тыдні сямейнага жыцця Дзімона.

27 красавіка Дзімон адляцеў на самы ўскраек свайго паляўнічага ўчастка і праседзеў на адным месцы тры дні запар. На жаль, фотапастка ў гэтыя дні не працавала і не вядома што адбывалася на гняздзе. Але разгубленасць Дзімона заўважалася па яго паводзінах. Ён нібыта не ведаў, што рабіць далей. Праз тры дні, троху ачуняўшы, ён узняўся ў паветра і назаўсёды пакінуў гэтыя мясціны, самку, гняздо і будучае птушаня. Дзімон пачаў вандраваць. Спачатку накіраваўся на поўнач на багатыя на палёвак раллі Тураўшчыны. Добра падсілкаваўшыся, ён праз тыдзень рушыў на ўсход уздоўж Прыпяці, дабраўся да Петрыкава, нават далей на ўсход. Потым праз Вубарць і Альманскія балоты зрабіў паўкруг і патрапіў на Ясельду, што ўжо на Піншчыне. 16 траўня нечакана пераляцеў напрамкі у горад Пінск і застаўся там больш чым на месяц. Нешта лавіў па-за гародамі на ўскрайку поймы Піны. Напрыканцы чэрвеня Дзімон ізноў змяніў дыслакацыю, падаўшыся ў ваколіцы вёскі Глушкавічы, што на мяжы з Украінай, і там сустрэў пачатак восеньскай міграцыі.

Вось такім складаным шляхам вандраваў Дзімон улетку 2021 года.

Што ж адбывалася тым часам з яго самкай і гняздом? У гняздзе ізноў панаваў той самы вясновы чужынец. Ён усё лета гадаваў самку і птушаня, якое ў жніўні паспяхова вылецела з гнязда. Чаму ж Дзімон кінуў сваё роднае гняздо? Дакладна невядома. Ці то ён атрымаў паразу ў бойцы з маладзейшым і спрытнейшым самцом, ці то неяк даведаўся, што будзе гадаваць чужое птушаня. Думкі арляцоў назаўсёды застануцца таямніцай.

Увесну 2022 Дзімон вельмі спазніўся – прыляцеў у Беларусь толькі 19 красавіка. Гэта адна з самых позніх дат вяртання арляцоў у нашу краіну. Ён адразу накіраваўся на старое гняздо. Мо на нешта спадзяваўся? Пабыўшы ля гнязда каля 20 хвілін, ён накіраваўся ў цэнтр Альманскіх балотаў. Відавочна, дома яго ўжо ніхто не чакаў. Выглядае так, што на працягу наступнага месяца Дзімон спрабаваў неяк зачапіцца ў новых мясцінах. Але не атрымалася, балота было шчыльна заселена іншымі парамі. Паступова Дзімона выціснулі на поўдзень, ва Украіну, дзе шчыльнасць арляцоў не такая вялікая. Большасць летняга часу ён правёў у наваколлі ўкраінскай вёскі Старае Сяло. 25 ліпеня ён чамусці адляцеў 77 км на паўднёвы ўсход, на Жытоміршчыну, дзе праз тры дні загінуў. Што з ім здарылася, дакладна не вядома. Украінскія даследчыкі знайшлі толькі перадатчык і рэшткі тэфлонавых рамянёў. Так скончыліся двухгадовыя бадзянні Дзімона, які напрыканцы жыцця так і не здолеў знайсці сабе новы прытулак.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Праз аб’ектыў фотапасткі: таемнае жыццё рэдкіх птушак як на далоні!

Праз аб’ектыў фотапасткі: таемнае жыццё рэдкіх птушак як на далоні!

Сядзець гадзінамі ў хмызняках ці на балоце, няспынна ўглядаючыся ў падзорную трубу ці бінокль – яшчэ пятнаццаць-дваццаць гадоў таму толькі так можна было назапасіць нешматлікія назіранні за вялікімі арляцамі падчас гнездавання. За гэтымі скрытнымі птушкамі складана назіраць, асабліва падчас гнездавога перыяду, калі яны надзвычай адчувальныя да прысутнасці чалавека. Аднак зараз фотапастка, усталяваная непасрэдна побач з гняздом, дае нам магчымасць паназіраць за сямейным жыццём вялікіх арляцоў і выявіць шмат важных і цікавых фактаў пра іх. Запрашаем і вас зірнуць, як выглядае гнездаванне пары вялікіх арляцоў праз  аб’ектыў фотапасткі!

У 2021 годзе самка вялікага арляца незвычайнай светлай афарбоўкі вярнулася на сваё гняздо 2 красавіка. Гэтая птушка вельмі адметная: вялікія арляцы светлай морфы рэдка сустракаюцца ў еўрапейскай частцы арэалу. Менавіта гэтая птушка стала першай у сваім родзе, зарэгістраванай у Беларускім Палессі. Ці ўспадкуе птушаня яе светлую афарбоўку? Прадказаць гэта мы не можам, час пакажа.

Самец вялікага арляца – з кольцамі на нагах і GPS-перадатчыкам на спіне – з’явіўся на два дні пазней за самку, 4 красавіка.

Вялікія арляцы часта будуюць свае гнёзды на разгалінаванні дрэва, высока над зямлёй. Такім чынам іх жытло добра схавана сярод густой лістоты. Звычайна адна і тая ж пара выкарыстоўвае адно і тое ж гняздо некалькі сезонаў запар. Адразу па вяртанні дадому птушкі пачалі старанна ўдасканальваць і рамантаваць сваё жытло. Яны насілі свежыя галінкі і надбудоўвалі гняздо больш як два тыдні. Параўнайце, як яно выглядала да і пасля “рамонту”!

У канцы красавіка самка вялікага арляца падоўгу сядзіць на гняздзе: яна рыхтуецца адкласці яйкі. Звычайна ў кладцы вялікага арляца ад аднаго да трох яек, найчасцей – два. Самка адкладвае іх не адначасова, а з перапынкам. І вось – мы назіраем першае яйка ў гняздзе 30 красавіка. 4 траўня на здымках ужо відаць, што яек два.

Цяпер пачынаецца наседжванне яек. Яно доўжыцца, як правіла, ад 40 да 44 дзён. Раней вучоныя меркавалі, што толькі самка ўвесь час наседжвае кладку. Але здымкі нашай фотапасткі паказваюць, што птушкі застаюцца на гняздзе па чарзе. Самка сядзіць на яйках большую частку часу, але самец дае ёй магчымасць папаляваць і размяць крылы. У пачатку траўня яшчэ холадна – толькі 5-10 градусаў цяпла. На здымку відаць, як самка растапырвае пер’е, каб сагрэцца самой і сагрэць яйкі.

Самец корміць самку, пакуль тая сядзіць на кладцы. Звесткі пра склад харчавання вялікіх арляцоў вельмі важныя для вывучэння і захавання гэтага рэдкага віду. І фотапастка дае нам магчымасць паназіраць, што ядуць птушкі. Гэтым разам здабыча – палёўка! Дробныя грызуны – звычайная ежа вялікіх арляцоў.

У пачатку чэрвеня нашы вялікія арляцы чакаюць самую захапляльную падзею гнездавога сезона – іх птушаняты вось-вось вылупяцца. У самкі моцныя лапы з вострымі кіпцюрамі, якімі яна лёгка разрывае здабычу на часткі. Але зірніце, як далікатна яна трымае яйка!

І вось доўгачаканы момант: першае птушаня вылупляецца 8 чэрвеня, праз 5 тыдняў пасля пачатку інкубацыі! Бацькі “святкуюць” буйной здабычай: гэтым разам гэта заяц. Пакуль самка занятая ежай, мы добра бачым птушаня – яму адзін дзень! 12 чэрвеня другое птушаня вызваляецца з яйка. Але ці выжыве яно? У вялікіх арляцоў часта здараюцца выпадкі каінізму: малодшае птушаня гіне на працягу першых тыдняў свайго жыцця, і яго смерць прамым ці ўскосным чынам звязана са старэйшым, звычайна больш моцным і актыўным.

Ва ўзросце каля двух тыдняў птушаняты вялікіх арляцоў ужо даволі актыўныя, яны распасціраюць свае крылы і спрабуюць поўзаць. Дарослым птушкам даводзіцца пільна сачыць за малымі, каб тыя не выпалі з гнязда.

Тым часам самец старанна палюе, каб забяспечыць ежай сябе, самку і птушанят. Фотапастка зафіксавала сярод іх здабычы, напрыклад, качаня і грызуноў. Самка гадуе птушанят па чарзе, разрываючы здабычу на дробныя кавалачкі. Старэйшае птушаня большае па памеры, мацнейшае і больш настойлівае. Але дарослыя птушкі надаюць аднолькавую ўвагу абодвум. Здаецца, у малодшага таксама ёсць добры шанец выжыць!

Старэйшаму птушаняці ўжо амаль тры тыдні. Першыя пёркі відаць з-пад пуху, што пакрывае яго цела. Цікава, што бацькі ўжо пачалі ненадоўга пакідаць птушанят адных у гняздзе. Малыя хутка растуць і патрабуюць усё больш ежы. Гэтым разам самец здабыў ласіцу.

Як паказваюць здымкі, харчаванне вялікіх арляцоў даволі разнастайнае. На фота ніжэй самка як быццам няўхвальна пазірае на птушанят, якія адвярнуліся ад рыбы. А на наступны дзень мы бачым, як птушаня спрабуе самастойна есці палёўку, пакуль бацькоў няма ў гняздзе!

Падчас гадавання птушанят вялікія арляцы ўвесь час паднаўляюць гняздо свежымі зялёнымі галінкамі дубу, вольхі і бярозы. Такім чынам птушкі прыкрываюць рэшткі здабычы і памёт, падтрымліваючы чысціню ў гняздзе.

У пачатку ліпеня першаму птушаняці спаўняецца месяц. Другое толькі на некалькі дзён малодшае, але розніца заўважная – яны так хутка растуць! Абодва птушаняці па-ранейшаму атрымліваюць роўную колькасць ежы, бацькі аднолькава клапоцяцца пра іх, таму цалкам імаверна, што яны абодва выжывуць.

Да сярэдзіны ліпеня птушаняты выраслі ўжо дастаткова вялікімі і моцнымі, каб не мець патрэбы ў пастаяннай прысутнасці бацькоў. У гэты час арнітолагі замяняюць батарэі і карткі памяці ў фотапастках, а таксама кальцуюць птушанят. Паглядзіце – у аднаго з іх добра відаць новенькае кольца на лапе! Птушаняты часта хлопаюць крыламі, трэніруючы іх для першага палёту. Але самка дагэтуль нястомна клапоціцца пра іх. Камера зафіксавала, як яна прыкрывае іх сваімі крыламі ад яркага сонца і спёкі.

Часцей за ўсё вялікія арляцы палююць на дробных сысуноў. Але большую частку біямасы, якую яны спажываюць, складаюць птушкі. Часам нават буйныя птушкі! Косткі, ідэнтыфікаваныя на гэтых здымках з фотапасткі, належалі чаплі.

У пачатку гнездавога сезона мы гадалі: будуць новыя птушаняты светлай морфы, як іх маці, альбо звычайнага для свайго віду цёмнага колеру? У другой палове лета ўжо добра відаць, што ім у спадчыну дасталася цёмная морфа самца. Аднак жа вядомыя і выпадкі, калі ў адным вывадку вялікіх арляцоў былі птушаняты розный афарбоўкі!

У сярэдзіне жніўня наша гісторыя завяршаецца: злёткі пакінулі гняздо! Апошні раз арнітолагі назіралі іх у пачатку верасня, калі маладыя птушкі ўжо звычайна становяцца самастойнымі. Гэта адметная гісторыя: двое птушанят выжылі і выраслі! Мы спадзяёмся, што з імі па-ранейшаму ўсё добра і аднойчы мы даведаемся больш пра іх дзякуючы кольцам.

Далучайцеся да нас у Твітары – там вы знойдзеце больш інфармацыі пра дзікую прыроду Палесся, а таксама цікавыя здымкі з нашых фотапастак!

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Голас дзікай прыроды

Голас дзікай прыроды

Пілотны праект на Палессі дапамагае даследаваць жывёльны свет з дапамогай аўдыязапісу. Гэта шматабяцальны новы інструмент для вывучэння біяразнастайнасці.

Тым, хто вядзе палявыя даследаванні на Палессі, патрэбныя вытрымка і цярпенне. Гэта край дзікай прыроды ў найвышэйшай ступені: пераважна балоцісты ландшафт, па плошчы роўны палове Германіі, цягнецца ад Польшчы праз Беларусь і Украіну да Расіі. Непарушаныя рэкі вольна плывуць праз мазаіку поймавых лясоў, балотаў, багнавых азёр і паплавоў, заліваючы ваколіцы на многія кіламетры падчас вясновай паводкі. Такія вялікія прыродныя комплексы ў іншых частках Еўропы ў большасці саступілі месца сельскагаспадарчым угоддзям. Вільготныя і топкія мясціны на Палессі цяжкапраходныя. Пакуль нашы калегі павольна брыдуць па балотах, шукаючы рэдкіх драпежных птушак, такіх як вялікі арлец, альбо усталёўваюць фотапасткі для вывучэння воўка ці рысі, раі камароў і іншых насякомых нязменна суправаджаюць іх.

Адна з найважнейшых задач нашай працы на Палессі – вызначыць тэрыторыі, якія патрабуюць аховы. Лепшае разуменне таго, дзе ёсць прабелы і якія месцы важныя для захавання відаў альбо біятопаў, дапамагае нам абгрунтоўваць пашырэнне існуючых альбо абвяшчэне новых ахоўных тэрыторый. Біяразнастайнасць і наяўнасць відаў, што знаходзяцца пад асабліва строгай аховай – найважнейшыя крытэрыі вызначэння такіх тэрыторый.

Аднак даследаванні папуляцый звычайна патрабуюць вельмі шмат часу. Акрамя таго, начныя жывёлы, такія як насякомыя альбо кажаны, якіх цяжка знайсці, часта застаюцца па-за ўвагай, хоць яны часта маюць высокі ахоўны статус. Вывучэнне дробных жывёл, такіх як кажаны, грызуны і насякомыя, традыцыйнымі метадамі патрабуе шмат часу, намаганняў, цярпення і фінансавых рэсурсаў. Таму на Палессі мы звярнуліся да новага перспектыўнага інструмента вывучэння біяразнастайнасці – акустычнага маніторынгу. Цяпер дзясяткі відаў фаўны можна ідэнтыфікаваць пры дапамозе гуказапісу.

Акустычны сэнсар у нацыянальным парку Прыпяць-Стаход, Палессе, Украіна. Фота: Дэніел Розенгрэн.

Два гады маніторынгу

Падчас самага маштабнага на сёння сістэматычнага даследавання разнастайнасці відаў на украінскім і беларускім Палессі мы два гады запар вялі пасіўны акустычны маніторынг. Мы запісвалі кажаноў, птушак, дробных сысуноў, конікаў і нават некаторых буйных сысуноў на плошчы каля 50.000 квадратных кіламетраў. На гэтай тэрыторыі прылады для гуказапісу ўсталёўваліся ў 500 месцах – на чатыры дні і чатыры ночы ў кожным. Гукі прыроды запісваліся ўдзень і ўначы, у лясным гушчары і на балотных абшарах, у радыюсе 100 метраў вакол прылады.

“Шазам” для гукаў прыроды

У выніку даследавання мы зрабілі каля трох мільёнаў запісаў, якія ўтрымліваюць каля паўмільёна гукаў жывёл. Каб аддзяліць іх ад іншых прыродных шумоў і ідэнтыфікаваць “уручную”, спатрэбіліся б гады. Але нашы партнёры з Брытанскага траста па арніталогіі распрацавалі аўтаматычны гукавы класіфікатар. Падобна да вядомага мабільнага дадатку Shazam, здольнага вызначыць музычны твор па невялікім фрагменце, новы класіфікатар можа суадносіць гук з пэўным біялагічным відам. Машынны алгарытм аналізуе спектраграму – візуальны вобраз запісу, а потым шукае заканамернасці і выдае інфармацыю пра характарыстыкі запісанага гуку.

Такім чынам мы зараз можам аўтаматычны класіфікаваць больш як 50 відаў кажаноў, птушак, насякомых і дробных сысуноў, прычым некалькі з іх могуць быць запісаны адначасова. Каб пераканацца ў слушнасці вынікаў, спецыялісты правяраюць іх уручную і пры неабходнасці ўдасканальваюць алгарытм класіфікацыі.

Дадатковая перавага такога метаду – яго неінвазіўны характар. Жывёл не даводзіцца лавіць сеткамі, каб ідэнтыфікаваць уручную. У дадатак, акустычны маніторынг эканамічны і дазваляе запісваць розныя групы жывёл адначасова. Такім чынам, вялікі аб’ём дадзеных можна атрымаць за кароткі прамежак часу, у параўнанні з традыцыйнымі метадамі.

Вяртлявая чаротаўка на Палессі. Фота: Дэніел Розенгрэн.

Галоўныя мэты акустычнага маніторынгу – сістэматычнае картаграфаванне відаў па ўсёй тэрыторыі Палесся, вызначэнне тэрыторый, асабліва важных для розных відаў, і тэрыторый высокай прыродаахоўнай каштоўнасці, ацэнка антрапагеннага ўздзеяння на біяразнастайнасць. Пералік вызначаных відаў таксама служыць для абгрунтавання прапаноў па пашырэнні ахоўных тэрыторый.

Элені Вендрас, каардынатар праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў”

Фота ўверсе: начны краявід поймы ракі Срыпіца на Палессі. Фота: Віктар Малышчыц.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.


Палессе, від са спадарожніка: інавацыйныя тэхналогіі для вывучэння ландшафту

Палессе, від са спадарожніка: інавацыйныя тэхналогіі для вывучэння ландшафту

Усебаковае даследаванне вялікага і разнастайнага ландшафту, такога як Палессе, - заўсёды сапраўдны выклік для вучоных. На шчасце, сёння ёсць сучасныя метады, якія дазваляюць скараціць працягласць палявых работ і значна павысіць эфектыўнасць працы даследчыкаў. Так, выкарыстанне спадарожнікавых дадзеных зрабіла магчымым стварэнне першай карты наглебавага покрыва для ўсяго Палесся, што ў сваю чаргу дазволіла картаграфаваць і прааналізаваць буйныя пажары ў рэгіёне за апошнія 19 год. З якімі падводнымі камянямі сутыкаюцца тыя, хто працуе са спадарожнікавымі дадзенымі? Што трэба ўлічваць, ствараючы падобныя карты для іншых рэгіёнаў? Дамо слова аднаму з аўтараў згаданых даследаванняў Адаму Эштану-Бату, вядучаму навуковаму супрацоўніку Брытанскага траста па арніталогіі.

— Спадарожнікавыя дадзеныя з адкрытых крыніц даюць надзвычай багата звестак пра прыродныя адметнасці ландшафту. Яны дазваляюць вывучаць вялікія тэрыторыі, прычым назіраючы іх у дынаміцы. Атрыманне такой інфармацыі непасрэдна шляхам палявых даследаванняў патрабавала б вельмі шмат часу і вялікіх фінансавых затрат. Разам з тым, працуючы са спадарожнікавымі дадзенымі, спецыялісты сутыкаюцца і з пэўнымі абмежаваннямі: так, напрыклад, не заўсёды лёгка зразумець, як інфармацыя, атрыманая са спадарожніка, суадносіцца з “рэальнымі” параметрамі вільготнасці, росту раслін, наглебавага покрыва і гэтак далей. Гэтыя ўзаемасувязі трэба ўлічваць і ацэньваць, іначай непазбежная вялікая колькасць памылак.

— Ваша нядаўняе даследаванне, што аналізуе заканамернасці прыродных пажараў на Палессі, яднае ў сабе традыцыйныя палявыя даследаванні і інавацыйны падыход, які патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў сістэматызацыі і аналізу вялікіх аб’ёмаў дадзеных. Якіх спецыялістаў вам давялося дадткова запрашаць у каманду, каб атрымаць жаданы вынік?

— У нас былі спецыялісты, якія апрацоўвалі і класіфікавалі спадарожнікавыя дадзеныя, ажыццяўлялі статыстычны аналіз звестак і займаліся мадэляваннем на іх аснове, аналізавалі характар пажараў. Супрацоўніцтва людзей з розным наборам спецыяльных ведаў вельмі важнае для якаснага і ўсебаковага даследавання.

Ці лёгкая гэта задача – “перакласці” высновы спецыялістаў па аналізе дадзеных на “мову” прыродазнаўчай навукі?

— Так, гэта даволі лёгка. Насамрэч прыродазнаўчая навука і навука аб дадзеных цесна ўзаемазвязаны, таму мы добра разумелі адно аднаго падчас сумеснай працы.

Такую навуковую працу для Палесся выконвалі ўпершыню. Ці сутыкнуліся вы ў працэсе з нейкімі цяжкасцямі праз асаблівасці самога ландшафту альбо дадзеных, звязаных з ім? Якія рашэнні дапамаглі пераадолець гэтыя цяжкасці?  

— Адной з найвялікшых цяжкасцей стала атрыманне дакладных звестак пра наглебавае покрыва Палесся. Рэгіянальныя карты, што існавалі раней, адлюстроўвалі толькі невялікія тэрыторыі, часта яны не мелі лічбавай версіі альбо дорага каштавалі. Бясплатныя карты, што пакрываюць вялікія тэрыторыі (увесь еўрапейскі кантынент альбо нават усю планету) звычайна недакладныя альбо не адлюстроўваюць тыпы наглебавага покрыва, якія ў выпадку Палесся вельмі важна адрозніваць (напрыклад, розныя тыпы балот). Каб вырашыць гэтую задачу, мы стварылі сваю ўласную карту наглебавага покрыва. Для гэтага мы выкарысталі правераныя дадзеныя палявых даследаванняў ад нашых калег і на іх аснове распрацавалі алгарытм машыннага навучання для аналізу спадарожнікавых дадзеных.

Ці вялікі аб’ём палявых звестак вы выкарысталі для гэтага даследавання? Як бы вы ацанілі дакладнасць канечнага выніку і ці задаволены вы ім?

— Мы выкарысталі характарыстыкі 2000 участкаў, правераных уручную на месцы. Дакладнасць карты мы ацэньваем прыблізна ў 80%. Вядома, заўжды добра павысіць дакладнасць, але ў цэлым гэта вельмі неблагі вынік, мы задаволены ім.

Сляды пажару на Альманскіх балотах. Фота Івана Мураўёва.

— Якім чынам метадалогію гэтага даследавання можна прымяніць да іншых рэгіёнаў альбо ландшафтаў? Якія асноўныя прынцыпы ў гэтым выпадку застануцца нязменнымі, а якія аспекты працы давядзецца мяняць альбо адаптаваць?

— Існуе сусветная база дадзеных па пажарах, таму патрэбныя звесткі можна атрымаць для любой тэрыторыі. Сапраўдным абмежаваннем можа стаць, як было і ў нашым выпадку, неадпаведная карта наглебавага покрыва. Такія карты часта даступныя для многіх рэгіёнаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, але значна радзей – для іншых частак свету.

— Ці ёсць нейкія агульныя рэкамендацыі адносна збору папярэдніх дадзеных на месцах для распрацоўкі карты наглебавага покрыва? Якія параметры і характарыстыкі ландшафту, акрамя прасторавага размеркавання розных тыпаў покрыва, трэба ўлічваць, каб максімальна дакладна ідэнтыфікаваць заканамернасці прыродных пажараў?

— Важна, каб участкі, дзе вяліся палявыя даследаванні, былі раўнамерна размеркаваны па плошчы рэгіёна, які вас цікавіць. Кліматычныя асаблівасці (тэмпература, вецер, ападкі) і тапаграфія – гэта толькі некаторыя важныя фактары, што вызначаюць характар пажараў. Антрапагенныя фактары, такія як наяўнасць населеных пунктаў, інтэнсіўнасць землекарыстання, адметнасці кіравання тэрыторыяй (інтэнсіўнасць выпасання жывёлы, сельскагаспадарчыя практыкі, меліярацыя) абавязкова трэба ўлічваць.

— Азіраючыся назад, ці можаце вы сказаць, што хацелі б зрабіць нейкія рэчы іначай?

— Было б здорава, калі б мы ад самага пачатку праекта паставілі сабе задачу стварыць карту наглебавага покрыва. Тады мы загадзя мелі б больш дадзеных для навучання машыннага алгарытму.

Як вы бачыце перспектвы далейшага прымянення гэтага даследавання?

— Многія пытанні ўсё яшчэ чакаюць адказаў. Ці сапраўды адноўленыя балоты радзей гараць? Наколькі шмат часу трэба, каб яны назапасілі дастаткова вільгаці? Як усё гэта ўзаемазвязана з кліматычнымі зменамі? Здорава было б праверыць нашы гіпотэзы на практычных мерапрыемствах па аднаўленні экасістэм.

Фота ўверсе: наступствы прыроднага пажару на Альманскіх балотах. Здымак Івана Мураўёва. 

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.