Паміж Палессем і Замбіяй: самка арляца з Палесся выбрала незвычайнае месца зімоўкі ў Афрыцы

Вялікія арляцы з Палесся вось-вось пачнуць восеньскую міграцыю на поўдзень. Іх месцы зімоўкі знаходзяцца ў Еўропе, Азіі і Афрыцы: гэтыя птушкі праводзяць халодны сезон на Балканскім паўвостраве, у Ізраілі, Паўднёвым Судане і нават Паўднёвай Афрыцы! Дзякуючы GPS-трэкінгу мы не толькі маем магчымасць выяўляць заканамернасці міграцыі птушак, важныя для іх вывучэння і захавання, але таксама даведваемся пра незвычайныя рэчы, якія здзіўляюць нават дасведчаных навукоўцаў. Пра адну такую цікавостку расказаў арнітолаг Валерый Дамброўскі.

Самка арляца з Палесся Ляда кожны год зімуе ў Замбіі на невялічкім кавалачку зямлі плошчай усяго каля 3 квадратных кіламетраў. Гэта вельмі мала нават для вялікага арляца, а наша самка – гібрыд паміж вялікім і малым арляцамі. Для малых арляцоў тыпова мець на зімоўцы некалькі харчовых пляцовак на значнай адлегласці адна ад другой, што стварае велізарныя зімовачныя арэалы ў некалькі дзясяткаў тысяч кіламетраў.

Арліца Ляда на зімоўцы ў Замбіі. Фота Brett Lewis.

У вялікіх арляцоў зімовыя пляцоўкі значна меншыя, але яны таксама звычайна вымяраюцца дзесяткамі ці нават сотнямі квадратных кіламетраў. То бок Ляда – выключэнне з правілаў. Яе штодзённыя перасоўванні паміж дзвюма часткамі лесу складаюць усяго 2 кіламетры. Каб зразумець, што дазваляе птушцы існаваць доўгі час у такіх сціплых умовах, спатрэбілася добра паглыбіцца ў інтэрнет. На шчасце, выявілася, што гэтыя мясціны ў Замбіі добра вядомыя сярод знаўцаў прыроды. Менавіта тут знаходзіцца нацыянальны парк “Касанка”, створаны для аховы мясцовай біяразнастайнасці. Сярод прадстаўнікоў мясцовай фауны – шэраг відаў лясных антылоп, блакітная малпа, каля 400 відаў птушак. Аднак неўзабаве высветлілася, што на тэрыторыі парку штогод адбываецца адно з найвялікшых відовішчаў дзікай прыроды Афрыкі, якое збірае мноства турыстаў са ўсяго свету.

З сярэдзіны кастрычніка да канца снежня ў Касанку прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў (Eidolon helvum). Усе яны для адпачынку выбіраюць невялікі па плошчы (усяго каля 2 га) багністы лес. У гэты час тут утвараецца найвялікшая канцэнтрацыя млекакормячых у свеце. Пальмавыя крыланы – даволі буйныя прадстаўнікі атраду Рукакрылых. Маса дарослай асобіны дасягае 350 г, размах крылаў – больш за 70 см. Падчас адпачынку крыланы шчыльнымі шэрагамі садзяцца на галіны дрэў, якія гнуцца і нават ломяцца пад цяжарам жывёл.

Мільёны крыланаў падчас міграцыі. Нацыянальны парк Касанка, Замбія. Фота Will Burrard-Lucas www.willbl.com

Не дзіўна, што велізарная колькасць крыланаў прываблівае мноства драпежнікаў, якія амаль цалкам пераходзяць на харчваванне гэтай лёгкадаступнай ежай. Паласавацца крыланамі прылятаюць афрыканскія ястрабіныяды баявыя арлы, сокалы-кабцы, каршуны і шмат іншых. Акрамя таго, тут ёсць кракадзілы, змеі ды нільскія вараны, якія пільна сочаць ці не зваліцца каторы крылан-недарэка на зямлю.

А што ж наша Ляда? Ці мае яна дачыненне да гэтай прыроднай феерыі? Высветлілася, што мае! Менавіта ў крыланавы лес яна і лётае кожны дзень цягам амаль ўсёй зімоўкі. Наша птушка прылятае ў Замбію напрыканцы кастрычніка, акурат у час прыбыцця рукакрылых. Няма сумневу, што яна, як і шмат іншых мясцовых драпежнікаў, жыве за кошт гэтай дзіўнай і не да канца зразумелай прыроднай з’явы – масавай канцэнтрацыі крыланаў у адным месцы.

Тут зімуе Ляда. Жоўтая лінія пазначае зімовачную тэрыторыю Ляды плошчай каля трох квадратных кіламетраў. Чырвоная лінія акрэслівае крыланавы лес, куды арліца лётае амаль штодня. Блакітныя меткі - геалакацыя Ляды падчас зімоўкі.

Хто б мог падумаць! Ляда жыве побач з намі на Сярэдняй Прыпяці, нічым не вызначаецца сярод дзясяткаў іншых суродзічаў, яе суседзяў. Але адначасова яна – тое звяно, што звязвае нас з найцікавейшымі падзеямі ў іншай частцы свету. А колькі яшчэ таямніц хаваюць іншыя нашы “звычайныя” арляцы? Можна толькі здагадвацца і спадзявацца на новыыя адкрыцці.

На фота ўверсе старонкі - Ляда падчас зімоўкі ў Замбіі. Фота Brett Lewis.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.