Даследаванні

Абшары дзікай прыроды Палесся вялікія, разнастайныя і шмат у чым унікальныя. І ў той жа час у многіх аспектах дагэтуль мала вывучаныя. Таму навуковыя даследаванні – важная частка нашага праекта. Мы вывучаем ландшафт Палесся ва ўсёй яго разнастайнасці, папуляцыі ключавых відаў і іх месцы пражывання. Мы таксама выяўляем фактары, што пагражаюць прыродзе рэгіёна, і шукаем спосабы супрацьстаяць ім. Навуковыя даныя дазваляюць нам зрабіць прыродаахоўныя захады мэтанакіраванымі і больш эфектыўнымі. Яны дапамагаюць лабіраваць дадатковыя ахоўныя меры для відаў і тэрыторый, а таксама абгрунтоўваць стварэнне і пашырэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Некаторыя даследаванні, рэалізаваныя ў рамках праекта, - прынцыпова новыя для Палесся, яны ствараюць аснову для далейшага сістэмнага і паслядоўнага вывучэння багаццяў палескай прыроды.

Прасторавыя і часавыя адрозненні ў стратэгіях міграцыі сярод еўрапейскіх вялікіх арляцоў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення

Вялікі арлец (Clanga clanga) – від пералётных птушак, што знаходзіцца пад пагрозай знікнення ва ўсім свеце. Каля 20% еўрапейскай папуляцый віду гняздуе ў Беларусі і Украіне, і менавіта Палессе можа пахваліцца высокай канцэнтрацыяй гнёздаў гэтых птушак. Штогод вялікія арляцы пралятаюць тысячы кіламетраў паміж сваімі гнездавымі і зімовачнымі арэаламі. Даследаванне, у якім удзельнічалі спецыялісты праекта, заснавана на даных спадарожнікавага сачэння за 28 вялікімі арляцымі, у тым ліку, з Палесся. Вучоныя прааналізавалі розныя стратэгіі міграцыі, выпрацаваныя птушкамі, пагрозы, з якімі яны могуць сутыкнуцца падчас сезонных пералётаў, а таксама іх зімовачныя тэрыторыі, якія могуць патрабаваць дадатковай аховы, каб запабегнуць далейшаму змяншэнню колькасці гэтых рэдкіх птушак.

Väli, Ü., Dombrovski, V., Maciorowski, G., Sellis, U., & Ashton‐Butt, A. (2021). Spatial and temporal differences in migration strategies among endangered European Greater Spotted Eagles Clanga clanga. Bird Conservation International, 33. https://doi.org/10.1017/s0959270921000411 

Узровень вады ў рэках побач з месцамі гнездавання ўплывае на фізічны стан дубальта падчас току

Кожную вясну тысячы кулікоў, у тым ліку дубальтаў, знаходзяць месцы для размнажэння і харчавання ў поймах палескіх рэк. Дубальт – адна з нешматлікіх птушак, якім уласціва такаванне падчас шлюбнага перыяду. У гэты адказны час фізічны стан самцоў залежыць ад даступнасці ежы, якая, у сваю чаргу, вызначаецца ўзроўнем вады ў рэках падчас веснавой паводкі. Такую выснову зрабілі аўтары навуковага даследавання, прааналізаваўшы даныя, сабраныя на працягу 20 год – з 2001 па 2020. Даследчыкі падкрэсліваюць, што натуральны водны рэжым непарушаных рэк – адзін з фактараў, што забяспечваюць паспяховае размнажэнне кулікоў, у тым ліку дубальта, папуляцыя якога скарачаецца.

Witkowska, M., Pinchuk, P., Meissner, W., Karlionova, N., & Marynkiewicz, Z. (2022). The level of water in the river flowing through the breeding site shapes the body condition of a lekking birdthe Great Snipe Gallinago media. Journal of Ornithology, 163(2), 385–394. https://doi.org/10.1007/s10336-022-01966-5 

Доўгатэрміновы ўплыў некіраванага аднаўлення дзікай прыроды на відавы склад птушак: 22 гады маніторынгу драпежных відаў у Чарнобыльскай зоне адчужэння

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе навакольныя тэрыторыі, калісьці густа населеныя, былі пакінуты чалавекам. Так на Палессі пачаўся беспрэцэдэнтны эксперымент: прырода стала аднаўляцца і наноў адваёўваць тэрыторыі практычна без уплыву чалавека. Аўтары гэтага даследавання выявілі, што змены, якія цягам некалькіх дзесяцігоддзяў адбываюцца ў Чарнобыльскай зоне – у тым ліку, павелічэнне долі лясоў і балот – спрыяльныя для некаторых рэдкіх відаў драпежных птушак. Напрыклад, менавіта тут – адзінае месца ў свеце, дзе расце папуляцыя вялікага арляца, які знаходзіцца пад пагрозай вымірання ва ўсім свеце.

 Dombrovski, V., Zhurauliou, D., & Ashton‐Butt, A. (2022). Long‐term effects of rewilding on species composition: 22 years of raptor monitoring in the Chernobyl Exclusion Zone. Restoration Ecology, 30(8). https://doi.org/10.1111/rec.13633 

Далей ад людзей: Антрапагенныя фактары абмяжоўваюць месцы пражывання ваўка на прыродных абшарах Беларусі і Украіны

Шэры воўк ніколі цалкам не знікаў з Палесся, хоць паляванне на яго дазволена тут круглы год. Каб пазбегнуць антрапагеннага ціску, ваўкі шукаюць прытулку ў аддаленых і цяжкадаступных мясцінах. Даследаванне, рэалізаванае пры падтрымцы нашага праекта, аналізуе, наколькі прыродныя тэрыторыі Палесся прыдатныя для шэрага ваўка. Аўтары супаставілі пацверджаныя даныя прысутнасці ваўкоў з паказчыкамі штучнага святла ўначы як прыкметы прысутнасці чалавека, долі сельскагаспадарчых угоддзяў і дрэўнае покрыва тэрыторый. Як выявілася, ваўкі пазбягаюць месцаў з пастаяннай прысутнасцю чалавека. Каля 26% тэрыторый Палесся прыдатныя для ваўка, але не ўсе з гэтых месцаў занятыя відам праз моцную фрагментацыю. Даследаванне дапамагае выявіць тэрыторыі, якія могуць быць дадаткова ўзятыя пад ахову, каб узмацніць экалагічную звязанасць паміж ключавымі ахоўнымі тэрыторыямі, што мае вялікае значэнне для захавання віду.

 Kudrenko, S., Vollering, J., Zedrosser, A., Selva, N., Ostapowicz, K., Fenchuk, V., Beasley, J. C., & Heurich, M. (2023). Walking on the dark side: Anthropogenic factors limit suitable habitat for gray wolf (Canis lupus) in a large natural area covering Belarus and Ukraine. Global Ecology and Conservation, 46, e02586. https://doi.org/10.1016/j.gecco.2023.e02586 

Праліць святло на няўлоўную рысь: Ацэнка шчыльнасці трох папуляцый еўразійскай рысі ва Украіне і Беларусі

Нягледзячы на высокую прыродаахооўную значнасць, папуляцыя еўразійскай рысі на Палессі пакуль мала даследавана. Каб запоўніць гэты інфармацыйны прабел, у 2020-2021 гадах у рэгіёне правялі маштабнае даследаванне пры дапамозе фотапастак. Гэта дазволіла ўпершыню зрабіць навукова абгрунтаваную ацэнку шчыльнасці папуляцый рысі на трох ахоўных прыродных тэрыторыях, у тым ліку ў Чарнобыльскай зоне адчужэння і на Прыпяцкім Палессі ў Беларусі. Гэтае даследаванне стала першым у сваім родзе ў абедзвюх краінах і стварыла аснову для далейшага даследавання мясцовых папуляцый еўразійскай рысі і эфектыўнай аховы гэтага віду.

Palmero, S., Smith, A. F., Kudrenko, S., Gahbauer, M., Dachs, D., Weingarth‐Dachs, K., Kashpei, I., Shamovich, D., Vyshnevskiy, D., Борсук, О., Korepanova, K. D., Bashta, A., Zhuravchak, R., Fenchuk, V., & Heurich, M. (2023). Shining a light on elusive lynx: Density estimation of three Eurasian lynx populations in Ukraine and Belarus. Ecology and Evolution, 13(11). https://doi.org/10.1002/ece3.10688  

Першая карта наглебавага расліннага покрыва ўсяго Палесся

Першая карта наглебавага расліннага покрыва Палесся – гэта інструмент, які робіць магчымым дынамічны магіторынг ландшафту на працягу сезонаў года і больш працяглых перыядаў. Карта дапамагае аналізаваць розныя аспекты функцыянавання ландшафту: ажыццяўляць дынамічны маніторынг аднаўлення альбо дэградацыі прыродных тэрыторый, адсочваць змены ў землекарыстанні, сачыць за інтэнсіўнасцю сезонных паводак. Гэты інструмент таксама можа быць карысным для ацэнкі экалагічнай звязанасці, картаграфавання распаўсюджанасці відаў альбо пашырэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Метад, прыменены аўтарамі гэтай карты наглебавага расліннага покрыва, можа быць адаптаваны для розных відаў ландшафтаў, у тым ліка па-за межамі Палесся.

Прыродныя пажары і аднаўленне экасістэм

Аўтары гэтага даследавання выкарысталі глабальныя базы спадарожнікавых даных, што знаходзяцца ў адкрытым доступе, каб прааналізаваць 5338 буйных пажараў, якія адбыліся на Палессі з 2001 па 2019 год. Яны картаграфавалі сезоннае размеркаванне вялікіх прыродных пажараў, вызначылі натуральныя і антрапагенныя фактары ўзнікнення і распаўсюджвання пажараў. Даследчыкі адзначаюць, што падтрыманне і аднаўленне натуральных водных рэжымаў у рэгіёне, найперш паўторнае забалочванне асушаных тарфянікаў, – самы эфектыўны і натуральны спосаб папярэдзіць пажары ў каштоўных экасістэмах, якія надзейна ўтрымліваюць вуглярод. Адначасова з гэтым такія меры пасадзейнічаюць захаванню біяразнастайнасці і павышэнню ўстойлівасці прыроднага ландшафту ва ўмовах кліматычных змен.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.