Ахова аднаго з найбуйнешных ландшафтаў у Еўропе
Сёння Палессе – гэта райскі куток для птушак, якія мігруюць, і буйных млекаркормных, рэдкіх відаў, нават відаў, што знаходзяцца на мяжы вымірання ў іншых частках Еўропы. Між тым, гэты нерукатворны рай сутыкаецца са шматлікімі пагрозамі. Мы аб’ядналіся, каб прадухіліць далейшае знішчэнне Палесся і абараніць яго разнастайную флору і фаўну. Вось, што мы робім:
Даследаванні і маніторынг
Мы вылучаем лясы высокай прыродаахоўнай каштоўнасці ў ключавым рэгіёне Палесся. Мы выкарыстоўваем мадэляванне распаўсюджвання відаў і вызначаем найбольш значныя прыродныя тэрыторыі і прабелы ў экалагічных сетках, каб стварыць экалагічныя калідоры паміж ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі. Мы праводзім падлікі птушак, кажаноў, матылёў, рыбаў, стракоз у розныя сезоны, каб задакументаваць і змадэляваць памер і склад гэтых групаў. Сабраныя дадзеныя ў будучыні будуць скарыстаныя для пашырэння ахоўных тэрыторый. Мы таксама адсочваем ласёў, ваўкоў, рысей – жывёл, якія актыўна перамяшчаюцца ў межах Палесся.






Пашырэнне ахоўных тэрыторый і стварэнне новых
Мы ахоўваем біяразнастайнасць і ўзнаўляем сувязі паміж арэаламі перамяшчэнняў у дзікай прыродзе. Дзеля гэтага новыя тэрыторыі перадаюцца пад ахову, пашыраюцца дзейныя – усяго ў выніку рэалізацыі праекта пад ахову трапяць 100 тысяч гектараў тэрыторый. Каб палепшыць дасведчанасць міжнароднай супольнасці наконт каштоўнасці Палесся, мы прасоўваем неабходнасць стварэння трансмежавага біясфернага рэзервату ЮНЕСКА і намінаванне тэрыторый Палесся на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама прызнанне ахоўных тэрыторый, што знаходзяцца па абодва бакі мяжы, Рамсарскімі ўгоддзямі.
Паляпшэнне кіравання ахоўнымі тэрыторыямі
Мы паляпшаем кіраванне ахоўнымі тэрыторыямі і падтрымліваем далейшае развіццё рэгіёна праз удасканаленне ці перагляд дзейных планаў кіравання ахоўнымі тэрыторыямі, праз устаноўку абсталявання на тэрыторыях, якія атрымалі ахоўны статус, праз стварэнне магчымасцяў для мясцовых працаўнікоў і людзей, якія прымаюць рашэнні, праз трэнінгі і семінары.
Мы звяртаемся да праблемы бескантрольнага палявання на ваўкоў праз распрацоўку нацыянальнага плана кіравання і пашырэння зонаў, дзе паляванне пад забаронай.





Аднаўленне ландшафтаў
Мы плануем аднавіць больш за 6 тысяч гектараў балот і поймаў, якія былі асушаныя ў пачатку мінулага стагоддзя. Меліярацыя прывяла да знішчэння ўнікальных месцаў існавання відаў – балотаў і тарфянікаў, якія лічацца найбольш рэдкімі сярод нізінных ландшафтаў Еўропы. Праз аднаўленне гэтых водна-балотных угоддзяў мы паляпшаем гідралагічны рэжым і экалагічнае функцыянаванне месцаў існавання відаў.
Пашырэнне дасведчанасці
Мы інфармуем мясцовае насельніцтва наконт таго, што адбываецца ў прыродзе рэгіёна, і праз гэта набываем прыхільнікаў аховы прыроды на месцах. Таксама мы падтрымліваем мясцовыя добраахвотніцкія супольнасці і падштурхоўваем жыхароў рэгіёна да больш актыўнага ўдзелу ў лёсе дзікай прыроды. Працуем са школамі і мясцовымі аб’яднаннямі, праз якія прасоўваем цікаўнасць да ахоўных і іншых прыродных тэрыторый.




Пераход да альтэрнатыўных метадаў гаспадарання
Мы скарачаем негатыўны ўплыў дзейнасці чалавека на флору і фаўну рэгіёну, напрыклад, ад нелегальнага збіральніцтва ягад, праз усталяванне альтэрнатыўных метадаў гаспадарання, якія грунтуюцца на скіраваных на ўстойлівае развіццё і ашчадных адносна прыроды прадуктах і паслугах. Павелічэннем колькасці прыязных да прыроды бізнесаў мы імкнемся прадэманстраваць, што магчымасці, якія прапануе падыход устойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў, могуць добра паўплываць на прыбытковасць гаспадаркі.