Праз аб’ектыў фотапасткі: таемнае жыццё рэдкіх птушак як на далоні!

Сядзець гадзінамі ў хмызняках ці на балоце, няспынна ўглядаючыся ў падзорную трубу ці бінокль – яшчэ пятнаццаць-дваццаць гадоў таму толькі так можна было назапасіць нешматлікія назіранні за вялікімі арляцамі падчас гнездавання. За гэтымі скрытнымі птушкамі складана назіраць, асабліва падчас гнездавога перыяду, калі яны надзвычай адчувальныя да прысутнасці чалавека. Аднак зараз фотапастка, усталяваная непасрэдна побач з гняздом, дае нам магчымасць паназіраць за сямейным жыццём вялікіх арляцоў і выявіць шмат важных і цікавых фактаў пра іх. Запрашаем і вас зірнуць, як выглядае гнездаванне пары вялікіх арляцоў праз  аб’ектыў фотапасткі!

У 2021 годзе самка вялікага арляца незвычайнай светлай афарбоўкі вярнулася на сваё гняздо 2 красавіка. Гэтая птушка вельмі адметная: вялікія арляцы светлай морфы рэдка сустракаюцца ў еўрапейскай частцы арэалу. Менавіта гэтая птушка стала першай у сваім родзе, зарэгістраванай у Беларускім Палессі. Ці ўспадкуе птушаня яе светлую афарбоўку? Прадказаць гэта мы не можам, час пакажа.

Самец вялікага арляца – з кольцамі на нагах і GPS-перадатчыкам на спіне – з’явіўся на два дні пазней за самку, 4 красавіка.

Вялікія арляцы часта будуюць свае гнёзды на разгалінаванні дрэва, высока над зямлёй. Такім чынам іх жытло добра схавана сярод густой лістоты. Звычайна адна і тая ж пара выкарыстоўвае адно і тое ж гняздо некалькі сезонаў запар. Адразу па вяртанні дадому птушкі пачалі старанна ўдасканальваць і рамантаваць сваё жытло. Яны насілі свежыя галінкі і надбудоўвалі гняздо больш як два тыдні. Параўнайце, як яно выглядала да і пасля “рамонту”!

У канцы красавіка самка вялікага арляца падоўгу сядзіць на гняздзе: яна рыхтуецца адкласці яйкі. Звычайна ў кладцы вялікага арляца ад аднаго да трох яек, найчасцей – два. Самка адкладвае іх не адначасова, а з перапынкам. І вось – мы назіраем першае яйка ў гняздзе 30 красавіка. 4 траўня на здымках ужо відаць, што яек два.

Цяпер пачынаецца наседжванне яек. Яно доўжыцца, як правіла, ад 40 да 44 дзён. Раней вучоныя меркавалі, што толькі самка ўвесь час наседжвае кладку. Але здымкі нашай фотапасткі паказваюць, што птушкі застаюцца на гняздзе па чарзе. Самка сядзіць на яйках большую частку часу, але самец дае ёй магчымасць папаляваць і размяць крылы. У пачатку траўня яшчэ холадна – толькі 5-10 градусаў цяпла. На здымку відаць, як самка растапырвае пер’е, каб сагрэцца самой і сагрэць яйкі.

Самец корміць самку, пакуль тая сядзіць на кладцы. Звесткі пра склад харчавання вялікіх арляцоў вельмі важныя для вывучэння і захавання гэтага рэдкага віду. І фотапастка дае нам магчымасць паназіраць, што ядуць птушкі. Гэтым разам здабыча – палёўка! Дробныя грызуны – звычайная ежа вялікіх арляцоў.

У пачатку чэрвеня нашы вялікія арляцы чакаюць самую захапляльную падзею гнездавога сезона – іх птушаняты вось-вось вылупяцца. У самкі моцныя лапы з вострымі кіпцюрамі, якімі яна лёгка разрывае здабычу на часткі. Але зірніце, як далікатна яна трымае яйка!

І вось доўгачаканы момант: першае птушаня вылупляецца 8 чэрвеня, праз 5 тыдняў пасля пачатку інкубацыі! Бацькі “святкуюць” буйной здабычай: гэтым разам гэта заяц. Пакуль самка занятая ежай, мы добра бачым птушаня – яму адзін дзень! 12 чэрвеня другое птушаня вызваляецца з яйка. Але ці выжыве яно? У вялікіх арляцоў часта здараюцца выпадкі каінізму: малодшае птушаня гіне на працягу першых тыдняў свайго жыцця, і яго смерць прамым ці ўскосным чынам звязана са старэйшым, звычайна больш моцным і актыўным.

Ва ўзросце каля двух тыдняў птушаняты вялікіх арляцоў ужо даволі актыўныя, яны распасціраюць свае крылы і спрабуюць поўзаць. Дарослым птушкам даводзіцца пільна сачыць за малымі, каб тыя не выпалі з гнязда.

Тым часам самец старанна палюе, каб забяспечыць ежай сябе, самку і птушанят. Фотапастка зафіксавала сярод іх здабычы, напрыклад, качаня і грызуноў. Самка гадуе птушанят па чарзе, разрываючы здабычу на дробныя кавалачкі. Старэйшае птушаня большае па памеры, мацнейшае і больш настойлівае. Але дарослыя птушкі надаюць аднолькавую ўвагу абодвум. Здаецца, у малодшага таксама ёсць добры шанец выжыць!

Старэйшаму птушаняці ўжо амаль тры тыдні. Першыя пёркі відаць з-пад пуху, што пакрывае яго цела. Цікава, што бацькі ўжо пачалі ненадоўга пакідаць птушанят адных у гняздзе. Малыя хутка растуць і патрабуюць усё больш ежы. Гэтым разам самец здабыў ласіцу.

Як паказваюць здымкі, харчаванне вялікіх арляцоў даволі разнастайнае. На фота ніжэй самка як быццам няўхвальна пазірае на птушанят, якія адвярнуліся ад рыбы. А на наступны дзень мы бачым, як птушаня спрабуе самастойна есці палёўку, пакуль бацькоў няма ў гняздзе!

Падчас гадавання птушанят вялікія арляцы ўвесь час паднаўляюць гняздо свежымі зялёнымі галінкамі дубу, вольхі і бярозы. Такім чынам птушкі прыкрываюць рэшткі здабычы і памёт, падтрымліваючы чысціню ў гняздзе.

У пачатку ліпеня першаму птушаняці спаўняецца месяц. Другое толькі на некалькі дзён малодшае, але розніца заўважная – яны так хутка растуць! Абодва птушаняці па-ранейшаму атрымліваюць роўную колькасць ежы, бацькі аднолькава клапоцяцца пра іх, таму цалкам імаверна, што яны абодва выжывуць.

Да сярэдзіны ліпеня птушаняты выраслі ўжо дастаткова вялікімі і моцнымі, каб не мець патрэбы ў пастаяннай прысутнасці бацькоў. У гэты час арнітолагі замяняюць батарэі і карткі памяці ў фотапастках, а таксама кальцуюць птушанят. Паглядзіце – у аднаго з іх добра відаць новенькае кольца на лапе! Птушаняты часта хлопаюць крыламі, трэніруючы іх для першага палёту. Але самка дагэтуль нястомна клапоціцца пра іх. Камера зафіксавала, як яна прыкрывае іх сваімі крыламі ад яркага сонца і спёкі.

Часцей за ўсё вялікія арляцы палююць на дробных сысуноў. Але большую частку біямасы, якую яны спажываюць, складаюць птушкі. Часам нават буйныя птушкі! Косткі, ідэнтыфікаваныя на гэтых здымках з фотапасткі, належалі чаплі.

У пачатку гнездавога сезона мы гадалі: будуць новыя птушаняты светлай морфы, як іх маці, альбо звычайнага для свайго віду цёмнага колеру? У другой палове лета ўжо добра відаць, што ім у спадчыну дасталася цёмная морфа самца. Аднак жа вядомыя і выпадкі, калі ў адным вывадку вялікіх арляцоў былі птушаняты розный афарбоўкі!

У сярэдзіне жніўня наша гісторыя завяршаецца: злёткі пакінулі гняздо! Апошні раз арнітолагі назіралі іх у пачатку верасня, калі маладыя птушкі ўжо звычайна становяцца самастойнымі. Гэта адметная гісторыя: двое птушанят выжылі і выраслі! Мы спадзяёмся, што з імі па-ранейшаму ўсё добра і аднойчы мы даведаемся больш пра іх дзякуючы кольцам.

Далучайцеся да нас у Твітары – там вы знойдзеце больш інфармацыі пра дзікую прыроду Палесся, а таксама цікавыя здымкі з нашых фотапастак!

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.