Новае даследаванне: натуральны водны рэжым дапаможа Палессю быць устойлівым да разбуральных пажараў у экасістэмах

Прыродныя пажары непрапарцыйна моцна шкодзяць тэрыторыям, што маюць вялікую прыродаахоўную каштоўнасць, але толькі пры ўмове нізкай вільготнасці – такая выснова новага даследавання, аўтары якога картаграфавалі і аналізавалі буйныя пажары, што адбываліся на Палессі на працягу дзевятнаццаці гадоў.

Пажары – прадмет вялікай занепакоенасці мясцовых уладаў и жыхароў Палесся: яны аказваюць моцны негатыўны ўплыў на эканоміку і здароўе людзей, а папярэджанне і тушэнне пажараў у спякотныя і засушлівыя перыяды – справа вельмі затратная. Але ёсць добрая навіна: эфектыўна супрацьстаяць пагрозе разбуральных пажараў дапамагаюць натуральныя, прыродаарыентаваныя рашэнні, якія да таго ж спрыяюць падтрыманню біяразнастайнасці і барацьбе з кліматычнымі зменамі. Аснова гэтых рашэнняў – захаванне і аднаўленне водна-балотных угоддзяў.

У гэтым даследаванні спадарожнікавыя дадзеныя, што знаходзяцца ў свабодным доступе, выкарыстоўваліся для вывучэння ўзроўню распаўсюджанасці буйных пажараў і фактараў, што спрыяюць іх узнікненню. Гэта дазволіла даследчыкам высветліць, ці сапраўды аднаўленне водна-балотных угоддзяў можа паменшыць імавернасць разбуральных пажараў на вялікіх плошчах.

Аўтары даследавання выявілі, што за азначаны перыяд – з 2001 па 2019 год – на Палессі адбылося пяць пажараў на плошчы больш як 100 квадратных кіламетраў (так званыя “мегапажары”). Асабліва часта Палессе гарэла ўвесну і ўвосень, а пачыналіся пажары пераважна ў сельскагаспадарчых угоддзях: вяскоўцы часта выпальваюць палеткі, каб вызваліць іх ад расліннасці перад пачаткам і пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ. Менавіта сезонныя палы часта становяцца прычынай пажараў на суседніх тарфяніках і паплавах, дзе агонь пагражае рэдкім відам раслін і жывёл, а таксама глабальна значным сховішчам вугляроду.

Самыя вялікія пажары палалі ў ліставых лясах, наносячы вялізную шкоду стараўзроставым дубровам і букавым лясам, якія знаходзяцца пад аховай. Яны асабліва адчувальныя да пашкоджання пажарамі і аднаўляюцца цяжэй за іншыя віды лясоў, больш устойлівыя да такой пагрозы. Агулам за даследаваны дзевятнаццацігадовы перыяд пажары рознага маштабу закранулі пятую частку асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Палесся. У той жа час гарэлі толькі 8% тэрыторый, што не знаходзяцца пад аховай. Адзін з буйных пажараў – плошчай 97 км2  – адбыўся ў Чарнобыльскай зоне адчужэння, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС захоўваецца найвышэйшы ўзровень радыеактыўнага забруджвання. Пажары, што адбываюцца ў гэтай частцы Палесся, могуць мець асабліва сур’ёзныя наступствы для здароўя людзей.

Fires in Turov meadows. ©️ Maksim Belotsky
Пацярпелая ад пажару тэрыторыя і пажар у пойме Прыпяці ля Турава. Фота Максіма Бялоцкага.

Вынікі даследавання сведчаць, што захаванне і аднаўленне натуральнага гідралагічнага рэжыму водна-балотных угоддзяў Палесся дапамагло б абмежаваць маштаб і інтэнсіўнасць разбуральных буйных пажараў, не ўласцівых натуральным экасістэмам. У той жа час перыядычныя пажары на невялікіх плошчах з’яўляюцца натуральным элементам існавання экасістэм і спрыяюць іх нармальнаму развіццю.

Па ўсёй Еўропе, і на Палессі ў тым ліку, доўгатэрміновая практыка меліярацыі і масавай лесанарыхтоўкі прывяла да фарміравання моцна зарослых, сухіх ландшафтаў з добрымі ўмовамі для ўзнікнення вялікіх пажараў. Даследаванне паказвае, што пажары на адкрытых тарфяніках, паплавах і ў ліставых лясах больш імаверныя ва ўмовах нізкай вільготнасці. І наадварот, пажары на добра ўвільготненых тарфяніках малаверагодныя. Захаванне і аднаўленне вялікіх па плошчы, некранутых і добра ўвільготненых тарфянікаў дапаможа натуральным чынам папярэдзіць узнікненне буйных, разбуральных пажараў, але пры гэтым створыць умовы для перыядычных пажараў нізкай інтэнсіўнасці. Гэта прынясе карысць экасістэмам, захавае натуральныя сховішчы вугляроду, пасадзейнічае барацьбе з кліматычнымі зменамі, дапаможа захаваць жыцці і здароўе людзей.

Крыніца інфармацыі: www.bto.org

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.