Птушыныя прыгоды і драмы: гісторыя, якую расказалі фотапастка і GPS-трэкер

Высокатэхналагічнае абсталяванне дапамагае нам атрымліваць каштоўную інфармацыю пра вялікіх арляцоў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. З дапамогай фотапастак мы даведваемся пра асаблівасці іх паводзін, харчавання і размнажэння, а GPS-трэкеры дазваляюць выяўляць важныя заканамернасці міграцыі птушак. Арнітолаг Валерый Дамброўскі даследуе вялікіх арляцоў вось ужо не адзін дзясятак гадоў. Ён ведае, як сістэматызаваць факты, лічбы, графікі і тректорыі… Аднак, як па-сапраўднаму праніклівы вучоны, ён умее бачыць за ўсёй гэтай інфармацыяй цэлыя гісторыі. І вось адна з іх.

Самец вялікага арляца Дзімон быў адлоўлены і пазначаны GPS-перадатчыкам 9 ліпеня 2020 года на ўсходнім ускрайку Альманскіх балот каля свайго гнязда. Ён нічым не адрозніваўся ад іншых самцоў, спраўна шукаў здабычу і пад восень здолеў выгадаваць добрае птушаня.

Дзімон і яго птушаня ў гняздзе.

Нешта незвычайнае пачало адбывацца наступнай вясной, калі ён прыляцеў з выраю (дарэчы, зімаваў ён на мяжы Судану, Эфіёпіі і Паўднёвага Судану). Вярнуўшыся, Дзімон напаткаў сваю самку ў кампаніі чужога самца. Разам тыя ўжо паспелі падмацаваць галінкамі старое гняздо і рабілі апошнюю высцілку свежай зелянінай, каб было мякчэй наседжваць яйкі.

Самец-чужынец на гняздзе Дзімона.

Нічога дзіўнага ў такіх паводзінах самкі не было. Яна ж ніколі не ведае напэўна, ці вернецца леташні партнёр,таму прымае заляцанні ад кожнага, каму спадабалася. Звычайна пасля вяртання былога гаспадара чужынец знікае без следу. Спачатку здавалася, што так адбылося і гэтым разам: Дзімон больш за два тыдні наведваў гняздо разам з самкай, а чужынец кудысьці нібыта знік. Але гэта доўжылася толькі пару тыдняў.

Апошнія тыдні сямейнага жыцця Дзімона.

27 красавіка Дзімон адляцеў на самы ўскраек свайго паляўнічага ўчастка і праседзеў на адным месцы тры дні запар. На жаль, фотапастка ў гэтыя дні не працавала і не вядома што адбывалася на гняздзе. Але разгубленасць Дзімона заўважалася па яго паводзінах. Ён нібыта не ведаў, што рабіць далей. Праз тры дні, троху ачуняўшы, ён узняўся ў паветра і назаўсёды пакінуў гэтыя мясціны, самку, гняздо і будучае птушаня. Дзімон пачаў вандраваць. Спачатку накіраваўся на поўнач на багатыя на палёвак раллі Тураўшчыны. Добра падсілкаваўшыся, ён праз тыдзень рушыў на ўсход уздоўж Прыпяці, дабраўся да Петрыкава, нават далей на ўсход. Потым праз Вубарць і Альманскія балоты зрабіў паўкруг і патрапіў на Ясельду, што ўжо на Піншчыне. 16 траўня нечакана пераляцеў напрамкі у горад Пінск і застаўся там больш чым на месяц. Нешта лавіў па-за гародамі на ўскрайку поймы Піны. Напрыканцы чэрвеня Дзімон ізноў змяніў дыслакацыю, падаўшыся ў ваколіцы вёскі Глушкавічы, што на мяжы з Украінай, і там сустрэў пачатак восеньскай міграцыі.

Вось такім складаным шляхам вандраваў Дзімон улетку 2021 года.

Што ж адбывалася тым часам з яго самкай і гняздом? У гняздзе ізноў панаваў той самы вясновы чужынец. Ён усё лета гадаваў самку і птушаня, якое ў жніўні паспяхова вылецела з гнязда. Чаму ж Дзімон кінуў сваё роднае гняздо? Дакладна невядома. Ці то ён атрымаў паразу ў бойцы з маладзейшым і спрытнейшым самцом, ці то неяк даведаўся, што будзе гадаваць чужое птушаня. Думкі арляцоў назаўсёды застануцца таямніцай.

Увесну 2022 Дзімон вельмі спазніўся – прыляцеў у Беларусь толькі 19 красавіка. Гэта адна з самых позніх дат вяртання арляцоў у нашу краіну. Ён адразу накіраваўся на старое гняздо. Мо на нешта спадзяваўся? Пабыўшы ля гнязда каля 20 хвілін, ён накіраваўся ў цэнтр Альманскіх балотаў. Відавочна, дома яго ўжо ніхто не чакаў. Выглядае так, што на працягу наступнага месяца Дзімон спрабаваў неяк зачапіцца ў новых мясцінах. Але не атрымалася, балота было шчыльна заселена іншымі парамі. Паступова Дзімона выціснулі на поўдзень, ва Украіну, дзе шчыльнасць арляцоў не такая вялікая. Большасць летняга часу ён правёў у наваколлі ўкраінскай вёскі Старае Сяло. 25 ліпеня ён чамусці адляцеў 77 км на паўднёвы ўсход, на Жытоміршчыну, дзе праз тры дні загінуў. Што з ім здарылася, дакладна не вядома. Украінскія даследчыкі знайшлі толькі перадатчык і рэшткі тэфлонавых рамянёў. Так скончыліся двухгадовыя бадзянні Дзімона, які напрыканцы жыцця так і не здолеў знайсці сабе новы прытулак.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.