Чарнобыльская зона адчужэння: складаная спадчына Палесся

Палессе вядомае вялікімі абшарамі некранутай прыроды. Аднак не кожны ўсведамляе, што яно зазнала адну з самых страшных экалагічных катастроф у гісторыі. Менавіта на Палессі знаходзіцца Чарнобыльская зона адчужэння – пакінутая чалавекам тэрыторыя, што ўзнікла ў выніку сумна вядомай тэхнагеннай аварыі. Складаныя працэсы, якія адбываюцца тут цягам ужо амаль чатырох дзесяцігоддзяў – у тым ліку некіраванае аднаўленне экасістэм і працяглае ўздзеянне радыеактыўнага забруджвання на навакольнае асяроддзе – не перастаюць прыцягваць увагу вучоных і эколагаў.

26 красавіка 1986 года жахлівая аварыя здарылася на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У выніку выбуху быў разбураны адзін з энергаблокаў. Гэта прывяло да выкіду радыеактыўных рэчываў, якія хутка распаўсюдзіліся па тэрыторыі былога СССР і Еўропы. Больш як 115 тысяч чалавек былі вымушаны пакінуць свае дамы на тэрыторыі плошчай каля 470 тысяч гектараў вакол станцыі – з-за надзвычайнага ўзроўню забруджвання. Гэтая дагэтуль бязлюдная тэрыторыя, вядомая як Чарнобыльская зона адчужэння, знаходзіцца на тэрыторыі Украіны і Беларусі.

Від на ЧАЭС, зона адчужэння, Украіна. Фота Элені Вендрас.

Яна нераўнамерна забруджаная радыенуклідамі, у тым ліку стронцыем і цэзіем, хоць многія іншыя, менш трывалыя, радыенукліды ўжо паспелі распасціся. Спецыяльная ахоўная  канструкцыя з бетону, вядомая як “саркафаг”, была пабудавана над разбураным рэактарам, каб папярэдзіць далейшае выдзяленне радыеактыўных рэчываў.

У 1988 годзе на беларускай частцы зоны адчужэння быў створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У 2016 годзе Чарнобыльскі радыяцыйна-экалагічны біясферны запаведнік заснавалі ва Украіне. Гэтыя прыродаахоўныя і даследчыя ўстановы вывучаюць дзікую прыроду Чарнобыльскай зоны.

Адразу пасля аварыі расліны і жывёлы вакол атамнай электрастанцыі падпалі пад уздзеянне вялізных доз радыяцыі. Гэта нанесла вяліку шкоду прыродзе, асабліва вакол разбуранага рэактара. Аднак сёння большая частка Чарнобыльскай зоны зусім не нагадвае ядзерную пустыню. Наадварот: ва ўмовах амаль поўнай адсутнасці антрапагеннага ціску дзікая прырода пачала адваёўваць тэрыторыі, якія калісьці былі густа населеныя і актыўна выкарыстоўваліся для патрэб сельскай гаспадаркі. Так, напрыклад, улікі паказалі, што колькасць аленяў, казуль, ласёў і дзікоў расце на закінутых тэрыторыях. Рэінтрадуцыраваныя коні Пржавальскага і зубры сфармавалі ўстойлівыя папуляцыі, якія паступова растуць. Паводле таго ж самага даследавання, колькасць шэрых ваўкоў у Чарнобыльскай зоне ў некалькі разоў вышэйшая, чым на незабруджаных тэрыторыях у Беларусі. Іншае даследаванне, падрыхтаванае пры падтрымцы нашага праекта, паказала, што шчыльнасць еўразійскай рысі ў зоне адчужэння значна вышэйшая, чым на некаторых іншых ахоўных тэрыторыях. Цікава, што фотапасткі, усталяваныя ў Чарнобыльскім радыяцыйна-экалагічным біясферным запаведніку, зафіксавалі прысутнасць бурага мядзведзя.

Коні Пржавальскага ў Чарнобыльскай зоне, Украіна. Фота Сяргея Канцырэнкі.

У 20-м стагоддзі сённяшнія тэрыторыі Чарнобыльскай зоны, калісьці балоцістыя, масава асушаліся. У хуткім часе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС многія меліяратыўныя каналы ў беларускай частцы зоны адчужэння былі заблакіраваныя, каб папярэдзіць прыродныя пажары і распаўсюджванне радыяцыі разам з вадой. І ландшафт пачаў змяняцца: балоты і лясы зараз паступова замяшчаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Следам пачаў змяняцца і відавы склад фаўны. Напрыклад, скарацілася колькасць птушак, залежных ад прысутнасці чалавека ці трансфармаванага ландшафту. У той жа час расце колькасць вялікіх арляцоў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Гэтыя драпежнікі, залежныя ад непарушаных водна-балотных угоддзяў і надзвычай адчувальныя да турбавання чалавекам, здаецца, знайшлі тут ідэальныя мясціны для размнажэння.

У той жа час іншыя вучоныя перасцерагаюць сваіх калег ад залішняга аптымізму і прыцягваюць увагу да іншых аспектаў чарнобыльскай праблематыкі. Некаторыя даследаванні паказваюць негатыўны эфект доўгатэрміновага ўздзеяння нізкіх доз радыяцыі на сысуноў на працягу некалькіх пакаленняў. Іншыя выяўляюць у птушак, што зазналі ўздзеянне адносна высокіх доз радыяцыі, больш частыя генетычныя мутацыі і рэпрадуктыўныя праблемы. На забруджаных тэрыторыях выяўляецца зніжэнне колькасці розных відаў – ад беспазваночных да сысуноў. У той жа час апаненты настойваюць, што апісаныя негатыўныя эфекты тлумачацца, магчыма, не адной толькі радыяцыяй. Гарачыя дэбаты трываюць, але зразумела, што многія аспекты пост-чарнобыльскай біялогіі яшчэ належыць вывучыць.

Расійскае ваеннае ўварванне на тэрыторыю Украіны ў 2022 годзе сур’ёзна парушыла даследчую працу ў Чарнобыльскай зоне. На самым пачатку вайны расійскія войскі знаходзіліся на тэрыторыі АЭС і прылеглых тэрыторыях Чарнобыльскага радыяцыйна-экалагічнага біясфернага запаведніка. У выніку маёмасць і абсталяванне былі пашкоджаныя альбо знішчаныя, а тэрыторыя дагэтуль замініравана. Гэта робіць любыя палявыя работы надзвычай складанымі і небяспечнымі. І ўсё ж, нягледзячы на ўсе складанасці, дзейнасць запаведніка не спынілася цалкам. Супрацоўнікі працягваюць весці радыяцыйны маніторынг і назіраць за дзікай прыродай, а таксама папярэджваюць распаўсюджванне радыенуклідаў з забруджаных тэрыторый.

Адна з найбольш сур’ёзных праблем для ўкраінскай часткі Чарнобыльскай зоны – прыродныя пажары. У адрозненне ад беларускай часткі зоны адчужэння, укаінскую частку моцна асушалі, каб не даць радыяцыі распаўсюджвацца з плынню вады. Але вынік атрымаўся адваротны: зараз частыя пажары прыводзяць да моцнага забруджвання паветра і выкідаў радыеактыўных рэчываў. У 2020-м годзе 5% тэрыторыі пацярпелі ад пажараў. На шчасце, пажарным удалося спыніць агонь зусім побач са сховішчам радыеактыўных адходаў. Вучоныя адзначаюць, што аднаўленне парушаных водна-балотных угоддзяў – найбольш эфектыўнае і натуральнае рашэнне праблемы прыродных пажараў.

Маштабнае забалочванне ва ўкраінскай частцы Чарнобыльскай зоны зараз немагчымае. Аднак участак у гэтай частцы Палесся стаў адной з пяці тэрыторый, абраных для аднаўлення ў рамках нашага праекта. Мы спадзяёмся забяспечыць супрацоўнікаў запаведніка ведамі і навыкамі, неабходнымі для таго, каб пашырыць практыку забалочвання ў перспектыве.

Чарнобыльская зона адчужэння – унікальная тэрыторыя на Палессі, дзе незапланаваны экалагічны эксперымент доўжыцца вось ужо амаль 40 год і наўрад ці завершыцца ў агляднай будучыні. Аплочаны жыццямі і здароўем тысяч людзей, шматлікімі асабістымі трагедыямі і цяжкімі экалагічнымі наступствамі, ён дае рэдкую магчымасць набыць новыя веды і паразважаць над уплывам чалавецтва на прыроднае асяроддзе нашай планеты.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.