Антрапагенныя фактары абмяжоўваюць рассяленне ваўкоў на Палессі: новае даследаванне

Захаванне шэрага ваўка (Canis lupus) у Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі мае поспех: колькасць віду расце, шэрыя драпежнікі зноў з’яўляюцца на тэрыторыях, дзе яны калісьці былі цалкам знішчаны. Тым часам палеская папуляцыя ваўка мала вывучана, хоць мае вялікую прыродаахоўную значнасць. Новае даследаванне, праведзенае пры падтрымцы нашага праекта, стала адной з першых спроб запоўніць гэты прабел і прааналізаваць прыдатнасць месцаў пражывання для ваўкоў на Палессі з улікам як прыродных, так і – у большай ступені – антрапагенных фактараў.

Паводле афіцыйных ацэнак, ваўкі насяляюць усё Палессе і іх колькасць – найвышэйшая сярод буйных драпежнікаў рэгіёна. Але на рэгулярнай аснове від рэгіструецца толькі на некаторых ахоўных прыродных тэрыторыях, а ўвогуле шчыльнасць, размеркаванне і міграцыі  ваўкоў у гэтым вялікім рэгіёне дагэтуль сістэмна не даследаваліся. Між тым гэтая інфармацыя вельмі важная для разумення стану віду ў Еўропе ў цэлым: палеская папуляцыя ваўка мае вялікую прыродаахоўную значнасць, бо звязвае ваўчыную папуляцыю ў Расіі з польскай і балтыйскай.

Шэры воўк ніколі не знікаў з Палесся. Да сярэдзіны 20-га стагоддзя ён быў шырока распаўсюджаны ў Беларусі і Украіне. Аднак пасля Другой сусветнай вайны яго прызналі шкодным відам, што пагражаў гаспадарцы і бяспецы людзей. Наступства – неабмежаванае паляванне і пераздабыча ваўка. Разам з фаргментацыяй і дэградацыяй месцаў пражывання, выкліканых антрапагенным уплывам, гэта прывяло да моцнага скарачэння папуляцыі. Паляванне на гэтых драпежнікаў дагэтуль дазволена круглы год і ў беларускай, і ва ўкраінскай частках Палесся. Аднак, нягледзячы на гэта, ваўкі не зніклі зусім – яны знаходзяць прытулак у лясных гушчарах і непраходных балотах.

Здымак з фотапасткі ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС - тут, дзе практычна няма людзей, яны пачуваюцца ў бяспецы.

Аўтары даследавання мелі на мэце ацаніць уплыў антрапагенных фактараў на прыдатнасць месцаў пражывання для ваўкоў і выявіць, колькі на Палессі тэрыторый, прыдатных для гэтага віду. Яны сабралі факты прысутнасці ваўка, задакументаваныя з 2014 па 2021 год з некалькіх крыніц: тэлеметрычныя даныя, здымкі фотапастак, генетычны аналіз экскрэментаў жывёл, фатаздымкі з прывязкай да мясцовасці і іншыя пацверджаныя сведчанні. Каб вызначыць патэнцыйна прыдатныя тэрыторыі, спецыялісты ўзялі набор ключавых пераменных, што характарызуюць ландшафт (тып наглебавага покрыва, дрэўнае покрыва, а таксама вегетацыйны індэкс NDVI). Штучнае святло ўначы, доля сельскагаспадарчых угоддзяў і шчыльнасць дарог былі выбраны як найбольш рэлевантныя пераменныя, што адлюстроўваюць антрапагенны ўплыў. Звесткі пра прысутнасць ваўка з прывязкай да мясцовасці сумясцілі з характарыстыкамі ландшафту і пасля прааналізавалі ў сетцы з разрозненнем у адзін кіламетр.

Аналіз даных паказаў, што квадраты, дзе зафіксавана прысутнасць ваўкоў, істотна адрозніваюцца ад тых, дзе такая фіксацыя адсутнічае. Звяры аддаюць перавагу тэрыторыям з нізкімі паказчыкамі штучнага святла ўначы. Даследчыкі адзначаюць, што гэтая характарыстыка адлюстроўвае фактычную прысутнасць людзей лепш, чым звесткі перапісу ці індэкс шчыльнасці насельніцтва. Доля сельскагаспадарчых угоддзяў і шчыльнасць дарожнай сеткі таксама ніжэйшыя там, дзе прысутнічае воўк. У той жа час паказчыкі дрэўнага покрыва і вегетацыйнага індэксу NDVI станоўча суадносяцца з колькасцю рэгістрацый ваўка. Да таго ж шэрых драпежнікаў часцей назіралі ў мясцовасцях, дзе лясы і балоты выступаюць дамінантнымі тыпамі наглебавага покрыва. Гэт можна патлумачыць дастатковай колькасцю здабычы і нізкім узроўнем чалавечай прысутнасці. Такім чынам, даследаванне пацвярджае: ваўкі пазбягаюць тэрыторый са сталай прысутнасцю чалавека.

Карта Палесся: межы ахоўных тэрыторый пазначаны зялёным.

Прапанаваная мадэль паказала, што 26% тэрыторыі Палесся (прыблізна 42 000 км2) падыходзяць для пражывання ваўка, з іх больш як 14 300 км2 характарызуюцца як у высокай ступені прыдатныя. Астатняя частка рэгіёна не адпавядае патрэбам віду. Пры гэтым нават прыдатныя месцы пражывання толькі часткова занятыя ваўкамі.

Згодна з даследаваннем, ключавыя зоны для захавання ваўка на Палессі – Белавежская пушча, зона адчужэння  Чарнобыльскай АЭС з суседнім Драўлянскім прыродным запаведнікам і цэнтральная частка Палесся (рэспубліканскі заказнік “Альманскія балоты”, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, рэспубліканскі заказнік “Сярэдняя Прыпяць” і Ровенскі прыродны запаведнік). Ад 37% да 77% іх плошчаў прыдатныя для пражывання ваўка. Таксама вучоныя вызначылі важныя для віду тэрыторыі, якія зараз не маюць ахоўнага статусу. Некаторыя з іх ізаляваныя, але ўсё ж дасяжныя для ваўка.

Аўтары даследавання тлумачаць, што некаторыя тэрыторыі, прыдатныя для пражывання ваўка, недастаткова добра звязаны паміж сабой. Таму вельмі важна не дапускаць іх далейшай фрагментацыі. Даныя даследавання дапамагаюць вызначаць тэрыторыі, якія маглі б быць узятыя пад ахову дзеля ўзмацнення экалагічнай звязанасці. Такім чынам, вучоныя заклалі аснову для далейшага пашырэння сеткі ахоўных тэрыторый, а таксама для эфектыўнага доўгатэрміновага маніторынгу ваўка і мерапрыемстваў па захаванні віду ў Беларусі і Украіне.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.