Палессе – адна з найбуйнейшых тэрыторый дзікай прыроды ў Еўропе. Неабсяжныя палескія балоты, поймы рэкаў і паплавы з’яўляюцца месцамі распаўсюду вялікай колькасці традыцыйна балотных відаў жывёл і раслін, якім пагражае знікненне.Балоты і лясы Палесся месцяцца пераважна на тэрыторыі сучасных Беларусі і Украіны, але маюць працяг на ўсходзе ў Расіі і на захадзе – у Польшчы. Цалкам раўнінны рэгіён раскінуўся на плошчы ў больш чым 18 мільёнаў гектараў, што параўнальна з паловай плошчы Германіі.
Асноўная частка Палесся ляжыць у межах Беларусі і Украіны і сфармавана ракой Прыпяць. Прыпяць – гэта адна з найбуйнейшых рэкаў Еўропы, якая не была спраставаная, перанакіраваная ці іншым чынам мадыфікаваная. Яна ўсё яшчэ мае бясконцае мноства меандраў, прытокаў, старыц і затопленых берагоў – усё гэта ўплывае на прыроду рэгіёну своеасаблівым чынам. Мясцовы ландшафт – гэта лабірынт рэкаў, астравоў, балот, багнаў і пойменных лясоў, якіх не знайсці больш нідзе ў Еўропе.
Палессе – гэта адзін з найбуйнейшых у Еўропе натуральных водна-балотных комплексаў. А менавіта Альманскія балоты прызнаныя ў Еўропе нумарам адзін па плошчы сярод комплексаў, якія сумяшчаюць усе тыпы балот – яны пакрываюць тэрыторыю ў 100 тысяч гектараў. Тут таксама можна знайсці адну з найвялікшых тэрыторый, занятых паплавамі і балотамі.
Вялікі Еўрапейскі міграцыйны шлях
Пойма Прыпяці – улюбёнае месца адпачынку вадаплаўных і балотных птушак, чые міграцыйныя шляхі пралягаюць праз Палессе восенню і ўвесну. Птушкі, што знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знішчэння, такія як вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, гусь-піскулька, дзяркач і кулік-марадунка, выкарыстоўваюць забалочаныя часткі ракі для вывядзення птушанят і як месца для адпачынку паміж міграцыямі. Сотні тысяч пералётных птушак затрымліваюцца на Палессі падчас міграцый, у тым ліку 350 тысяч свіцьваў, 200 тысяч баталёнаў і 30 тысяч грыцукоў на год. Больш нідзе ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе няма такой канцэнтрацыі баталёнаў і вялікіх грыцукоў, як у пойме Прыпяці.
Дзікая прырода Палесся
Палессе з’яўляецца домам для вялікай колькасці відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, такіх як вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, вялікі кулён і еўрапейская норка. Гэта таксама рай для буйных млекакормных – бурага мядзведзя, ваўка, рысі і зубра. Створаныя прыродай вялікія тэрыторыі заліўных лугоў забяспечваюць шматлікія віды рыбаў (напрыклад, еўрапейскага вугра) адмысловымі ўмовамі для нерасту. У пойме таксама пражывае багата земнаводных – выдраў, водных палёвак, расце шмат рэдкіх унікальных раслін.
Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторіі з міжнародным статусам
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны прыродных ландшафтаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення ((Endangered Landscapes Programme), і фінансуецца са сродкаў дабрачыннага фонду Лізбет Раўсінг і Пітэра Болдуіна «Аркадзія». Праект каардынуе Франкфурцкае заалагічнае таварыства і ажыццяўляе грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” – партнёр BirdLife у Беларусі, Украінскае таварыства аховы птушак і Брытанскі фонд па арніталогіі.