Перамогі Палесся ў 2021 годзе

Больш як 10 000 гектараў прыроднага ландшафту атрымалі лепшую ахову. Фотапасткі дапамагаюць пазнаваць неверагодную прыроду гэтага краю, а мясцовыя жыхары аб’ядноўваюцца, каб абараніць яе.

Большая і лепшая ахова

Самай яскравай падзеяй года стала пашырэнне заказніка “Альманскія балоты” на тэрыторыі Беларусі на 10 000 гектараў. Цяпер заказнік займае плошчу больш як 104 000 гектараў – памерам з Ганконг! Тут знаходзіцца самае вялікае ў Еўропе некранутае пераходнае балота. Гэта выключна важная тэрыторыя дзікай прыроды, якая знаходзіцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Пашырэнне Альманскіх балот стала магчымым дзякуючы супольным намаганням беларускіх НДА, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Прыродаахоўны рэжым на тэрыторыі заказніка ўзмацніўся: зараз на ўсёй яго тэрыторыі забаронена суцэльная высечка лесу, дзейнічае забарона на паляванне ў першай палове мая.

Ва Украіне сёлета афіцыйны ахоўны статус атрымалі 640 гектараў прыродных тэрыторый. Далейшае пашырэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і стварэнне новага нацыянальнага парка ва Украіне знаходзіцца ў распрацоўцы.

Дазнайцеся больш пра новае пакаленне ахоўных тэрыторый Палесся.

Тэрыторыя прыроднага запаведніка “Драўлянскі” сёлета павялічылася на 119 гектараў. Фота: Сяргей Канцырэнка
Тэрыторыя прыроднага запаведніка “Драўлянскі” сёлета павялічылася на 119 гектараў. Фота: Сяргей Канцырэнка

Аднаўленне ландшафтаў

Водна-балотныя ўгоддзі ў свеце знікаюць утрая хутчэй, чым лясы. Пры гэтым з 1700-х гадоў страчана 90% балот. Зараз мы павінны аднавіць змененыя і дэградаваныя водна-балотныя ўгоддзі, каб іх экасістэмы маглі зноў выконваць свае жыццёва важныя функцыі. На Палессі запланавана аднавіць больш як 6000 гектараў асушаных у мінулым стагоддзі балот і рачных пойм.

Пачаліся работы на першым участку, выбраным для аднаўлення ў межах праекта – комплексе Нерасня ў Беларусі. Нерасня – дэградаванае пераходнае балота, моцна трансфармаванае праз меліярацыю і пажары. Яно ўваходзіць у склад Тапілаўскага балота, якое займае плошчу каля 2000 гектараў. Каб вярнуць натуральны гідралагічны рэжым на гэтай тэрыторыі, дрэнажныя каналы будуць заблакаваныя. Каманда спецыялістаў сочыць за гідралогіяй, расліннасцю і беспазваночнымі, каб дакладна ацаніць стан экасістэм і аптымальна спланаваць працы па аднаўленні.

Паглядзіце, як кіраўнік праграм ФЗТ ў Беларусі Віктар Фянчук тлумачыць наш падыход: 

Вывучэнне дзікай прыроды дапамагае ў захаванні

Буйныя сысуны

Па ўсім Палессі мы працягваем вывучаць дзікую прыроду ў беспрэцэдэнтных маштабах. У рамках праекта было ўсталявана трыста фотапастак на 600 000 гектараў ключавых ахоўных тэрыторый Украіны і Беларусі. Гэты метад прыменены ў тым ліку ў самым маштабным і сістэмным даследаванні з дапамогай фотапастак, якое вядзецца ў Чарнобыльскай зоне адчужэння. Тут – як пабочны эфект страшнай трагедыі – прырода можа развівацца без уплыву чалавека. Дадзеныя, атрыманыя на гэтай тэрыторыі, стануць эталонам для ацэнкі стану дзікай прыроды па ўсім Палессі і вызначэння мер па яе захаванні.

Фотапасткі таксама даюць нам фантастычныя выявы дзікай прыроды Еўропы: статкі коней Пржавальскага, няўлоўная рысь буйным планам, пробліскі вачэй ваўкоў, што рухаюцца па лесе.

 

Вялікі арлец

Вялікія арляцы з розных папуляцый зімуюць у розных раёнах. Самцы і самкі таксама паводзяць сябе неаднолькава падчас міграцыі. Вынікі міжнароднага даследавання, сярод суаўтараў якога навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Валерый Дамброўскі і доктар Адам Эштан-Бат, паказваюць, што такія паводзіны могуць паскорыць скарачэнне папуляцыі рэдкага віду.

У даследаванне былі ўключаны звесткі пра арляцоў, пазначаных GPS-перадатчыкамі на Палессі. Самцы з беларускіх гнездавых груповак у асноўным мігруюць у Афрыку, а самкі – у Еўропу. Пагрозы, з якімі сутыкаюцца птушкі, а таксама стан водна-балотных угоддзяў, дзе яны зімуюць, адрозніваюцца ў залежнасці ад кантынента. Гэта магло ўжо прывесці да паказчыкаў выжывальнасці, залежных ад полу, і, імаверна, такая тэндэнцыя будзе нарастаць, калі водна-балотныя ўгоддзі ў Афрыцы дэградуюць альбо пацерпяць ад больш сур’ёзных наступстваў кліматычных змен.

Незбалансаванасць колькасці самак і самцоў можа павысіць імавернасць іх гібрыдызацыі з роднасным і больш шырока распаўсюджаным малым арляцом. Гэта павялічыць рызыку знікнення вялікага арляца як віду.

Вялікага арляца, пазначанага легкаважным GPS-перадатчыкам, выпускаюць на волю. © Ülo Väli
Вялікага арляца, пазначанага легкаважным GPS-перадатчыкам, выпускаюць на волю. © Ülo Väli

Акустычны маніторынг

Зараз мы можам ідэнтыфікаваць галасы дзікай прыроды з дапамогай спецыяльнага класіфікатара. З 2019 года мы выкарыстоўваем акустычны маніторынг для назірання за кажанамі, птушкамі, цвыркунамі і сысунамі. Гэты метад неінвазіўны, рэнтабельны і дазваляе адначасова збіраць дадзеныя пра розныя біялагічныя віды. З дапамогай гэтага інструменту можна збіраць вялізныя аб’ёмы звестак за адносна невялікі прамежак часу ў параўнанні з традыцыйнымі метадамі даследавання.

У 2021 годзе прылады для гуказапісу, усталяваныя ў 180 кропках на Палессі, зрабілі мільёны запісаў. Класіфікаваць іх уручную практычна немагчыма. Каб вырашыць задачу, Брытанскі траст па арніталогіі распрацаваў алгарытм машыннага навучання, які дапамагае сартаваць запісы. Інструмент ідэнтыфікуе гукі дзікіх жывёл, адрозніваючы іх ад іншых натуральных шумоў, такіх як вецер ці дождж.

На сёння мы правялі акустычны маніторынг 16 відаў кажаноў, сотні тысяч запісаў згрупаваны па відах. Акустычны класіфікатар – частка больш буйнога еўрапейскага праекта па вывучэнні дзікай прыроды з дапамогай акустычнага маніторынгу.

Захавальнікаў Палесся ўсё больш!

Колькасць груп захавальнікаў Палесся, якія добраахвотна прысвячаюць свой час ахове прыроды Палесся, толькі ў адной Беларусі павялічылася больш чым удвая. Зараз у 18 групах у Беларусі і Украіне налічваецца больш як 260 удзельнікаў. Пандэмія працягвае перашкаджаць іх дзейнасці. Нягледзячы на гэта, групы правялі дзесяць палявых летнікаў (напрыклад, па прыборцы смецця) і 40 семінараў, прысвечаных экалагічнай асвеце. Ва Украіне створаны новыя экалагічныя сцежкі, у абедзвюх краінах прайшлі разнастайныя лекцыі і семінары на тэму дзікай прыроды.

Палессе на тэлебачанні

У 2021 годзе праект добра асвятляўся ў медыя. Нямецка-французская тэлекампанія ARTE правяла здымкі на праектнай тэрыторыі і выпусціла мастацкі фільм “Ратуючы еўрапейскую Амазонку”. Праект таксама быў паказаны ў серыяле ARD “Вялікае выміранне відаў”.

Падтрымка асабліва ахоўных тэрыторый Палесся

Для чатырох ахоўных тэрыторый зараз існуюць планы кіравання, а для ўкраінскіх ахоўных тэрыторый даступны навучальны курс, які ўключае больш як 20 модуляў. Ахоўныя тэрыторыі таксама атрымалі абсталяванне, такое як GPS, офісныя прылады, метэастанцыі, матацыклы.

Тэкст: Зан Лабушань, каардынатар па камунікацыях у ФЗТ. На загалоўным фота - прасторы прыроднага заказніка “Альманскія балоты”. Фота: Віктар Фянчук.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны прыродных ландшафтаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes Programme), і фінансуецца са сродкаў дабрачыннага фонду Лізбет Раўсінг і Пітэра Болдуіна «Аркадзія». Праект каардынуе Франкфурцкае заалагічнае таварыства і ажыццяўляе грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” – партнёр BirdLife у Беларусі, Украінскае таварыства аховы птушак і Брытанскі фонд па арніталогіі.