Абаронцы Палесся

Тэкст ад Занне Лабушань

 

Жыхары Палесся на беларускім і ўкраінскім баках валанцёраць, каб захаваць дзівосную дзікую прыроду, якую яны завуць домам.

Мясцовыя захавальнікі дзікай прыроды ахвяруюць вольным часам, каб абараніць дзікую прыроду палескіх заказнікаў і іншых прыродных тэрыторый ад непажаданага ўмяшальніцтва. Праект “Палессе – дзікая прырода без межаў” пры падтрымцы Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай працуе з 12 групамі валанцёраў-захавальнікаў з Украіны і 47 захавальнікамі з Беларусі. Ініцыятыва параўнальна новая і з цягам праекта падыходы да яе могуць змяняцца ў кожнай з краін. На нацыянальных узроўнях працэсам кіруюць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Украінскае таварыства аховы птушак (УТАП).

Вітайце Настасся!

У захавальнікі дзікай прыроды на беларускім Палессі запісаліся 47 чалавек. Пад іх асаблівай увагай — Тэрыторыі, важныя для птушак, на Альманскіх балотах, Сярэдняй Прыпяці і на Тураўскім балонні. У 2020 годзе для захавальнікаў і разам з імі каманда праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў” зладзіла восем матывацыйных сустрэч і семінараў па ўключэнні мясцовага насельніцтва ў прыродаахоўную справу.

Настасся Блоцкая, каардынатарка адной з трох палескіх груп захавальнікаў дзікай прыроды ад АПБ, правяла за 2020 год больш за 150 заняткаў экалагічнага напрамку ў мясцовых школах. Настаўніца па фізічнай падрыхтоўцы, Настасся распрацавала пазакласны курс для мясцовых школьнікаў пра птушак, пра рэдкія віды і віды, якія знікаюць, пра каштоўнасць прыроды. Гэты курс яна назвала ”Азбука арніталогіі”. Заняткі адбываюцца з трыма рознымі групамі ў дзвюх школах раз на тыдзень.

Настасся жыве разам са сваёй сям’ёй ў Тураве ўжо каля дзесяці гадоў, і нават за такі кароткі перыяд яна заўважыла шматлікія змены ў прыродзе гэтых мясцінаў. У прыватнасці, Настассю непакоіць недахоп ападкаў, які прывёў да паніжэння ўзроўню вады ў палескіх рэках і балотах. Нават яе сын-школьнік, што ходзіць у малодшыя класы, заўважае, што снегу ўзімку з кожным годам усё менш і менш. Уражаная хараством Палесся, Настасся заахвочвае людзей вакол сябе цікавіцца прыродай свайго краю і ахоўваць яе:

“Я б вельмі хацела, каб людзі зразумелі, што матэрыяльныя рэчы не такія важныя, як тыя, што дае прырода  — калі ты дыхаеш свежым паветрам, чуеш спевы птушак, шум вады — вось гэта сапраўдныя каштоўнасці!”

Ягадная ліхаманка

У цёплыя месяцы балоты і лясы Палесся пераўтвараюцца ў дываны з чарніц і журавін. Дзікія ягады — ежа для дзікіх жывёл, але і прыбытак для шматлікіх збіральнікаў. Для мясцовых жыхароў лясныя ягады — важная сезонная крыніца даходу, увосень яны збіраюць іх і прадаюць. Калі гэта робіцца ў некантраляваных маштабах і ў няправільных месцах, гэта робіцца праблемай.

Журавіны сабраныя ў Альманах. ©Элені Вендрас

Адно з такіх праблемных месцаў — заказнік “Альманскія балоты” — адзін з найбуйнейшых у Еўропе прыродных заказнікаў плошчай каля 100 000 гектараў. На яго тэрыторыі гняздуюць розныя рэдкія віды птушак, у тым ліку вялікі арлец. Альманы моцна цярпяць ад празмернай нагрузкі. Збіральнікі ягад пракладваюць нелегальныя дарогі, каб прасцей дабірацца да стаянак на балотных астравах. Пасля заканчэння сезону зямля вытаптаная, вакол шмат смецця. Вялікія арляцы вельмі чуллівыя да турбавання чалавекам. Калі  збіральнікі ягад будуць блізка ад гнязда, птушкі могуць кінуць сваіх птушанят.

Валанцёры граюць важную ролю ў барацьбе з пагрозамі прыродзе Палесся. У 2020 годзе яны некалькі разоў ездзілі на Альманы, каб прыбраць смецце на месцы нелегальных стаянак, выяўленых раней у межах праекта. Таксама быў арганізаваны трэнінг па выкарыстанні картаграфічных інструментаў, у тым ліку Геаграфічнай інфармацыйнай сістэмы (ГІС). Веды, якія яго ўдзельнікі атрымаді падчас семінара, былі выкарыстаны ў тым ліку для стварэння карт нелегальных стаянак. З дапамогай рэгіянальных каардынатараў, палявых экспертаў, работнікаў лясной гаспадаркі і захавальнікаў дзікай прыроды за паўтара года дзейнасці праекта было выяўлена і пазначана на карце 60 нелегальных лагераў збіральнікаў ягад на Альманскіх балотах і Старым Жадзене. Усе незаконныя стаянкі рэгулярна абследуюцца супрацоўнікамі праекта, а складзеная карта была перададзена адпаведным дзяржаўным органам.

Паплавы зарастаюць

Валанцёры беларускага Палесся ачышчаюць лугі ў ваколіцах Турава ад празмернай расліннасці. Са словаў арнітолага Паўла Пінчука, які больш за 20 гадоў сочыць за птушкамі на Тураўскай станцыі кальцавання, колькасць кулікоў па усёй Еўропе заўважна паменшылася, і гэта яго непакоіць. Адна з прычын гэтай з’явы — недахоп прыдатных для іх пражывання тэрыторый. Лугі ўздоўж водных шляхоў, якія птушкі гістарычна выкарыстоўваюць у якасці такавішчаў і месцаў для гнездавання, зарастаюць хмызняком і пераўтвараюцца ў рэдкалессе праз больш рэдкія вясновыя паводкіў. Празмерная расліннасць і нізкі ўзровень вады павялічваюць рызыку пажараў у экасістэмах. Вызваўляючы паплавы ад кустоўя, валанцёры спадзяюцца змяніць згубную тэндэнцыю, што пагражае дабрабыту Палесся, і зрабіць іх зноўку прыдатнымі для гнездавання кулікоў.

860 км на ровары па ўкраінскім Палессі

Ва Украіне створана 12 добраахвотных захавальніцкіх груп, якія працуюць з мясцовым партнёрам “Украінскае таварыства аховы птушак” (УТАП). Адзінаццаць з іх складаюцца са старшакласнікаў, а адна з груп створана пры Жытомірскім універсітэце. Яны рэгулярна збіраюцца для маніторынгу і захавання біяразнастайнасці на ўнікальнай прыроднай тэрыторыі, якую яны завуць домам. Нягледзячы на тое, што пандэмія COVID-19 скараціла магчымасці і не ўсё з запланаванага атрымалася рэалізаваць, сёлета ва Украіне быў дасягнуты важны прагрэс.

Падчас 860-кіламетровага падарожжа на роварах яго ўдзельнікі наведалі адзінаццаць груп валанцёраў-захавальнікаў з Украіны. Двухтыднёвым веласіпедным маршрутам у ліпені праехаў каардынатар мясцовых суполак праекта ва Украіне доктар Сергей Панчанка разам з камандай падтрымкі. Падарожжа дазволіла яго ўдзельнікам ацаніць патэнцыял турыстычных веладарожак у рэгіёне, таксама атрымалася наведаць заказнікі і іншыя прыродныя тэрыторыі, якія даглядаюцца валанцёрамі. Пандэмія ўнесла свае карэктывы, і каманда распрацавала новы план працы з валанцёрамі ў рэгіёнах, уключыўшы ў яго кіраванне масавымі мерапрыемствамі ў анлайн-рэжыме.

На працягу апошніх шасці месяцаў валанцёры займаліся стварэннем і развіццём экалагічных сцежак, праз якія турысты будуць знаёміцца адразу і з прыроднай, і з культурнай спадчынай рэгіёна. Адна з такіх сцежак на 29-кіламетраў была раней прапанавана ў Ровенскай вобласці, у 2021 годзе ўкраінская каманда імкнецца дапрацаваць некалькі іншых. У хуткім часе усе ахвочыя, у тым ліку і моладзь з мясцовай супольнасці, праслухаюць курс для гідаў, каб потым самастойна праводзіць экскурсіі па новых экалагічных сцежках.

Па ўсім свеце маладыя людзі мабілізуюцца на барацьбу ў абарону планеты, якую яны атрымаюць у спадчыну. Іх галасы, якія заклікаюць да рашучасці па пытаннях, звязаных са змяненнем клімата, сёння адны з самых гучных. Валанцёры з Палесся паказалі, што яны клапоцяцца пра будучыню свайго дома і гатовыя ахвяраваць час і сілы дзеля захавання ўнікальнай прасторы дзікай прыроды.

Занне Лабушань - каардынатар камунікацый у ФЗТ.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.