Новае пакаленне ахоўных тэрыторый Палесся

У Еўрапейскі дзень паркаў разважаем наконт "новага пакалення" ахоўных тэрыторый.

У цэнтральнай частцы Палесся мільён гектараў прыродных тэрыторый знаходзіцца пад аховай. Гэтая сетка ўключае тры нацыянальныя паркі і некалькі дзясяткаў заказнікаў. Ёсць нават тэрыторыі, не заселеныя людзьмі, як зона адчужэння Чарнобыльскай АЭС. І ў Беларусі, і ва Украіне яна дае прытулак для многіх відаў, у прыватнасці такіх буйных сысуноў, як лось, рысь, воўк і мядзведзь. Тым не менш, многія з найбольш значных прыродных ландшафтаў застаюцца не пад аховай, а заказнікі часта сутыкаюцца з недахопам бюджэту і неэфектыўным кіраваннем.

Праект “Палессе – дзікая прырода без межаў”, які з’яўляецца часткай Праграмы захавання ландшафтаў пад падгрозай і фінансуецца “Аркадыяй” – дабрачынным фондам Лізбет Раўзінг і Пітэра Болдуіна, займаецца абаронай біялагічнай разнастайнасці і аднаўленнем сувязяў паміж месцамі пражывання дзікіх жывёл на Палессі, якія мігруюць. Гэта дасягаецца дзякуючы падтрымцы існых ахоўных тэрыторый, павелічэнню іх плошчы, а таксама стварэнню новых такіх тэрыторый. 

Да сеткі ахоўных тэрыторый Палесся плануецца дадаць 100 000 гектараў.  Дзякуючы намаганням каманды праекта 10 000 гектараў ужо далучаны да заказніка “Альманскія балоты”. Цяпер пад аховай 104 000 га найбуйнейшага ў Еўропе комплекса амаль некранутых балот усіх тыпаў – гэта прыблізна як плошча Ганконга.

У пашырэнні ахоўных тэрыторый праект абапіраецца на навуку. Разам з адміністрацыямі ахоўных тэрыторый і навуковымі інстытутамі Беларусі супрацоўнікі праекта ладзяць маштабныя метадычныя даследаванні па ўсім Палессі. Сярод іх – нанясенне на карту лясоў высокай прыродаахоўнай значнасці і экспедыцыі для вызначэння месцаў з багатай біяразнастайнасцю. Для назірання за буйнымі сысунамі выкарыстоўваюцца фотапасткі. Яны дазваляюць ацаніць колькасць жывёлаў і шчыльнасць папуляцым, яе дынаміку і сувязь з ландшафтам. 

У далейшых планах праекта – павысіць дасведчанасць людзей наконт прыродных аб’ектаў цэнтральнага Палесся на глабальным узроўні праз вылучэнне тэрыторыі ў прэтэндэнты на статус аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і біясфернага рэзервата ЮНЭСКА, а таксама шляхам стварэння трансгранічных Рамсарскіх аб’ектаў.

Доктар Таццяна Кузьменка з Украінскага таварыства аховы птушак (УТАП) – рэгіянальны каардынатар праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў” ва Украіне. Яна адказвае за пашырэнне існых і абранне новых тэрыторый для надання ім ахоўнага статусу. Паразмаўлялі з Таццянай пра яе працу і будучыню палескіх ахоўных тэрыторый.

Глядзі кароткае відэа пра доктара Таццяну Кузьменка і яе працу:

Якая яна, праца рэгіянальнага каардынатара?

Таццяна: Як рэгіянальны каардынатар я ствараю аснову для пашырэння ахоўных зон і ўдасканалення кіравання імі. У тым ліку кантралюю, як эксперты выконваюць свае задачы; арганізую маніторынгі біяразнастайнасці, каб на падставе гэтых дадзеных потым пашырыць сетку ахоўных тэрыторый; займаюся перадачай пад ахову гнёздаў і месцаў размнажэння рэдкіх відаў; прапаноўваю новыя аб’екты для ўключэння ў Смарагдавую сетку.

На Палессі ўжо даволі развітая сетка ахоўных тэрыторый – чаму вы лічыце, што трэба ўтвараць новыя?

Таццяна: Палессе – унікальны рэгіён з пункту гледжання захавання дзікіх прыродных тэрыторый. Гэта адзін з самых значных прыродных ландшафтаў ва Украіне. Рэгіён змякчае глабальныя змены клімату для нашай і суседніх краін дзякуючы добра захаваным рэкам, балотам і лясам. 

На жаль, вельмі шмат каштоўных і ўнікальных прыродных тэрыторый знаходзіцца па-за межамі Смарагдавай сеткі – прыродных аб’ектаў, якія маюць асаблівую прыродаахоўную значнасць. Некаторыя знаходзяцца зусім побач з ахоўнымі зонамі, але за іх межамі. Гэтыя прыродныя ландшафты могуць знікнуць праз суцэльныя і прамысловыя высечкі ды здабычу бурштыну. Таму вельмі важна як мага хутчэй забяспечыць гэтым тэрыторыям юрыдычную абарону. Але гэта толькі першы крок. Далей нам трэба зрабіць так, каб нацыянальныя паркі і іншыя прыродныя тэрыторыі, што ўжо ёсць на карце, таксама былі належным чынам абаронены на месцах.

Як вы вырашаеце, якія ахоўныя зоны павінны быць пашыраны?

Таццяна: Мы вызначаем зоны высокай значнасці для біяразнастайнасці за межамі існых ахоўных зон і Смарагдавай сеткі. Для гэтага шукаем месцы гнездавання рэдкіх відаў. Да гэтага часу мы вызначылі 119 месцаў размнажэння шэрага жураўля і 50 рэдкіх відаў соў, ахову якіх патрэбна палепшыць. Каб выявіць гэтыя віды і лепш зразумець, якая прастора ім патрэбна для жыцця, мы праводзім даследаванні з выкарыстаннем акустычнага маніторынгу і фотапастак. 

Дагэтуль мы здолелі стварыць заяўкі на 13 новых аб’ектаў Смарагдавай сеткі, якія павінна зацвердзіць Камісія Бернскай канвенцыі. Акрамя таго, мы чакаем указа прэзідэнта аб стварэнні новага нацыянальнага парку “Пушча Радзівіла” плошчай 24 000 гектараў.

Доктар Таццяна Кузьменка з калегамі збіраюць сетку на кажаноў. Фота - Даніэль Розэнгрэн

Якія яшчэ цікавыя тэрыторыі ўкраінскага Палесся плануецца перадаць пад ахову ў межах праекта?

Таццяна: Мяне асабіста вельмі захапляе ініцыятыва мясцовай суполкі стварыць на Палессі нацыянальны парк “Славенчанска-Аўруцкі крыж”. З ініцыятывай выступілі мясцовыя жыхары, якія хочуць мець нацыянальны парк і развіваць турызм у раёне. Пачалася распрацоўка будучых турыстычных маршрутаў, на аднаўленне інфраструктуры жыхары вылучаюць уласныя грошы. Парку афіцыйна яшчэ няма, але удзельнікі ініцыятывы разглядаюць магчымасць будаўніцтва офіса. УТАП у межах праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў” падтрымлівае мясцовую супольнасць і дапамагае з падрыхтоўкай пакета дакументаў для стварэння такога парку.

Якімі будуць, на вашу думку, палескія паркі новага пакалення?

Таццяна: Я спадзяюся, што ў будучыні кіраванне нацыянальнымі паркамі і заказнікамі Палесся ўздымецца на больш высокі ўзровень. Пры гэтым экатурызм будзе грунтавацца на добрасуседскіх адносінах чалавека і прыроды, адпаведна з тымі стандартамі, што існуюць у іншых рэгіёнах Еўропы. Я лічу, што гэтага можна дасягнуць, да таго ж, наш праект гэтаму спрыяе. 

Супрацоўнікі ахоўных тэрыторый набываюць вопыт у сучасных метадах даследавання і кіраванні прыроднымі тэрыторыямі. Ахоўныя тэрыторыі ва Украіне знаходзяцца ў цяжкіх фінансавых умовах, і праект “Палессе – дзікая прырода без межаў” забяспечвае іх абсталяваннем для паляпшэння эфектыўнасці прыродаахоўнай дзейнасці. 

Тэкст – Заннэ Лабушчань, каардынатар па камунікацыях у ФЗТ.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.