Вывучэнне міграцыі вялікіх арляцоў - ключ да іх захавання: высновы міжнароднага даследавання

Дзе зімуюць самкі, а дзе самцы вялікіх арляцоў? Ці аднолькава паводзяць сябе падчас міграцыі птушкі з Эстоніі, Польшчы і Беларусі? Што адбываецца з месцамі зімоўкі гэтых крылатых драпежнікаў?

Адказы на гэтыя пытанні дае міжнароднае навуковае даследаванне, вынікі якога апублікаваны ў часопісе Bird Conservation International. Міжнародная група вучоных прааналізавала паводзіны прадстаўнікоў трох еўрапейскіх гнездавых груповак вялікіх арляцоў падчас міграцыі. Сярод суаўтараў публікацыі – супрацоўнік НАН Беларусі арнітолаг Валерый Дамброўскі і спецыяліст Брытанскага траста па арніталогіі Адам Эштан-Бат, якія вывучаюць вялікіх арляцоў у межах праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў”.

Міхаіл Франчук узбіраецца на гняздо вялікага арляца, каб усталяваць фотапастку. Фота: Вячаслаў Кайстра
Міхаіл Франчук узбіраецца на гняздо вялікага арляца, каб усталяваць фотапастку. Фота: Вячаслаў Кайстра
Птушаня вялікага арляца на балоце Сыра Пагоня. Фота: Міхаіл Франчук
Птушаня вялікага арляца на балоце Сыра Пагоня. Фота: Міхаіл Франчук

Вялікі арлец – адна з самых рэдкіх драпежных птушак: колькасць прадстаўнікоў віду ў Еўропе ацэньваецца ў менш як тысячу пар, прыблізна 120-160 з іх гняздуюць у Беларусі. Папуляцыя віду скарачаецца, і адна з асноўных прычын – знікненне непарушаных водна-балотных угоддзяў, якія служаць найлепшым месцам пражывання для гэтых крылатых драпежнікаў. Менавіта тут яны знаходзяць дастаткова здабычы: балотных птушак, дробных сысуноў, змей, земнаводных. Асушаныя і дэградаваныя водна-балотныя ўгоддзі неспрыяльныя для вялікіх арляцоў, бо не могуць забяспечыць ім дастатковае і разнастайнае харчаванне.

Якія яшчэ фактары ўплываюць на стан папуляцыі вялікіх арляцоў і якія меры могуць быць найбольш дзейснымі для іх захавання? Магчыма, некаторыя адказы хаваюцца ў асаблівасцях стратэгій міграцыі гэтых птушак і тых месцах, куды яны адлятаюць на зімоўку. Даведацца пра гэта больш дапамагло спадарожнікавае сачэнне: 28 дарослых вялікіх арляцоў з гнездавых груповак у Эстоніі, Польшчы і Беларусі (7, 9 і 13 птушак адпаведна) пазначылі легкаважнымі спадарожнікавымі перадатчыкамі. Сачэнне за асобнымі птушкамі доўжылася ад аднаго да дзевяці гадоў!

Найважнейшыя месцы гнездавання вялікага арляца ў заказніку “Альманскія балоты”, Беларусь. Фота: Віктар Фянчук
Заказнік “Альманскія балоты”, Палессе, Беларусь. Фота: Віктар Фянчук

Вучоныя даведаліся, што вялікія арляцы, якія гняздуюць на Палессі, абіраюць для зімоўкі Паўднёва-Усходнюю Еўропу, Бліжні Усход і Афрыку. Самцы звычайна мігруюць далей на поўдзень, чым самкі, і зімуюць большай часткай у Паўднёвым Судане і Эфіопіі. Самкі ж накіроўваюцца ў паўднёвую Грэцыю і Турцыю. Большасць водна-балотных угоддзяў на поўдні Еўропы было разбурана ці дэградавала ў 20-м стагоддзі. У прыватнасці, больш як 63% водна-балотных угоддзяў Грэцыі страчана ў перыяд з 1950 па 1985 год. Таму зараз вялікія арляцы вымушаны зімаваць у Еўропе на вельмі абмежаванай плошчы, і гэта яшчэ раз паказвае на тое, што асяроддзе пражывання мае вырашальнае значэнне для гэтага віду.

Еўрапейскія месцы зімоўкі вялікіх арляцоў знаходзяцца пад аховай. У той жа час у Афрыцы толькі дзве з 12 такіх тэрыторый маюць ахоўны статус, а значыць, там больш высокая рызыка пагаршэння стану водна-балотных угоддзяў, асабліва важных для рэдкіх птушак. Нагадаем: у Афрыцы зімуюць пераважна самцы вялікага арляца. У параўнанні з самкамі яны пераадольваюць значна большыя адлегласці – мігруюць да 2,5 тысячы кіламетраў далей на поўдзень. А значыць, паказчыкі выжывальнасці ў гэтага віду могуць істотна залежаць ад полу птушак: самцы апынуцца ў большай небяспецы. У сваю чаргу, дысбаланс паміж колькасцю самцоў і самак можа прывесці да гібрыдызацыі з блізкароднасным (і больш распаўсюджаным) малым арляцом. А гэта – дадатковая пагроза для захавання вялікіх арляцоў як віду.

Дуб-ветэран у Роўненскім запаведніку. Фота: Сяргей Канцырэнка
Дуб-ветэран у Роўненскім запаведніку. Фота: Сяргей Канцырэнка

Вучоныя адзначаюць, што стратэгіі міграцыі ў вялікіх арляцоў з розных гнездавых груповак адрозніваюцца.Вялікія арляцы, што гняздуюць у Беларусі, першымі пачыналі восеньскую міграцыю – у сярэднім 25 верасня. Праз некалькі дзён стартавалі іх суродзічы з Польшчы і апошнімі – птушкі з Эстоніі. Беларускія арляцы першымі дасягалі месцаў зімоўкі. Яны, дарэчы, і рухаліся хутчэй за іншых: пераадольвалі ў сярэднім 176 кіламетраў за дзень (для параўнання, сярэдняя хуткасць вялікіх арляцоў з Польшчы складала 151, а эстонскіх – 111 кіламетраў за дзень). Усе птушкі з Эстоніі зімавалі на поўдні Еўропы, у той час як польскія і беларускія размяркоўваліся паміж Еўропай, Бліжнім Усходам і Афрыкай.

З аднаго боку, размеркаванне вялікіх арляцоў паміж рознымі месцамі зімоўкі можа абараніць від ад знікнення: калі ў адным месцы пагаршаецца асяроддзе пражывання, надвор’е альбо змяняецца клімат, гэта пагражае не ўсёй папуляцыі, а толькі яе частцы. З другога боку, неспрыяльныя з’явы могуць неаднолькава ўплываць на птушак рознага полу з адной гнездавой групоўкі.

Даследчыкі падкрэсліваюць: найлепшыя месцы зімоўкі маюць выключна важнае значэнне для вялікага арляца. А ахова і аднаўленне гэтых прыродных тэрыторый патрабуюць першачарговай увагі, калі гаворка ідзе пра захаванне рэдкага віду.

Тэкст – Вольга Блажэвіч, спецыяліст АПБ по камунікацыях и Зан Лабушань, каардынатар па камунікацыях у ФЗТ.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.