Дзікая прырода ў зоне: навукоўцы напішуць стратэгію развіцця для ўнікальнага запаведніка

У Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ўпершыню з'явіцца план кіравання. Яго ў рамках праекта грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) "Палессе дзікая прырода без межаў" распрацуе навуковы аддзел ПДРЭЗ і навукоўцы з НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.

ПДРЭЗ у Беларусі і Чарнобыльскі радыяцыйна-экалагічны біясферны запаведнік ва Украіне адзіныя ў свеце радыяцыйна-экалагічныя запаведнікі. ПДРЭЗ не адносіцца да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) і ўваходзіць у структуру Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Але за 35 гадоў дзікая прырода адваявала прастору ў людзей: эвакуацыя і працяглая забарона на гаспадарчую дзейнасць зрабілі сваю справу. Тэрыторыю асвоілі барсукі і рысі, з гадамі амаль у дзесяць разоў вырасла папуляцыя завезеных з Белавежскай пушчы зуброў, ад суседзяў прыйшлі новыя віды. Але, як сцвярджае намеснік дырэктара ПДРЭЗ па навуковай рабоце Максім Кудзін, ёсць складанасці з тым, як звязаць навуковую і прыродаахоўную дзейнасць з выклікамі радыяцыйнага становішча:

“Мы разлічваем, што план кіравання дазволіць нам разглядаць запаведнік як ААПТ і напоўніць працу даследчага аддзела прыродаахоўнымі сэнсамі. У тым ліку рухацца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі па развіцці Смарагдавай сеткі і Рамсарскіх угоддзяў, стварыць цэнтры рэнатуралізацыі і рэінтрадукцыі для ахоўных відаў жывёльнага і расліннага свету, напрыклад коней Пржавальскага”.

Навукоўцы з НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах сумесна з навуковым аддзелам запаведніка рыхтуюць дакумент, у якім будуць прапісаныя меры і метады ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, якія не наносяць шкоды дзікай прыродзе, а таксама абавязковыя прыродаахоўныя меры для захавання біяразнастайнасці. Таццяна Трафімовіч, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, лічыць, што план кіравання дапаможа замацаваць здаровы баланс інтарэсаў на гэтай тэрыторыі:

“Згодна з законам, запаведнікам можна зваць тэрыторыю, якая не зазнавала моцнага ўздзеяння чалавека на працягу як мінімум 75 апошніх гадоў. Але на прыкладзе ПДРЭЗ мы бачым, што за 20-30 гадоў вялікая тэрыторыя без чалавека можа стаць адным з найлепшых у свеце запаведнікаў. Даць прыродзе і далей аднаўляцца пад наглядам навукоўцаў вельмі важна. Іх экспертыза і прафілактыка пагроз падмурак, на якім запаведнік зможа развівацца на карысць дзікай прыроды і людзей”.

Як паказалі шматгадовыя даследаванні, у зоне адчужэння нармальна развіваюцца папуляцыі жывёл. Там у адноснай бяспецы адчуваюць сябе водна-балотныя птушкі, для якіх мелкаводдзе, што ўтварылася пасля перакрыцця меліярацыйных каналаў пасля аварыі, сапраўдная раскоша. Разнастайнасць рыб прыцягвае навукоўцаў-іхтыёлагаў. Мядзведзь, арлан-белахвост, пугач і вялікі арлец, якія вярнуліся ў зону пасля аварыі, ствараюць запаведніку славу на ўсю Еўропу. Па словах арнітолага Валерыя Дамброўскага, гэта адзінае месца ў Еўропе, дзе колькасць вялікага арляца расце.

Унікальныя ўмовы і разнастайнасць відаў прыцягваюць у запаведнік навукоўцаў з усяго свету. ПДРЭЗ рэалізуе сумесныя праекты з Нарвегіяй, ЗША, Аўстраліяй, не кажучы ўжо пра краіны-суседкі. У 2019 годзе запаведнік наведаў брытанскі эколаг, прафесар сэр Джон Лоўтан:

“Мне пашанцавала пабываць у зоне адчужэння двойчы. Бачыць ваўкоў, ласёў, чорных буслоў, белых сініц і быць амаль аглушаным крыкамі драчоў і кумканнем жаб, знаходзячыся пры гэтым у Еўропе, ажыццявіліся адны з самых маіх вялікіх мараў як натураліста”.

Першы план кіравання для Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка распрацоўваецца ў рамках праекта “Палессе дзікая прырода без межаў”, які з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), выконваецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага грамадства і фінансуецца “Аркадзіяй” дабрачынным фондам Лізбет Раўзінг і Пітэра Болдуіна.

 

Тэкст – Аліна Ляпешкіна, спецыяліст АПБ по камунікацыях
Фатаграфіі – Валерый Дамброўскі
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны прыродных ландшафтаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes Programme), і фінансуецца са сродкаў дабрачыннага фонду Лізбет Раўсінг і Пітэра Болдуіна «Аркадзія». Праект каардынуе Франкфурцкае заалагічнае таварыства і ажыццяўляе грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” – партнёр BirdLife у Беларусі, Украінскае таварыства аховы птушак і Брытанскі фонд па арніталогіі.