Ахоўваем пералётных птушак і іх месцы пражывання на Палессі

Тэкст ад Занне Лабушань.

Са зменамі ў надвор’і на шырокіх балотах і ў лясах Палесся пачынаюць рух на поўдзень пералётныя птушкі. Палессе — гэта найвялікшая ў Еўропе прастора амаль некранутых водна-балотных ўгоддзяў, адпаведна, і тэрыторыя найвялікшай важнасці для птушак, якія мігруюць, у асаблівасці водна-балотных. Кожны год увесну сотні тысяч качак-свіцьваў і баталёнаў, больш за дваццаць тысяч вялікіх грыцукоў знаходзяць тут часовае прыстанішча.

Каб эфектыўна ахоўваць багацце дзікай прыроды Палесся, трэба разумець, дзе найбольшая канцэнтрацыя біяразнастайнасці і якія ў гэтай мясцовасці ёсць пагрозы для дзікай прыроды. Такая інфармацыя дазваляе вызначыць тэрыторыі, на якіх патрабуецца наданне ці паляпшэнне ахоўнага статуса. А здабывае гэтую інфармацыю каманда прафесіяналаў, якія нястомна працуюць у складаных умовах дзеля аднаго — захавання дзікай прыроды Палесся.

Тураўская станцыя кальцавання – найлепшае месца для вывучэння пералётных птушак

Каля 20 гадоў таму, у самым сэрцы Палесся, на беразе Прыпяці, Павел Пінчук заснаваў станцыю кальцавання. Арнітолаг, сябра АПБ, палкі натураліст цягам двух дзесяцігоддзяў большасць свайго часу прысвяціў кальцаванню, улікам і вывучэнню птушыных месцаў.

Назіранні Паўла і іншых арнітолагаў з Інстытута заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пралілі святло на стан птушынага свету рэгіёну, напрыклад, колькасць і разнастайнасць пералётных відаў. Гэтыя дадзеныя дазваляюць вызначыць пагрозы, якія патрабуюць умяшальніцтва прыродаахоўнікаў. Праца, што вядзецца ў Тураве, дапамагае зразумець патрэбы відаў, папуляцыі якіх скарачаюцца. У справу актыўна ўключаюцца і валанцёры — кожны год групы добраахвотнікаў накіроўваюцца ў Тураў, каб паўдзельнічаць у кальцаванні птушак, а тым самым і ў захаванні Палесся.

Прастора для дубальта

Год таму ў Тураве ўпершыню пазначылі дубальтаў перадатчыкамі, што дало рэдкую магчымасць прасачыць за міграцыяй птушак, якім пагражае глабальнае знікненне. Дубальты, пазнаць якiх можна па характэрным плямiстым палоскам, застаюцца на Палессі на цёплыя месяцы, каб адпачыць пасля працяглага пералёту і выгадаваць птушанят. Дзякуючы намаганням Паўла ахоўную зону ў 300 метраў вакол такавішч удалося захаваць — гэта зніжае рызыку турбавання птушак падчас размнажэння. Апошнія даследаванні паказалі, што ёсць іншыя месцы, важныя для дубальта, і яны таксама патрабуюць аховы.

З 2019 года каля сотні дубальтаў у ваколіцах Турава былі пазначаны кольцамі і 11 птушак атрымалі трансмітары, што дазволіла адсачыць міграцыйныя шляхі віду. Папярэднія даследаванні паказалі, што дубальты могуць пераадольваць без перапынкаў да 6 тысяч кіламетраў, пры гэтым іх хуткасць дасягае 165 кіламетраў за гадзіну.

Неўзабаве пасля таго як Павел скончыў чапляць перадатчыкі на дубальтаў ў Тураве, адна з пазначаных птушак “даслала” сігнал з заходняга берагу Афрыкі ў  Габоне – гэта дакладна за 6 тысяч кіламетраў ад месца, дзе ён быў першапачаткова злоўлены. Павал адзначае, што “каб перанесці гэта неверагоднае падарожжа, дубальту патрэбныя асаблівыя ўмовы: месцы, багатыя ежай, і зведзенае да мінімума турбаванне з боку людзей”. Наша каманда працуе над тым, каб такія месцы на Палессі існавалі і захоўваліся.

Меншыя паводкі, паніжэнне колькасці птушак

Палессе не мае імунітэту ад шкодных з’яваў, якія ўплываюць на біяразнастайнасць па ўсёй планеце — за апошнія некалькі гадоў звыклыя вясновыя разлівы рэк прыкметна паменшыліся, у 2020 годзе ўзровень вады ўпаў на 2 метры ніжэй за норму. Засушлівыя папярэднія гады сталі падставай для пажараў на вялікай прасторы паплавоў у красавіку мінулага года, гарэла таксама адно з дзвюх вядомых такавішч дубальтаў непадалёк ад Турава. На станцыі кальцавання перакананыя, што гэта прывяло да скарачэння колькасці дубальтаў у апошнія гады.

Хаця від знаходзіцца пад глабальнай пагрозай, дубальт рызыкуе быць падстрэленым падчас палявання. Птушку часам блытаюць з бакасам, на якога дазволена паляваць. Каб абараніць дубальта ад трагічных памылак паляўнічых, каманда праекта АПБ “Палессе – дзікая прырода без межаў” распрацавала дакумент для Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі з рэкамендацыямі па змяненні тэрмінаў палявання на бакаса.  Нельга абысці і такія гістарычныя пагрозы, як змены ў гідралагічным рэжыме  Палесся, з прычыны якіх месцы пражывання відаў ці памяншаюцца, ці ўвогуле знікаюць. Каманда праекту плануе аднавіць каля 6 тысяч гектараў балот, з якімі, спадзяемся, вернуцца і важныя тэрыторыі для птушак.

Занне Лабушань - каардынатар камунікацый у ФЗТ.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.