Пашпарты для «рэдкасцяў Палесся»: лепшая ахова для каштоўных відаў

Добрая навіна для дзікай прыроды Палесся! Цягам мінулага года перададзены пад ахову 142 месцаў пражывання дзікіх жывёл і ўзрастання дзікіх раслін у Лельчыцкім і Столінскім раёнах Беларусі. Іх агульная плошча складае 6500 гектараў. Дзякуючы нашаму праекту больш надзейную абарону набылі 42 рэдкія віды: сысуны, птушкі, рэптыліі, насякомыя, расліны, грыбы. Сярод іх – вялікі арлец і белая сініца, барсук і арэшнікавая соня, балотная чарапаха і вялікі сплаўны павук, расянка прамежкавая і грыфала кучаравая.

Перадача месцаў іх пражывання ці ўзрастання пад ахову – няпростая працэдура, якая патрабуе ўдзелу розных спецыялістаў і інстанцый. Без гэтага немагчыма вызначыць пералік патрэбных ахоўных мер і зрабіць іх выкананне абавязковым, а значыць, забяспечыць захаванне рэдкіх відаў і іх “жытла”.

Рэдкія віды жывёл, раслін і грыбоў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення і падлягаюць асаблівай ахове, пералічаны ў Чырвонай кнізе Беларусі. Але мала канстатаваць: гэтаму віду неабходная абарона. Патрэбны спецыяльныя навукова абгрунтаваныя ахоўныя меры не толькі для віду ў цэлым, але і для кожнага належным чынам зарэгістраванага месца, дзе ён сустракаецца.

Такія месцы выяўляюць падчас навуковых даследаванняў, лесаўпарадкавання альбо прыродаахоўных мерапрыемстваў. Бывае, што знаходзяць іх і звычайныя грамадзяне. Але дакументальна зафіксаваць знаходку можа не любы ахвочы, а толькі спецыяліст з адпаведнай кваліфікацыяй. У спецыяльны дакумент – пашпарт – заносяцца звесткі пра выяўленае месца пражывання альбо ўзрастання рэдкага віду: назва, фотаздымак, апісанне і каардынаты месца, колькасць асобін альбо раслін, стан папуляцыі.

Разам з пашпартам афармляецца ахоўнае абавязацельства. У ім пералічваюцца ахоўныя меры і вызначаецца той, хто будзе несці адказнасць за іх выкананне – як правіла, землекарыстальнік. Гэта можа быць і юрыдычная асоба (напрыклад, лясная гаспадарка), і індывідуальны прадпрымальнік, у чыім карыстанні знаходзіцца тэрыторыя, і нават фізічная асоба.

Пашпарты і ахоўныя абавязацельствы накіроўваюцца ў мясцовую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а далей – у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі для праверкі і ўзгаднення. Узгодненыя дакументы становяцца падставай для рашэння мясцовага органа ўлады аб перадачы пад ахову месцаў пражывання альбо ўзрастання рэдкіх відаў. Вось цяпер ахоўныя меры маюць усе юрыдычныя падставы! За іх выкананнем сочыць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльныя органы.

Што ж менавіта трэба (альбо, наадварот, нельга) рабіць, каб захаваць рэдкі від?

Відавочна, гэтыя меры не аднолькавыя для раслін і рыб, насякомых і грыбоў, рэптылій і птушак.

Еўрапейская балотная чарапаха. © Даніэль Розенгрэн.

Выжыванне балотнай чарапахі (Emys Orbicularis) наўпрост залежыць ад захаванасці балот і рачных поймаў. Там, дзе яна пражывае, забаронена асушальная меліярацыя. Не дазваляюцца таксама працы, звязаныя з пашкоджаннем натуральнага глебавага покрыва і карыстаннем нетрамі – яны небяспечныя для кладак і чарапашанят. Асобныя меры прадугледжаны для водных аб’ектаў: іх нельга штучна заглыбляць і выпростваць, забаронена зліваць у іх сцёкавыя і дрэнажныя воды, здабываць ці знішчаць водныя расліны.

Самцы жука-рагача. © Сяргей Канцырэнка.

Лічынкі жука-рагача (Lucanus Cervus) развіваюцца некалькі гадоў. Увесь гэты час яны жывуць на мёртвых дрэвах і харчуюцца спарахнелай драўнінай. Адна з асноўных пагроз для рэдкага насякомага – вырубка старых шыракалісцевых лясоў, асабліва дуброў, выдаленне сухастойных дрэў і ветравалаў падчас санітарных рубак лесу. Там, дзе выяўлены месцы пражывання жука-рагача, нельга ссякаць старыя і засохлыя дрэвы, прымяняць хімікаты, паліць сухую расліннасць і адходы лесанарыхтоўкі.

Беласпінны дзяцел. © Даніэль Розенгрэн

Яшчэ адзін “чырванакніжны” від – беласпінны дзяцел (Dendrocopos Leutocos). Аснова яго рацыёну – насякомыя, здабытыя з-пад кары засохлых дрэў. У мёртвых падгнілых дрэвах гэтыя птушкі будуюць сабе жытло. Таму на тэрыторыі, дзе сустракаецца беласпінны дзяцел, забаронена высякаць любыя дрэвы. Каб забяспечыць рэдкім птушкам спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня побач з месцамі іх пражывання забаронены паляванне, нарыхтоўка лясных рэсурсаў.

Фіялка тапяная - адзін з відаў флоры Палесся, што патрабуе аховы. © Андрэй Абрамчук

А гэта – фіялка тапяная (Viola Uliginosa). Яе арэал у Еўропе дастаткова вялікі, але колькасць віду паўсюдна скарачаецца. Балоцістая мясцовасць і поймы рэк, для якіх характэрныя сезонныя затапленні, – аптымальнае асяроддзе для гэтых раслін. Таму не дзіўна, што гэты від распаўсюджаны на Палессі. У месцах узрастання фіялкі тапяной і побач з імі забаронена выкарыстанне гусенічнага транспарту і  іншыя працы, якія могуць прывесці да пашкоджвання ці знішчэння натуральнага глебавага покрыва, на такіх тэрыторыях нельга праводзіць асушальную меліярацыю. Весці высечку лесу можна абмежавана і толькі пры наяўнасці ўстойлівага снежнага покрыва.

Мы працягваем выяўляць і перадаваць пад ахову месцы пражывання і ўзрастання рэдкіх відаў, каб зрабіць іх ахову больш эфектыўнай!

Загалоўнае фота: матылёк пурпурны імператар. Фота: Даніэль Розенгрэн.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны прыродных ландшафтаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.