2022-гі: перамогі для дзікай прыроды ў год выпрабаванняў

2022 год стаў годам горкіх выпрабаванняў для Палесся. Вядомае раней як каштоўная тэрыторыя дзікай прыроды, яно ператварылася ў арэну баявых дзеянняў. У выніку ваенных падзей ва Украіне нам давялося перагледзець і скараціць наш праект, паколькі многія прыродаахоўныя планы немагчыма рэалізаваць у цяперашняй сітуацыі. І ўсё ж намаганні,  якія мы прыкладалі раней, не былі марнымі і прынеслі свой плён у 2022-ім.

Ахоўныя тэрыторыі: большыя плошчы, больш цесная звязанасць

36,000 гектараў – гэта агульная плошча тэрыторый, што атрымалі ахоўны статус праз стварэнне новага нацыянальнага парка, заказніка, а таксама прыняцця ахоўных пашпартоў для месцаў пражывання і ўзрастання рэдкіх відаў.

2022 год пачаўся з натхняльных навін: дэкрэтам прэзідэнта Украіны абвешчана стварэнне новага нацыянальнага парка “Пушча Радзівіла”. Такім чынам пад ахову ўзятыя тэрыторыі высокай прыродаахоўнай каштоўнасці, у тым ліку стараўзроставыя хваёвыя лясы і балотныя масівы. “Пушча Радзівіла” ахоплівае плошчу 24,265 гектараў. Тут сустракаюцца больш як 450 відаў флоры і 230 – фаўны, дзясяткі з іх маюць нацыянальны ахоўны статус. Сярод насельнікаў нацыянальнага парка – шэрыя журавы, цецерукі, бабры, ласі, рысі, шматлікія віды кажаноў.

“Пушча Радзівіла”, якая мяжуе з Роўненскім прыродным запаведнікам і заказнікам “Альманскія балоты”, стала новым звяном у сетцы ахоўных прыродных тэрыторый Палесся. Дзякуючы стварэнню новага нацыянальнага парка ўзмацніліся ахова і экалагічная звязанасць найбуйнейшага ў Еўропе комплекса верхавых і пераходных балот.

Нацыянальны парк "Пушча Радзівіла", Палессе, Украіна. Фота Сяргея Канцырэнкі

На падставе палявых даследаванняў, праведзеных у рамках праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў” у 2020-2021 гадах, 142 месцы пражывання і ўзрастання рэдкіх відаў афіцыйна перададзены пад ахову. Іх агульная плошча складае 6,372 гектары. Сорак два віды атрымалі лепшую ахову, у тым ліку сысуны, рэптыліі, птушкі, насякомыя, расліны і грыбы. Выяўленне, картаграфаванне такіх месцаў і прыняцце ахоўных пашпартоў выключна важныя для забеспячэння надзейнай аховы рэдкіх відаў. Гэтая працэдура прадугледжвае распрацоўку навукова абгрунтаваных ахоўных мер для кожнага асобнага віду (а часам – нават для асобнага месца пражывання ці ўзрастання). Вызначаныя меры абавязковыя, і іх выкананне кантралюецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Тым часам у лютым 2022 года заказнік “Альманскія балоты” атрымаў новы план кіравання на наступныя 20 гадоў. Прыняццю дакумента папярэднічалі месяцы карпатлівай працы па стварэнні пераліку навукова абгрунтаваных мер па захаванні і падтрыманні каштоўных экасістэм і папуляцый рэдкіх відаў флоры і фаўны, а таксама забеспячэнні ўстойлівага функцыянавання заказніка. Чакаецца, што гэтыя меры здолеюць у перспектыве зменшыць альбо нівеляваць найбольш істотныя пагрозы экасістэмам Альманскіх балот, такіх як змены клімату, асушальная меліярацыя, прыродныя пажары, нелегальная нарыхтоўка драўніны, засыханне дрэў, распаўсюджванне інвазіўных відаў флоры і фаўны.

Найважнейшыя месцы гнездавання вялікага арляца ў заказніку “Альманскія балоты”, Беларусь. Фота: Віктар Фянчук
Заказнік “Альманскія балоты”, Палессе, Беларусь. Фота: Віктар Фянчук

Навука для Палесся: доўгатэрміновае назіранне ў цэнтры ўвагі

Прыродны ландшафт Палесся сфармаваны Прыпяццю – адной з нешматлікіх буйных рэк Еўропы, што не былі мадыфікаваны чалавекам і засталіся практычна ў сваім натуральным стане. Абаронцы дзікай прыроды Палесся настойваюць, што захаванне і патрыманне натуральнага воднага рэжыму Прыпяці – ключавы фактар для захавання экасістэм і біяразнастайнасці ўсяго рэгіёна. Яшчэ адзін аргумент на карысць гэтай пазіцыі – навуковае даследаванне, праведзенае ў межах нашага праекта і апублікаванае ў студзені 2022 года. Падводзячы вынікі доўгатэрміновага назірання, якое доўжылася з 2001 па 2020 год, спецыялісты даводзяць, што натуральны водны рэжым рэк выключна важны для дубальтаў у перыяд размнажэння.

Спаборніцтва за самку – выключна энергазатратны працэс для самцоў дубальта. За адну ноч такавання яны трацяць да 5% масы цела. Таму багатыя кармавыя тэрыторыі паблізу такавішчаў – неабходная ўмова для падтрымання добрага фізічнага стану птушак. Да 90% рацыёну дубальта складаюць дажджавыя чарвякі, даступнасць якіх залежыць ад узроўню вады. Яе нізкі ўзровень дазваляе чарвякам рассяроджвацца ў адносна глыбокім пласце глебы. Аднак па меры павышэння ўзроўню вады яны вымушаны канцэнтравацца бліжэй да паверхні. У гэтым выпадку дубальты маюць шмат лёгкадаступнай ежы, і іх фізічны стан паляпшаецца. У той жа час далейшы рост узроўню вады, звязаны з затапленнем кармавых тэрыторый дубальта, прыводзіць да зніжэння масы цела птушак падчас такавання. Прычына такой з’явы ў тым, што дажджавыя чарвякі пакідаюць затопленыя паводкай тэрыторыі; параўнальна кароткія ногі дубальта не дазваляюць яму паспяхова шукаць здабычу на такіх участках. Таму птушкі вымушаны здзяйсняць частыя пералёты ў пошуках ежы і такім чынам траціць больш энергіі.

Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што натуральны водны рэжым Прыпяць з уласцівымі ёй сезоннымі ваганнямі ўзроўню вады важны для захавання такавішчаў дубальта і, магчыма, іншых відаў кулікоў, якія размнажаюцца ў поймах палескіх рэк.

Great snipes breed on the River Pripyat Floodplains. Turov area, Polesie, Belarus. © Daniel Rosengren
Дубальт у пойме Прыпяці, Тураў, Беларусь. Фота: Даніэль Розенгрэн

Яшчэ адна публікацыя, што пабачыла свет у пачатку 2022 года, разглядае ўнікальны прыклад аднаўлення дзікай прыроды ў Чарнобыльскай зоне адчужэння. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) стала адной з самых страшных тэхнагенных катастроф у гісторыі. У выніку гэтага трагічнага здарэння на вялікіх тэрыторыях, што калісьці вылучаліся шчыльнай заселенасцю і інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай, чалавечая дзейнасць у адзін момант спынілася. Людзі, якія жылі тут да 1986 года, былі пераселены, сельскагаспадарчыя ўгоддзі закінуты, асушальныя каналы заблакаваны, каб папярэдзіць пажары і распаўсюджванне радыяцыі з вадой. Такім чынам быў пакладзены пачатак унікальнаму эксперыменту па некіраваным аднаўленні дзікай прыроды.

Доўгатэрміновае дынамічнае назіранне за станам экасістэм у Чарнобыльскай зоне адчужэння, якое доўжылася з 1999 па 2017 год, паказала, што за гэты час плошчы водна-балотных угоддзяў і лясоў значна выраслі. Паралельна з гэтым відавы і колькасны склад фаўны на гэтых тэрыторыях таксама змяніўся. Маніторынг дзённых драпежных птушак, які праводзіўся з 1998 па 2019 год, паказаў, што вялікі арлец і арлан-белахвост – абодва тыповыя насельнікі водна-балотных угоддзяў, адчувальныя да турбавання чалавекам, якія былі зніклі з даследаванай тэрыторыі да аварыі на Чарнобыльскай АЭС – вярнуліся, і іх колькасць вырасла. У той жа час даследчыкі выявілі скарачэнне папуляцый драпежных птушак, якія спецыялізуюцца на паляванні ў сельскагаспадарчых угоддзях.

Аўтары даследавання адзначаюць, што пасіўнае аднаўленне экасістэм здольнае вярнуць нізінныя тэрыторыі Еўропы ў натуральны ці блізкі да натуральнага стан – і ў сэнсе экасістэм, і ў сэнсе біяразнастайнасці.

Картаграфаванне ландшафту Палесся

Яшчэ адно дасягненне нашых вучоных у 2022 годзе – распрацоўка першай карты наглебавага расліннага покрыва ўсяго Палесся. Гэта стала магчымым дзякуючы карпатлівай працы па суаднясенні вынікаў маштабнага палявога даследавання і дадзеных, атрыманых ад пары спадарожнікаў Sentinel. Для апрацоўкі інфармацыі выкарыстоўваўся Google Earth Engine. На карце ідэнтыфікаваны шэраг тыпаў наглебавага покрыва, якія могуць быць распазнаны з арбіты спадарожніка, такія як сельскагаспадарчыя ўгоддзі і населеныя пункты, вада, хваёвыя і ліставыя лясы, лугі, балоты. Гэты інструмент дапаможа спецыялістам у правядзенні розных відаў аналізу. У прыватнасці, карта будзе карыснай для дынамічнага маніторынгу аднаўлення альбо, наадварот, дэградацыі прыродных тэрыторый, зменаў у землекарыстанні, у вывучэнні інтэнсіўнасці сезонных паводак на Палессі. Таксама карта дасць новыя магчымасці для аналізу экалагічнай звязанасці прыродных тэрыторый, картаграфавання распаўсюджвання відаў, пашырэння ахоўных тэрыторый і кіравання імі.

Мы спадзяёмся, што 2023 год будзе больш спрыяльным для аднаго з самых вялікіх і каштоўных прыродных ландшафтаў Еўропы і людзей, што яго насяляюць. І мы пачынаем новы год з імкненнем і далей працаваць на карысць дзікай прыроды Палесся і тых, хто заве гэтую зямлю сваім домам.

Загалоўнае фота: пойма Прыпяці на захадзе сонца. Фота: Віктар Малышчыц

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.