Паміж Палессем і Замбіяй: самка арляца з Палесся выбрала незвычайнае месца зімоўкі ў Афрыцы
Вялікія арляцы з Палесся вось-вось пачнуць восеньскую міграцыю на поўдзень. Іх месцы зімоўкі знаходзяцца ў Еўропе, Азіі і Афрыцы: гэтыя птушкі праводзяць халодны сезон на Балканскім паўвостраве, у Ізраілі, Паўднёвым Судане і нават Паўднёвай Афрыцы! Дзякуючы GPS-трэкінгу мы не толькі маем магчымасць выяўляць заканамернасці міграцыі птушак, важныя для іх вывучэння і захавання, але таксама даведваемся пра незвычайныя рэчы, якія здзіўляюць нават дасведчаных навукоўцаў. Пра адну такую цікавостку расказаў арнітолаг Валерый Дамброўскі.
Самка арляца з Палесся Ляда кожны год зімуе ў Замбіі на невялічкім кавалачку зямлі плошчай усяго каля 3 квадратных кіламетраў. Гэта вельмі мала нават для вялікага арляца, а наша самка – гібрыд паміж вялікім і малым арляцамі. Для малых арляцоў тыпова мець на зімоўцы некалькі харчовых пляцовак на значнай адлегласці адна ад другой, што стварае велізарныя зімовачныя арэалы ў некалькі дзясяткаў тысяч кіламетраў.

У вялікіх арляцоў зімовыя пляцоўкі значна меншыя, але яны таксама звычайна вымяраюцца дзесяткамі ці нават сотнямі квадратных кіламетраў. То бок Ляда – выключэнне з правілаў. Яе штодзённыя перасоўванні паміж дзвюма часткамі лесу складаюць усяго 2 кіламетры. Каб зразумець, што дазваляе птушцы існаваць доўгі час у такіх сціплых умовах, спатрэбілася добра паглыбіцца ў інтэрнет. На шчасце, выявілася, што гэтыя мясціны ў Замбіі добра вядомыя сярод знаўцаў прыроды. Менавіта тут знаходзіцца нацыянальны парк “Касанка”, створаны для аховы мясцовай біяразнастайнасці. Сярод прадстаўнікоў мясцовай фауны – шэраг відаў лясных антылоп, блакітная малпа, каля 400 відаў птушак. Аднак неўзабаве высветлілася, што на тэрыторыі парку штогод адбываецца адно з найвялікшых відовішчаў дзікай прыроды Афрыкі, якое збірае мноства турыстаў са ўсяго свету.
З сярэдзіны кастрычніка да канца снежня ў Касанку прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў (Eidolon helvum). Усе яны для адпачынку выбіраюць невялікі па плошчы (усяго каля 2 га) багністы лес. У гэты час тут утвараецца найвялікшая канцэнтрацыя млекакормячых у свеце. Пальмавыя крыланы – даволі буйныя прадстаўнікі атраду Рукакрылых. Маса дарослай асобіны дасягае 350 г, размах крылаў – больш за 70 см. Падчас адпачынку крыланы шчыльнымі шэрагамі садзяцца на галіны дрэў, якія гнуцца і нават ломяцца пад цяжарам жывёл.

Не дзіўна, што велізарная колькасць крыланаў прываблівае мноства драпежнікаў, якія амаль цалкам пераходзяць на харчваванне гэтай лёгкадаступнай ежай. Паласавацца крыланамі прылятаюць афрыканскія ястрабіныяды баявыя арлы, сокалы-кабцы, каршуны і шмат іншых. Акрамя таго, тут ёсць кракадзілы, змеі ды нільскія вараны, якія пільна сочаць ці не зваліцца каторы крылан-недарэка на зямлю.
А што ж наша Ляда? Ці мае яна дачыненне да гэтай прыроднай феерыі? Высветлілася, што мае! Менавіта ў крыланавы лес яна і лётае кожны дзень цягам амаль ўсёй зімоўкі. Наша птушка прылятае ў Замбію напрыканцы кастрычніка, акурат у час прыбыцця рукакрылых. Няма сумневу, што яна, як і шмат іншых мясцовых драпежнікаў, жыве за кошт гэтай дзіўнай і не да канца зразумелай прыроднай з’явы – масавай канцэнтрацыі крыланаў у адным месцы.

Хто б мог падумаць! Ляда жыве побач з намі на Сярэдняй Прыпяці, нічым не вызначаецца сярод дзясяткаў іншых суродзічаў, яе суседзяў. Але адначасова яна – тое звяно, што звязвае нас з найцікавейшымі падзеямі ў іншай частцы свету. А колькі яшчэ таямніц хаваюць іншыя нашы “звычайныя” арляцы? Можна толькі здагадвацца і спадзявацца на новыыя адкрыцці.