Вайна з вышыні птушынага палёту: ваенны канфлікт ва Украіне ўплывае на сезонную міграцыю вялікіх арляцоў

Палессе – дом для многіх рэдкіх відаў, у тым ліку – вялікага арляца, занесенага ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды. 20% еўрапейскай папуляцыі гэтага віду гняздуе на Палессі. Дзіва што гэтыя птушкі былі ў цэнтры ўвагі нашага праекта ад самага пачатку. Каб даведацца больш пра іх паводзіны, заканамернасці міграцыі і месцы зімоўкі, у межах нашага праекта больш як 20 птушак былі пазначаныя GPS-перадатчыкамі. У той час ніхто не мог нават уявіць сабе, што звесткі, атрыманыя такім чынам, будуць выкарыстаныя для аналізу ўздзеяння ваеннага канфлікту на міграцыю вялікіх арляцоў.

24 лютага 2022 года Расійская Федэрацыя пачала ваеннае ўварванне на тэрыторыю Украіны. А 3 сакавіка першыя з дзевятнаццаці арляцоў, пазначаных перадатчыкамі, даляцелі да ўкраінскіх межаў, кіруючыся з поўдня да сваіх месцаў гнездавання на беларускім Палессі – гэта быў іх звычайны веснавы маршрут. Тым часам ваенныя дзеянні пашыраліся на ўсё новыя і новыя тэрыторыі. І вучоныя, нягледзячы на шок ад таго, што адбывалася, зразумелі, што гэта рэдкая магчымасць атрымаць інфармацыю ўнікальнай навуковай значнасці. Несумненна, вайна ўплывае на дзікую прыроду – як непасрэдна, праз павышаную смяротнасць жывёл і шкоду навакольнаму асяроддзю, так і, рознымі шляхамі, ускосна. Але даследаваць гэтыя працэсы заўжды вельмі складана і небяспечна, не кажучы ўжо пра атрыманне дадзеных у рэжыме рэальнага часу. Большасць ранейшых навуковых прац канцэнтраваліся на тэме аселых відаў, што пражываюць паблізу месцаў правядзення ваенных вучэнняў. У той жа час уплыў ваенных дзеянняў на пералётных птушак мала даследаваны, хоць глабальна значныя міграцыйныя калідоры праходзяць паўз некалькі зон актыўных ваенных канфліктаў.

У нашым выпадку даследчыкі прасачылі за перамяшчэннямі вялікіх арляцоў увесну 2022 года пры дапамозе GPSперадатчыкаў, а потым суаднеслі гэтыя звесткі з дадзенымі праекта Armed Conflict Location and Event Data (ACLED).

Як выявілася, птушкі дэманстравалі тыповыя паводзіны да таго, як даляцелі да Украіны. Аднак дасягнуўшы зоны актыўнага ваеннага канфлікту, яны пачалі паводзіць сябе не так, як у папярэднія гады.

Да 2022 года 90% назіраных птушак рабілі прыпынкі ва Украіне на шляху да сваіх месцаў гнездавання. У 2022 годзе толькі трэцяя частка спынялася ў звычайных для сябе месцах. Таксама арляцы дэманстравалі значныя адхіленні ад звыклых маршрутаў.

Акрамя таго, яны ляцелі на 20-30% павольней, і пералёт праз Украіну заняў у іх больш часу (на 25% долей для самак і на 50% долей для самцоў). У выніку птушкі даляцелі да сваіх гнёздаў пазней, чым звычайна, патраціўшы пры гэтым значна больш сіл і энергіі. Аўтары даследавання мяркуюць, што гэтыя змены ў паводзінах птушак маглі мець крытычныя наступствы для іх фізічнага стану.

Вучоныя прыводзяць самку вялікага арляца па мянушцы Дзяніса ў якасці прыкладу нетыповых паводзін увесну 2022 года. Яна стала сведкай многіх праяў вайны. Сутыкнуўшыся з абстрэламі і выбухамі, Дзяніса рушыла на захад, каб пазбегнуць пралёту над зонай канфлікту. Схема паказвае маршрут Дзянісы і падзеі, з якімі яна сутыкалася на саім шляху.

Ранейшыя даследаванні паказалі, што шматлікія і разнастайныя антрапагенныя фактары, асабліва ў сваіх нечаканых, раптоўных праявах, могуць выклікаць цяжкі і працяглы стрэс у жывёл і моцна змяняць іх паводзіны. Аднак узброены канфлікт, які суправаджаецца выбухамі, стрэламі, мініраваннем, масіраваным перасоўваннем людзей і тэхнікі, непасрэдным разбурэннем экасістэм, прыроднымі пажарамі, цяжка параўнаць па сіле ўздзеяння з любым іншым антрапагенным фактарам. Такія надзвычайныя з’явы могуць аказваць доўгатэрміновы ўплыў на вялікіх арляцоў, вельмі адчувальных да турбавання чалавекам. У прыватнасці, можа моцна пацярпець фізічны стан птушак, а таксама і паспяховасць іх размнажэння. Апошняе асабліва важна з улікам таго, што ў гэтага віду поспех размнажэння ў сярэднім даволі нізкі.

Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што чалавечыя канфлікты могуць аказваць вялікі непасрэдны і ўскосны ўплыў на пералётных птушак, прычым не толькі ва Украіне, але і ў іншых гарачых кропках, што можа нанесці непапраўную шкоду сотням відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, і мільёнам пералётных птушак.

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.

This post is also available in EN.