Вайна пад іх крыламі: вялікія арляцы вяртаюцца на Палессе

Доўжыцца вясновая міграцыя вялікіх арляцоў. Дваццаць працэнтаў еўрапейскай папуляцыі гэтых птушак гняздуюць на Палессі. Дзякуючы спадарожнікаваму сачэнню мы можам уважліва назіраць за іх пералётам. Зараз даследчыкі асабліва занепакоены міграцыяй вялікіх арляцоў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: па дарозе дадому птушкі перасякаюць Украіну, дзе працягваецца актыўная фаза ўзброенага канфлікту.

Вялікія арляцы вяртаюцца да сваіх гнёздаў на Палессі з Балканскага паўвострава, Ізраіля, Паўднёвага Судана, Замбіі і нават Паўднёвай Афрыкі. Штогод яны пралятаюць тысячы кіламетраў, каб дасягнуць месцаў гнездавання ці зімоўкі. Іх падарожжа штораз поўнае складанасцей і пагроз. Але зараз яны сутыкаюцца з яшчэ адным выпрабаваннем: баявыя дзеянні адбываюцца на іх міграцыйным шляху. Палескія вялікія арляцы ўпершыню сутыкнуліся з гэтым летась. Арнітолаг Валерый Дамброўскі, які не адно дзесяцігоддзе вывучае вялікіх арляцоў і ўважліва назірае за птушкамі, пазначанымі GPS-перадатчыкамі, падзяліўся з намі некаторымі са сваіх назіранняў.

“Па сярэдніх датах пачатку ці канца, па працягласці і іншых паказчыках вясновая міграцыя 2022 не вельмі адрознівалася ад іншых гадоў. Але мы мусілі больш пільна ўглядацца ў трэкі нашых арляцоў, бо ўсе іх шляхі да радзімы праходзяць праз Украіну, дзе вяліся актыўныя баявыя дзеянні. Асаблівая ўвага была да арляцоў з Чарнобыльскай зоны, што мусілі ляцець праз Кіеўшчыну. Першым з іх накіраваўся дадому самец Баравец. Ён ляцеў над Украінай традыцыйным шляхам праз Адэскую і Чаркаскую вобласці. Пад Кіеў ён трапіў 29 сакавіка, акурат калі расейскія вайскоўцы былі вымушаны адыходзіць. Баравец спыніўся на левым беразе Дняпра ў рэкрэацыйнай зоне, каб перачакаць дрэннае надвор’е: неба зацягнула хмарамі, пайшоў дробны халодны дождж. Наступны дзень ён таксама правёў у гэтым месцы. Здалёк чуліся выбухі, бо Кіеў яшчэ працягвалі абстрэльваць. Але ці здолее птушка адрозніць гукі артылерыі ад далёкай навальніцы? Бадай што не. Калі 31 сакавіка выбліснула сонейка, Баравец падаўся далей на поўнач.

Месца прыпынку Бараўца 29-30 сакавіка 2022 у пойме Дняпра. Фота: Sergiy L, Google Earth

Баравец няспешна праляцеў уздоўж усходніх ускраін Кіева і далей па-над берагам Кіеўскага вадасховішча. Імаверна, ён мог бачыць даўгія ланцугі вайсковай тэхнікі, што ў гэты момант пакідалі Кіеўскую вобласць, але наўрад ці яны дужа зацікавілі птушку. Новая хваля непагоды спыніла Бараўца ў вярхоўі вадасховішча ўсяго за 20 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. Гэтым разам прыпынак быў даўжэйшы – з 31 сакавіка да 3 красавіка ўключна. Месца было спакойнае. Выбухаў гармат ужо не было чуваць. Расейскія вайскоўцы за гэты час мусілі сысці з Чарнобыльскай зоны і з усіх астатніх напрамкаў вакол Кіева. Баравец харчаваўся балотнымі птушкамі ды жывёламі, што хаваліся ў прыбярэжным трыснягу, наведваўся таксама на палі ля бліжэйшай вёскі.

Месца прыпынку Бараўца 31 сакавіка – 3 красавіка 2022 ў вярхоўі Кіеўскага вадасховішча. Фота: Dmitry Dmitdino, Google Earth

4 красавіка падзьмуў спадарожны вецер з поўдня, сагнаў хмары з неба, і Баравец праз 4 гадзіны ўжо дабраўся да роднага гнязда ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. На шчасце, верталёты, якія цягам апошняга месяца кожны дзень прасавалі паветра запаведніка, ўжо выправіліся адсюль следам за іншымі расейскімі войскамі. Таму Баравец мог спакойна займацца сямейнымі клопатамі. Дарэчы, ён паспяхова выгадаваў птушаня ў 2022 годзе.

Самка Элені патрапіла ва Ўкраіну значна пазней. 4 красавіка ўвечары яна засталася на начлег у Адэскай вобласці. Наступны дзень надвор’е зноў спрыяла міграцыі і Элені к вечару патрапіла ў заходнія наваколлі Кіева, дзе пераначавала ў пойме рэчкі Ірпень. Баявыя дзеянні тут спыніліся некалькі дзён таму. У паводзінах самкі не было нічога незвычайнага. Раніцай 6 красавіка яна спакойна рушыла далей. Яе шлях ляжаў праз сумна вядомыя мясціны – Ірпень, Буча, Гастомель, дзе яшчэ нядаўна адбываліся жудасныя падзеі. Вядома, птушцы няма справы да вар’яцтва людзей. На наступны дзень яна была ўжо на сваім гняздзе ў запаведніку непадалёк ад Бараўца. Яе гнездавы сезон склаўся не так удала, як у суседа. Птушаня Элені загінула па невядомай прычыне ў сярэдзіне лета.

Малады вялікі арлец. Фота: Адам Эштан-Бат.

Астатнія арляцы ляцелі ўвесну 2022 года значна заходней, дзе вайна адчувалася толькі выбухамі ў вялікіх гарадах. Малаверагодна, што яна закранула арляцоў. Усе яны паспяхова дабраліся да сваіх гнёздаў. Самым хуткім сярод іх, як і раней, быў Блонд, які прыляцеў на Альманскія балоты 17 сакавіка. Большасць птушак скончыла міграцыю троху пазней – у першай дэкадзе красавіка. Самым марудным выявіўся Вялута, які прыляцеў дадому аж 20 красавіка. Дарэчы, гата самая позняя дата вяртання беларускага вялікага арляца з выраю за 5 даследаваных вясновых сезонаў”.

Вайна ва Украіне дала арнітолагам не толькі шмат нагод для роздуму, але і матэрыял для навуковага даследавання. Мы чакаем, што будзе падрыхтавана навуковае даследаванне, прысвечанае ўплыву ваенных дзеянняў на адметнасці міграцыі вялікіх арляцоў. А пакуль што зычым птушкам бяспечнага палёту да іх гнёздаў: Палессе чакае іх.

Галоўнае фота: вялікі арлец у палёце. Здымак Дэніела Розенгрэна.
Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.