Новае партнёрства дзеля прыроды Палесся

Нашы планы па аднаўленні водна-балотных угоддзяў ва Украіне цяпер падтрымлівае Фонд Мікаэля Зукава. У гэтым новым партнёрстве нашы калегі працуюць над навукова-тэхнічным абгрунтаваннем паўторнага забалочвання асушаных тарфянікаў ва ўкраінскай частцы Палесся.

Экасістэмны падыход: на карысць прыроды і людзей

Заснаваны ў 1997 годзе, Фонд Мікаэля Зукава ўдзельнічае ў праектах па ахове прыроды, змякчэнні наступстваў змены клімату, кіраванні ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі і ўстойлівым землекарыстанні на чатырох кантынентах, працуючы з рознымі відамі прыродных ландшафтаў. Арганізацыя мае вялікі вопыт працы ў постасавецкіх краінах, у тым ліку ва Украіне.

Не так даўно каманда Фонда Зукава рэалізавала праект “Экасістэмная адаптацыя да зменаў клімату і ўстойлівае рэгіянальнае развіццё праз пашырэнне магчымасцей украінскіх біясферных рэзерватаў”. Экасістэмны падыход абапіраецца на ахову, устойлівае кіраванне і аднаўленне экасістэм з мэтай захавання альбо ўзнаўлення іх натуральных уласцівасцей. У сваю чаргу экасістэмы, якія ўстойліва і паўнавартасна функцыянуюць, забяспечваюць людзям жыццёва важныя экасістэмныя паслугі.

Перавагі экасістэмнага падыходу прадэманстравалі на практыцы на трох пілотных участках, што належаць да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Украіны. Кожны з іх можа пахваліцца адчувальнымі і вымернымі вынікамі. Напрыклад, дзякуючы паўторнаму забалочванню ўчастка ў прыродным рэзерваце Расточча, прыродныя пажары тут больш не здараюцца, а тэмпература зямной паверхні панізілася.

Навуковыя веды і палявы вопыт спецыялістаў Фонда Зукава абагулены ў пераліках рэкамендаваных ахоўных мер для розных тыпаў экасістэм, у тым ліку балот. Імі можна кіравацца падчас планавання перспектыўнага аднаўлення водна-балотных угоддзяў Палесся.

Балотны масіў у Нацыянальным парку "Прыпяць-Стаход", Палессе, Украіна. Фота: Даніэль Розенгрэн

Наноў ацэньваючы каштоўнасць “здаровых” балот

Аднаўленне водна-балотных угоддзяў апошнім часам часта трапляе ў цэнтр увагі ва Украіне. На тое ёсць шэраг прычын. Балоты Палесся інтэнсіўна асушаліся, пераважна для патрэб сельскай гаспадаркі, у 50-80-я гады 20-га стагоддзя. Гэта парушыла гідралагічны рэжым усяго рэгіёна. У выніку сельскагаспадарчыя землі дэградавалі і ў многіх выпадках былі пакінуты. Акрамя таго, панізіўся ўзровень грунтовых вод, больш частымі сталі засухі і пажары. Асушаныя і дэградаваныя тарфянікі – крыніца парніковых газаў. А прыродныя пажары прыводзяць да забруджвання паветра небяспечнымі рэчывамі – менавіта праз іх Кіеў у 2020 і 2021 гадах трапіў у лік гарадоў з асабліва высокім узроўнем забруджанасці паветра.

У той жа час непарушаныя водна-балотныя ўгоддзі змякчаюць наступствы кліматычных змен дзякуючы сваёй здольнасці паглынаць і ўтрымліваць вуглярод. Функцыянуючы натуральна і паўнавартасна, яны абараняюць людзей ад надзвычайных прыродных з’яў, такіх як засухі, паводкі, пажары. Водна-балотныя ўгоддзі працуюць як “ныркі прыроднага ландшафту”, акумулюючы і фільтруючы ваду. Важнасць водных рэсурсаў Палесся для Украіны выключная.

Вольга Дзянішчык, навуковы каардынатар праектаў Фонда Мікаэля Зукава
“Палессе ўнікальнае і крохкае. Акрамя прыгажосці, біяразнастайнасці, культурных і гістарычных каштоўнасцей, яно валодае стратэгічнымі воднымі рэсурсамі, з якіх сілкуецца Дняпро. А гэтая рака забяспечвае вадой дзве траціны ўкраінцаў! Мне вельмі пашчасціла працаваць у сферы аховы і аднаўлення прыроды. І гэта найшеплая праца, якую я толькі магла сабе ўявіць”.

Ваенны канфлікт, які ўспыхнуў ва Украіне летась, нагадаў пра яшчэ адну важную ролю балот, шмат разоў правераную цягам гісторыі: цяжка пераадольныя, топкія непарушаныя балоты служаць натуральным прыродным бар’ерам. Акрамя таго, натуральны водны рэжым водна-балотных угоддзяў мінімізуе рызыку пажараў, выкліканых выбухамі альбо абстрэламі.

Ператвараем жаданні ў планы

Цяпер, калі аднаўленне водна-балотных угоддзяў ва Украіне можа з вялікай імавернасцю знайсці падтрымку з боку розных груп зацікаўленых людзей, Франкфурцкае заалагічнае таварыства і Фонд Міхаэля Зукава аб’ядноўваюць свае веды і вопыт, каб надаць новы імпульс гэтай важнай працы. Спецыялісты фонда зараз працуюць над абгрунтаваннем аднаўлення некалькіх перспектыўных участку ва ўкраінскай частцы Палесся, у тым ліку – Рамсарскіх тэрыторый.

Анатоль Смалійчук,  кандыдат геаграфічных навук, эксперт па геаінфармацыйных сістэмах
“На маю думку, балоты і стараўзроставыя лясы на Палессі трэба аднаўляць найперш. Асушэнне і высечка лесу – гэта раны, якія наўрад ці можна загаіць у поўнай меры. Але мы мусім паспрабаваць, бо іначай натуральныя ландшафты, якія мы бачым сёння, будуць страчаны назаўжды. Важна і тое, што мясцовая культура і звычаі цесна пераплецены з прыродай гэтага краю, а значыць, і яны таксама апынуліся пад пагрозай заняпаду”.

Мяркуецца, што комплексная ацэнка тэрыторый, якія могуць падлягаць аднаўленню, закране шмат аспектаў – ад геаграфічнай, экалагічнай і гідралагічнай характарыстык да юрыдычнага статусу тэрыторый і аналізу асоб і супольнасцей, зацікаўленых і здольных паўплываць на гэты працэс. Гэта дазволіць экспертам вызначыць участкі з найлепшымі перспектывамі паспяховага аднаўлення, спланаваць комплекс практычных мер па яго рэалізацыі і такім чынам зрабіць нашы супольныя намаганні дзеля прыроды Палесся максімальна эфектыўнымі і плённымі.

Загалоўнае фота: Вяртлявая чаротаўка на палескім балоце. Фота: Даніэль Розенгрэн

Дадзены праект з’яўляецца часткай праграмы абароны наземных і марскіх ландшафтаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (Endangered Landscapes & Seascapes Programme), і фінансуецца са сродкаў фонду «Аркадзія». Праект каардынуецца Франкфурцкім заалагічным таварыствам.